У цэнтры сталіцы працягваюць ствараць першы ў краіне музейны квартал.

Нацыянальны мастацкі музей вядзе адлік сваёй гісторыі ад заснавання Дзяржаўнай мастацкай галерэі. Яна адчыніла дзверы ў 1939-м і знаходзілася ў будынку колішняй жаночай гімназіі (сёння — вуліца Карла Маркса, 29). У 1944-м, пасля вызвалення Мінска ад гітлераўцаў, для патрэб галерэі выдзелілі ўсяго чатыры пакоі ў Доме прафсаюзаў, што месціўся на плошчы Свабоды.

Толькі ў 1957 годзе паўстаў корпус Дзяржаўнага мастацкага музея БССР па вуліцы Леніна, 20, паводле праекта Міхаіла Бакланава. З часам і тут зрабілася відавочнай нястача памяшканняў як для экспазіцыі, так і для фондаў ды адміністрацыі, таму ў 2007-м узвялі масіўную прыбудову ў двары. Але гэта быў хіба пачатак пашырэння музейнай прасторы.
КАМФОРТНАЕ АСЯРОДДЗЕ
Ідэя арганізаваць адзіны комплекс з’явілася яшчэ ў пачатку 2000-х, а да яе рэалізацыі прыступілі ў 2010-х. Такія пляцоўкі існуюць у многіх краінах і арыентаваны на стварэнне камфортнага асяроддзя і для наведвальнікаў, і для работнікаў. Пасля завяршэння ўсіх рэстаўрацыйных і будаўнічых прац музейны квартал Нацыянальнага мастацкага займее наступную структуру: галоўны корпус (вуліца Леніна, 20), адміністрацыйна-выставачны корпус (Леніна, 22), выставачны корпус (Карла Маркса, 24) і рэстаўрацыйны корпус (Кірава, 25). Усе яны будуць злучаны прыбудовамі альбо пераходнымі галерэямі. У цэнтры ансамбля раскінецца ўтульны дворык са скульптурамі.

Рэстаўрацыйны корпус
У снежні 2021 года ўрачыста адкрылі выставачны і рэстаўрацыйны карпусы. У доме па вуліцы Карла Маркса, 24, размясціліся не толькі новыя экспазіцыйныя залы, якія занялі два паверхі, але і мастацкая студыя, кнігарня ды сувенірная крама з зонай кафэ, а таксама рэстаран. Была якасна ўдасканалена музейная інфраструктура. Стварылі і безбар’ернае асяроддзе. На тым этапе ў будаўніцтва і рэканструкцыю ўклалі 95 мільёнаў рублёў
ВЯРТАННЕ ВОБРАЗАЎ
Увод у эксплуатацыю першай чаргі музейнага комплексу Нацыянальнага мастацкага значна палепшыў матэрыяльна-тэхнічную базу рэстаўрацыйных майстэрняў і, па сутнасці, заклаў падмурак буйнога рэстаўрацыйнага цэнтра. Пасля рэканструкцыі дома па вуліцы Кірава, 25, атрыманага скарбніцай яшчэ ў 1989 годзе, былі выдзелены дадатковыя пляцоўкі для навукова-даследчых і рэстаўрацыйных майстэрняў.
Дзякуючы 14 новым памяшканням плошча рэстаўрацыйных майстэрняў павялічылася да 1398 квадратных метраў. Тут знаходзяцца чатыры майстэрні па рэстаўрацыі алейнага жывапісу, чатыры майстэрні сектара рэстаўрацыі старажытнабеларускага мастацтва і чатыры майстэрні сектара рэстаўрацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у тым ліку майстэрні па рэстаўрацыі прадметаў з тканіны, металу, дрэва і фарфору, а таксама для пакрыцця лакам і для рэстаўрацыі буйнафарматнага жывапісу.
Акрамя таго, на Кірава, 25, адчыніліся восем фондасховішчаў, абсталяваных спецыяльнымі сістэмамі захоўвання музейных прадметаў і калекцый. Бібліятэка ўстановы мае новую пляцоўку: ёсць асобнае кнігасховішча, аснашчанае сучаснымі мабільнымі сістэмамі, і чытальная зала з камп’ютарызаванымі рабочымі месцамі.
ПАШЫРЭННЕ ДАЛЯГЛЯДАЎ
У рамках Дзяржаўнай праграмы “Культурная прастора” (2026—2030) на працы ў музейным квартале выдаткуюць амаль 9 мільёнаў рублёў. У працэсе мяркуецца павелічэнне фінансавання.

Будынак па вуліцы Леніна, 22
Адмыслоўцы прыступілі да ўзвядзення чатырохпавярховай прыбудовы з мансардай, якая злучыць галоўны корпус з суседнім домам па вуліцы Леніна, 22 (на рагу з Кірава). Камяніца паводле праекта архітэктараў Івана Боўта і Яўгеніі Гурарый паўстала ў 1950-я як адміністрацыйны корпус, а скарбніцы была перададзена ў 1999-м.
Цяпер тут пачалася рэканструкцыя, умацоўваюцца сцены, плануецца замена перакрыццяў, сцен, кроквеннай сістэмы і даху. Чакаецца, што два паверхі будуць заняты адміністрацыйнымі памяшканнямі, яшчэ два — экспазіцыямі мастацтва краін Еўропы і Усходу, а мансарда — студыяй і лекцыйнай залай.
На чэрвень прызначаны старт прац у галоўным корпусе. Яны мусяць завяршыцца да канца наступнага года. Фінал будаўніцтва і рэканструкцыі ў музейным квартале намечаны на 2027-ы. З рэспубліканскага бюджэту на гэтыя патрэбы мяркуюць накіраваць 123,5 мільёна рублёў.

Інтэр’ер галоўнага корпуса
Нацыянальны мастацкі пакрысе становіцца вялізнай арт-прасторай, дзе наведвальніку камфортна прабавіць хоць цэлы дзень.

У выставачным корпусе
А сучасная матэрыяльна-тэхнічная база і істотнае пашырэнне плошчаў дадуць супрацоўнікам магчымасць развіваць выставачную і асветніцкую дзейнасць, забяспечаць лепшыя ўмовы для захавання і рэстаўрацыі твораў мастацтва.

Галоўны корпус
Антон РУДАК. Фота з сайта музея і архіва "К"