Фальклорна-забаўляльная праграма «У Граўжышках гармонік грае — адпачыць усіх запрашае» прайшла ў сельскім клубе аграгарадка Граўжышкі Ашмянскага раёна.



Сваімі думкамі наконт мерапрыемства, якое прывабіла і дарослых, і дзяцей, падзялілася з рэдакцыяй газеты «Культура» Алеся Маліноўская, загадчык аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК:

— Мода — з'ява непрадказальная і капрызная, а пра густ і наогул не спрачаюцца. Але заўсёды будзе ў модзе гармонік, які грае і бярэ за душу. Або баян. Ці цымбалы, якія лашчаць слых. Або мілагучная скрыпка.

І калі на вялікую (ці маленькую — не мае значэння!) сцэну выходзіць выканаўца народнай песні, не застаецца раўнадушных. Тлумачэнне, на мой погляд, відавочнае: прываблівае сапраўднасць і прыцягненне да вытокаў.

Але найбольш радуе тое, што маладое пакаленне прымае актыўны ўдзел!
kultura-info.by