“Макбет” як прастора кантрастаў

На сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача трывала прапісаўся праект “ТрыТфармаТ”. Гэтым разам аўтары звярнуліся да п’есы “Макбет” Уільяма Шэкспіра. Зацікаўлены дыялог пра спектакль вядуць крытыкі Надзея Бунцэвіч і Яўгенія Бачыла.

Яўгенія: Даўно сачу за маладым, але вельмі актыўным, пладавітым рэжысёрам Таццянай Самбук. Яе спектаклям уласцівыя шчымлівыя музычныя нумары, сумяшчэнне гратэскных і экзістэнцыйных матываў, чароўны візуальны вобраз. Аднак цяперашняе ўвасабленне “Макбета” ўяўляецца шмат у чым знакавым, бо дэманструе гатоўнасць перайсці на новы ўзровень працы з літаратурным, драматургічным матэрыялам. Раней пастаноўшчыца адштурхоўвалася найперш ад фабулы пэўнага твора. Сюжэты Антона Чэхава, Міхаіла Лермантава, Льва Талстога, Аляксандра Пушкіна, Аляксандра Астроўскага, Міхаіла Булгакава, Аляксея Дударава нібы рабіліся полем для раскрыцця бязмежнай тэмы кахання, яго розных адценняў, далейшых варыянтаў развіцця ці, наадварот, знікнення. Цяпер рэжысёр імкнецца паглыбіцца ў сам тэкст, услухацца ў шэкспіраўскія матывы, ідэі, рытмы, а не проста прадставіць погляд на іх. Важныя тут словы, маналогі, рэплікі. Пры гэтым Таццяна Самбук захоўвае свой стыль, накіраванасць да эксперымента. Але рысы пазнавальнага аўтарскага почырку становяцца элементамі гісторыі, напісанай вялікім класікам. Мэта ж — паказаць свет Макбета такім, якім яго мог задумваць сам Шэкспір.

Надзея: І ў выніку, як заўжды, узнікаюць нечаканыя трактоўкі. Да прыкладу, новае сюжэтнае адгалінаванне, новы сэнс набывае апошняя сцэна. Макдуф (Андрэй Дабравольскі), як і належыць, забівае Макбета. А потым, літаральна ў апошняе імгненне спектакля, раптам робіць харакіры. Такі фінал успрымаецца не як клічнік, нават не як шматкроп’е, а як пытальнік, што вымушае гледача шукаць адказ.

Я.: Так, разам з мастаком-пастаноўшчыкам Юрыем Саламонавым рэжысёр стварыла прыгожы, аднак жахлівы сусвет — прастору, якая “забівае” чалавечнасць. Сістэму жыцця, дзе вельмі проста згубіць самога сябе. Сцэнічны варыянт класічнай гісторыі пачынаецца са з’яўлення трох вядзьмарак. Яны апрануты ў светлае адзенне, якое ў цемры бачыцца не як “прамень святла ў цёмным царстве”, а як каталізатар своеасаблівай сусветнай хваробы. Гэта падкрэсліваюць і “мёртвыя” інтанацыі актрыс.

Н.: Сапраўды, мастакі па касцюмах Алеся Кукуля, Марыя Гарэлая распрацавалі неадназначныя абліччы вядзьмарак. Белы колер надае ім рысы антычных мойраў — трох сёстраў-багінь, што прадуць ніткі людскіх жыццяў. А доўгія, страшныя кіпцюры асацыіруюцца з вострымі ледзяшамі, здольнымі прынесці імгненную смерць. Яшчэ большую таямнічасць навяваюць спевы і пластыка, пастаўленая Кірылам Балтруковым, якая літаральна заварожвае, амаль гіпнатызуе. Разам з тым вядзьмаркі нагадваюць і плакальшчыц, асабліва ў сцэне, калі яны абмываюць цела забітага караля Дункана ў выкананні Сяргея Лапаніцына.

Н.: У спектаклі ўзнікае няўлоўнае славянскае адценне, падкрэсленае песеннасцю, блізкай да фальклору, уключэннем цытаты з “Лебядзінага возера” Чайкоўскага, пад якую адбываецца штосьці накшталт адпявання. Ды і галаўныя ўборы згаданых гераінь падобныя і на бінты, і на беларускія наміткі. Вядзьмаркі з такой пяшчотай дакранаюцца да нябожчыка, што быццам спачуваюць яму, як звычайныя жанчыны, а не як прадстаўніцы тагасветных сіл. Складанай натурай паўстае і лэдзі Макбет (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вера Палякова-Макей).

Я.: Жонка Макбета тут — жанчына, якой насамрэч не патрэбныя ўлада, тытулы. Яна гатова на ўсё дзеля мужа, што ў выніку прывядзе гераіню да вар’яцтва і смерці. Здаецца, персанажы не жадаюць быць забойцамі, аднак сама прастора нібы не дазваляе ім быць Людзьмі.

Н.: Мы зноў вярнуліся да сцэнаграфіі, што мае вельмі простае, даволі распаўсюджанае сёння рашэнне, але ахоплівае ўвесь аб’ём — ушыр, углыб, увышыню. А галоўнае — вельмі добра перадае і эмацыйную танальнасць пастаноўкі, і яе сэнс...

Я.: ...І саму прыроду свету, дзе існуюць героі. Дэкарацыя ўяўляе сабой доўгую шырму. Яна працуе як сцены, калідор, дзверы, што вядуць у небыццё. На працягу спектакля канструкцыя візуалізуе, нават узмацняе духоўную, экзістэнцыйную пустэчу, з якой складаецца паказанае каралеўства. Вельмі ўражвае фрагмент, калі шырма дзеліцца на дзве часткі, паміж якімі апынаюцца Макбет і яго жонка. Сцены рухаюцца на герояў, аднак лэдзі стрымлівае іх, чым вызваляе мужа — той зусім страціў сябе, свой розум. У іншы момант доўгая шырма перавернецца і будзе нагадваць дзверы ў службовых памяшканнях. Але на гэтых дзвярах мы ўбачым прадказальны надпіс — “Выхаду няма”. Ужо нельга аспрэчыць бег часу. Толькі крочыць насустрач усяму, што прыгатаваў свет.

Н.: Многае будуецца на кантрастах. Побач з трагедыяй — адкрытая клаўнада, пародыя, эксцэнтрыка. Побач з песняй “Мы хочам танцаваць” — малітвенае “Царства нябеснае”. З кантрастаў складаецца і постаць цэнтральнага героя. Спачатку Макбет — з прамяністай усмешкай, бы сімвал святла, дабрыні, маладосці і бліскучай перамогі.

Я.: А калі прадказваюць, што ён стане каралём, ніякай радасці ў персанажа няма — толькі адчай, сумненні. Макбет знікае ва ўласнай цемры.

Н.: У яго пачынаюцца ледзь заўважныя канвульсіі. Здаецца, у гэты момант герой ужо прадбачыць сваю смерць — і ўсё роўна ідзе ёй насустрач. Вось толькі — дзеля чаго? Пытанне рытарычнае.

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА