На Віцебшчыне інсітнае мастацтва не проста існуе — да яго ставяцца як да часткі жывой культурнай памяці. Галоўным носьбітам гэтай унікальнай спадчыны з’яўляецца народная студыя мастакоў-аматараў “Контур”, найстарэйшае ў вобласці аб’яднанне творцаў, што гаворыць са светам мовай фарбаў.

АДКРЫЦЦІ З ЦІКАВАСЦІ
Клуб нарадзіўся на базе Віцебскага Дома народнай творчасці ў 1947-м як студыя выяўленчага мастацтва для мастакоў-самавукаў. Ужо ў 1988-м яму было нададзена ганаровае званне “народнага”. Зараз калектыў узначальвае Анастасія Мядзведзева — выпускніца мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава, якая мае больш за 20 гадоў педагагічнага стажу, пераважна ў працы з дзецьмі. Менавіта гэты досвед і падштурхнуў да асабістага прафесійнага пераасэнсавання.
— Калі я пачала праводзіць у Віцебску заняткі для людзей сталейшага ўзросту, стала відавочна, наколькі гэта запатрабавана, — згадвае Анастасія Уладзіміраўна. — Універсітэт даў разуменне працы з моладдзю, але пра мастацкую адукацыю для тых, хто ўжо мае жыццёвы досвед, амаль не гаварылі. Ці магчыма гэта? Ці мае сэнс? Адказы знайшла ў “Контуры” — адзіным дзяржаўным аб’яднанні, якое ўжо дзесяцігоддзямі прафесійна працуе з дарослымі. Для мяне гэта сапраўды стала адкрыццём. Хаця я вырасла ў творчым асяроддзі, пра клуб раней не чула. Мабыць, з цікавасці тут і апынулася.
ПРЫНЦЫПЫ ПРОСТЫЯ
Сёння ў “Контуры” — 47 чалавек. Каля траціны — ганаровыя члены, для якіх студыя даўно стала часткай жыцця. Яшчэ каля 30% — чальцы з вялікім стажам, якія прайшлі шлях як мінімум з трыма кіраўнікамі. Астатнія 40% — новыя ўдзельнікі.

— Знайсці падыход да творчых людзей — справа няпростая, асабліва калі ты ўдвая маладзейшы за іх, — адзначае Анастасія Мядведзева. — Большасць нашых “контураўцаў” — пенсіянеры. Людзі, якія раптам зразумелі, што на заслужаным адпачынку жыццё не заканчваецца, а толькі пачынаецца. Таму мае прынцыпы даволі простыя: выслухаць, падтрымаць, разам знайсці рашэнне. Як і ў працы з дзецьмі, тут важна пачуць кожнага.
Асобным натхненнем для кіраўніка становіцца моладзь — студэнты мастацкіх навучальных устаноў, якія таксама далучаюцца да клуба.
— З аднаго боку, гэта ўскладняе працу, з другога — пашырае творчыя гарызонты і для вопытных, і для пачаткоўцаў. Агульныя выставы дапамагаюць не баяцца заявіць пра сябе, а абмеркаванне работ вучыць разважаць пра мастацтва не праз крытыку, а праз колер, кампазіцыю, ідэю…
Менавіта з такога дыялогу — уважлівага і адкрытага — і нараджаецца разуменне задач студыі.
— Наша галоўная місія — захаваць самабытных творцаў, — падкрэслівае Анастасія Уладзіміраўна. — Знайсці іх нават у глыбінцы, дзе малюнкі гадамі стаяць за печкай, і адкрыць іх шырокай публіцы. Шукаем новыя імёны, узмацняем іх крокі, знаёмім з асновамі мастацкай граматы, тэхнікамі, гісторыяй і стылямі, але галоўнае — ствараем прастору, дзе майстры і аматары могуць тварыць разам.
ПРАЗ СВЯТЛО НАІЎНАСЦІ
Асобны напрамак клуба — інсітнае мастацтва, уключанае з 2020 года ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
— Гэта наша першая іскра, з якой усё пачалося, — тлумачыць суразмоўца. — Інсітнаму мастацтву нельга навучыць, але яго трэба берагчы і падтрымліваць. Калі выязджаем у рэгіёны, у райцэнтры, кожны раз здзіўляемся: колькі твораў, у якіх адлюстравана сапраўднае жыццё — лёсы, мясціны, гісторыя краю. Глядзіш на гэтыя светлыя выявы — і адчуваеш цеплыню іх адкрытасці і дабрыні.
Сёння, калі мастакоў шмат і вакол пануе інфармацыйны шум, асабліва не хапае простых, непасрэдных вобразаў — ката на лаўцы, бабуліных рук, тых самых работ ад сэрца, крыху наіўных, часам “няправільных”, але надзвычай шчырых.

Менавіта тут, у “Контуры”, бухгалтары, лекары, інжынеры пачынаюць рэалізоўваць свае даўнія мары. І нараджаюцца гісторыі, якія не пакідаюць абыякавымі. Да прыкладу, творчасць Антаніны Маісеевай.
— На яе апошняй выставе плакалі ўсе, — згадвае кіраўніца. — Яна — дзіця вайны. Свае ўспаміны Антаніна Максімаўна перанесла ў невялікія жывапісныя малюнкі з тэкстамі. Пра родны дом, пра ночы, калі з акна глядзелі на велікодны хрэсны ход, пра цяжкасці і… пра любоў. Марым выдаць невялікую кнігу з яе работамі. Гэта памяць, якую трэба захаваць.
КРОК ДА ВЕЧНАСЦІ
Студыя жыве надзвычай актыўна: толькі за 2025 год — 77 праектаў. Удзел у міжнародных ініцыятывах, прызавыя месцы на конкурсах, пленэры, перадача карцін у музеі. І гэта толькі частка здзейсненага.

Наперадзе — новыя задумы: творчыя сустрэчы ў Полацку, праекты да Года беларускай жанчыны, серыі партрэтаў герояў працы і вайны, мастацкае асэнсаванне архітэктурнай спадчыны Беларусі. І, безумоўна, галоўная мара.
— З моманту майго прыходу пастаянна чую ад удзельнікаў адну і тую ж думку, — прызнаецца Анастасія Мядзведзева. — Музей мастакоў-аматараў, музей інсітнага мастацтва. Прастора, дзе чалавек можа распавесці пра сваё жыццё мовай творчасці. Многія гатовы перадаць свае працы ў фонд.
Пакуль гэта толькі ідэя. Але ж усе вялікія справы з яе і пачынаюцца. “Контур” — месца, дзе мастацтва дыхае сэрцам, дзе мінулае не губляецца, а будучыня нараджаецца са шчырасці і любові.

І, магчыма, менавіта тут сёння захоўваецца тое, што заўтра стане культурнай памяццю краіны.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву