Узімку акунуцца ў атмасферу свята “Купалле”, на дракары прайсці “шлях з варагаў у грэкі”, сустрэцца з “ветлівым ліхтаром” і зрабіць фота з гадзіннікам Шагала? Усё магчыма на выставе “Мая Беларусь”, якая працуе ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры “БелЭкспа” да 23 лютага.

Наша краіна багатая на славутасці. Пра нацыянальныя здабыткі і гонар на выставе распавядаюць 13 тэматычных зон, якія раскінуліся ажно на 37 тысячах квадратных метраў! Завітаем на адну з іх — “Традыцыі і культурная спадчына”, найбольш для нас актуальную. А паколькі разгледзець усе шматлікія пляцоўкі за дзень дакладна не паспеем, прабяжымся па самых мнагалюдных: даведаемся, чым там бавяць народ.
МАР’ІНА ГОРКА
Адмыслоўцы з гэтага гарадка прывабліваюць наведвальнікаў ткацтвам. Найстарэйшым разнавіднасцям яго узораў ужо больш за тысячу гадоў! Авалодаць рамяством няпроста, але майстрыхі з Мар’інай Горкі ўпэўнена дэманструюць гэты працэс на выставе і даюць магчымасць ахвотнікам паспрабаваць сябе ў складанай справе.

— Ткацтвам займаюся больш за 10 гадоў. Усяляк імкнуся ўкараніць спрадвечнае ў вырабах, каб традыцыя не забывалася. Людзі павінны бачыць, як прыгожа нацыянальныя ўзоры могуць сумяшчацца з цяперашнім адзеннем, — распавядае Вольга Верашчака з Пухавіцкага раённага клуба “Мар’іна скарбніца”. У Мінск рамесніца прывезла і сваю эксклюзіўную працу — “Вясновы павадак”, створаную з натуральнай воўны і ўпрыгожаную крышталём.

Яе калега, Джульета Слемзіна, стварае лялек-берагінь. Такі славянскі кужэльны абярэг вырабляецца адмысловым метадам матання без выкарыстання іголак. Даўней верылі: лялька прыносіць яе ўладальніку моцнае здароўе і дабрабыт у сям’і, а таксама не дазваляе прычапіцца злому духу.

ВІЦЕБСК
У карцінах Марка Шагала пераклікаюцца асаблівасці фальклору ХХ стагоддзя і сюррэалістычныя матывы. Стыль мастака фармаваўся ў Віцебску. Тут былі напісаны яго першыя палотны “Я і вёска”, “Скрыпач”. Хто не хацеў бы далучыцца да генія? На выставе гэта можна зрабіць: гадзіннік з аднайменнай карціны прывёз Віцебскі абласны краязнаўчы музей, каб кожны ахвотнік дакрануўся да мастацтва! Дэманструюцца на гэтым стэндзе і сучасныя таленты.
— У нас прадстаўлены адразу тры творы Яўгена Палавінскага, — распавядае Лізавета Заблоцкая, старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. — Гэта праект, прысвечаны “Славянскаму базару”, лаўка “Сядзейка” і ветлівы ліхтар. Калі паціснуць яму руку, то ліхтар у адказ падыме капялюш.
Тут жа можна вярнуцца ў мінулае і разгледзець макет горада на Дзвіне пачатку ХХ стагоддзя. Малюнак вельмі адрозніваецца ад сённяшніх Віцебскіх краявідаў, бо 93% жылога фонду таго перыяду было знішчана падчас вайны…
КАЛІНКАВІЧЫ
Па дадзеных археолагаў, людзі пасяліліся на месцы цяперашніх Юравіч каля 26 тысяч гадоў да нашай эры. Пра гэта гаворыць самая старажытная першабытная стаянка ў Беларусі, якая была знойдзена ў 1929-м на высокім беразе ракі Прыпяць. Цяпер там працуе Музей пад адкрытым небам. Ён ўяўляе сабой узноўленую навукоўцамі і будаўнікамі стаянку краманьёнцаў. На ёй сабралі калекцыю крэмневых прадметаў і пастараліся ўзнавіць побыт таго часу.

— “Музей пад адкрытым небам — стаянка першабытнага чалавека ў населеным пункце Юравічы Калінкавіцкага раёна” — унікальная пляцоўка, — распавяла Алена Есьман, дырэктар Калінкавіцкага краязнаўчага музея. — У 2006-м падчас раскопак археолагі выявілі рэшткі маманта ў Юравічах і вырашылі назваць яго Юрыкам. Так у нас і з’явіўся сімвал. Цяпер Юрык — вельмі вядомая асоба!
Падчас прадстаўлення экспазіцыі 21 студзеня ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь яму асабіста паціснула руку Наталля Іванаўна Качанава.
МАГІЛЁЎ
А вы ведалі, што на тэрыторыі Беларусі ў бронзавым веку сваёй бронзы не было? Пра гэта расказаў Глеб Панкевіч, навуковы супрацоўнік аддзела навукова-фондавай работы Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава. Да таго ж не было ні волава, ні медзі. Вырабы з такіх металаў у нас лічацца вельмі рэдкімі, амаль адзінкавымі, і таму асабліва каштоўнымі. На выставе “Мая Беларусь” дэманструюцца некаторыя экзэмпляры, сярод якіх — сякера кельт.
— Потым на нашых землях з’яўляецца больш жыхароў, пачынаецца гандаль і абмен, — распавядае музейшчык. — Ёсць знаходкі першых славянскіх ўпрыгожанняў: лунніцы — вырабы з Падняпроўя, якімі аздабляліся жанчыны.

Таксама фібулы — засцежкі для вопраткі. Яны заўсёды навідавоку і перадаюць сацыяльны статус чалавека: чым раскошнейшыя і прыгажэйшыя фібулы, тым больш значная асоба перад намі.
ЛАГОЙСК
Гэтая пляцоўка прысвечана Канстанціну і Яўстаху Тышкевічам — піянерам беларускай археалогіі і этнаграфіі. Канстанцін паклаў пачатак вывучэнню гарадоў Лагойска і Заслаўя, даследаваў старажытныя гарадзішчы. Ён першы на Беларусі пачаў ствараць тапаграфічныя планы гэтых помнікаў. Малодшы брат Яўстах сваю навуковую дзейнасць пачаў з раскопак курганоў у ваколіцах Лагойска.
— Наш праект называецца “Раскапай гісторыю”, — распавядае Наталля Мяхетка, дырэктар Лагойскай раённай цэнтральнай бібліятэкі, якая прыехала на выставу з задумай Лагойскага гісторыка-краязнаўчага музея імя Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў. — Сутнасць у тым, каб пагрузіць дзетак у атмасферу таго часу і падзяліцца фактамі з мінуўшчыны Беларусі. Наведвальнікі працуюць, як сапраўдныя археолагі, шуфлікам і пэндзлікам.

У выніку раскопак можна выявіць гербы, даведацца каму яны належаць і знайсці адпаведны пункт на карце. Дзецям вельмі падабаецца, гульня ідзе жвавенька! І такіх пазнавальна-забаўляльных інтэрактываў на “БелЭкспа” шмат. Каб паўдзельнічаць у кожным, не хопіць дня. А каб даведацца пра ўсе скарбы роднай зямлі — мабыць, і жыцця…






Але ж паспрабуем хоць трохі прыадкрыць заслону таямніцы і натхніцца цудамі нашай краіны на выставе “Мая Беларусь”.
Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота аўтара