Праграмай “Культурная прастора” на 2026—2030 гады прадугледжана рэстаўрацыя шэрага мінскіх аб’ектаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей альбо звязаных з нашай сферай.
Усяго на рэалізацыю праграмы выдаткуюць 2,29 мільярда рублёў.
Сродкі на рэстаўрацыю і рэканструкцыю помнікаў гісторыі і культуры будуць выдзяляць як з рэспубліканскага, так і з мясцовых бюджэтаў. У кожнай вобласці і ў Мінску рыхтуюць комплексы мерапрыемстваў для падтрымання належнага стану такіх аб’ектаў, прыстасавання іх пад новыя мэты і ўключэння ў турыстычны абарот. Як ідуць справы ў сталіцы?
НАЙБЛІЖЭЙШЫМ ЧАСАМ
Па звестках упраўлення культуры Мінгарвыканкама, у некаторых мясцінах працы мусяць быць скончаны ўжо сёлета.

Касцёл на Кальварыйскіх могілках
Гэта касцёл Узвышэння Святога Крыжа і ўваходная брама на Кальварыйскіх могілках, узведзеныя ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, а таксама шэсць капліц-пахавальняў другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Дом на Мяснікова, 38, дзе знаходзіўся Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ, пасля рэстаўрацыі прыстасуюць пад адміністрацыйна-гаспадарчыя патрэбы.

Інтэр’ер Палаца грамадзянскіх абрадаў
Акрамя таго, павінна завяршыцца рэканструкцыя ў Палацы грамадзянскіх абрадаў па Камуністычнай вуліцы, 8, дзе ў інтэр’еры плануюць зберагчы такія арыгінальныя элементы сярэдзіны 1980-х, як паркет, люстры, дэкаратыўныя пано і вітражы.

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр
Таксама сёлета стартуюць працы ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры (1981) з уключэннем у аб’ём будынка клуба тонкасуконнага камбіната, які захаваўся з 1930-х. На абнаўленне абсталявання і памяшканняў мяркуюць накіраваць 16 мільёнаў рублёў.
З рэспубліканскага бюджэту таксама вылучаць 95 мільёнаў рублёў на будынак Нацыянальнага гістарычнага музея па Арлоўскай вуліцы. У 2025-м на яго выдаткавалі 86 мільёнаў з бюджэту і яшчэ 5 мільёнаў са сродкаў, сабраных падчас рэспубліканскага суботніка. Цяпер на аб’екце вядуцца аддзелачныя работы, увесну спецыялісты зоймуцца афармленнем экспазіцыйных зал. Чакаецца, што скарбніца адчыніць дзверы для наведвальнікаў увосень.
ЮБІЛЕЙНЫ ГОД
Налета плануюць завяршыць рэстаўрацыю ў комплексе будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея, якая стартавала ў 2014-м. На гэта з рэспубліканскага бюджэту выдзеляць 123,5 мільёна рублёў.

Касцёл Святых Сымона і Алены
Больш за 5,5 мільёна рублёў з гарадскога бюджэту разлічваюць выкарыстаць для аднаўлення касцёла Святых Сымона і Алены.
Акрамя таго, у 2027-м, да 960-годдзя першай летапіснай згадкі Мінска, павінен адкрыцца памятны знак на замчышчы ў пачатку праспекта Пераможцаў, непадалёк ад уваходу на станцыю метро “Няміга”. На жаль, гістарычны рэльеф замкавай гары быў канчаткова страчаны яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Такі сімвалічны элемент вельмі важны: ён дазволіць жыхарам і гасцям сталіцы лепш сарыентавацца, дзе менавіта амаль 10 стагоддзяў таму ўзнік Мінск.

Праект выгляду Пішчалаўскага замка
69 мільёнаў рублёў з мясцовага бюджэту накіруюць на рэстаўрацыю колішняга Пішчалаўскага замка па вуліцы Валадарскага, дзе да 2024-га функцыянаваў следчы ізалятар № 1. Будынак, узведзены ў 1825 годзе, ператворыцца ў шматфункцыянальны комплекс з аб’ектамі грамадскага харчавання і адміністрацыйнымі памяшканнямі. Тут можа з’явіцца і музейная экспазіцыя, прысвечаная мінуўшчыне архітэктурнага помніка. Завяршыць працы мяркуюць у 2028-м.
АПОШНІЯ ШТРЫХІ
Тады ж скончаць рэканструкцыю капліцы-пахавальні Прушынскіх XVIII стагоддзя і млына 1901 года на тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу, на што вылучаць 11,6 мільёна рублёў.
Капліцы — падчас адступлення ў 1944-м яе разбурылі нямецкія войскі, якія зладзілі там склад выбухоўкі, — будзе вернуты першасны выгляд. А ў даўнейшым млыне, што прыйшоў у заняпад у 1970-я, неўзабаве арганізуюць пякарню, кафетэрый і банкетную залу.

Лошыцкі парк
Аб’екты выдатна дапоўняць адноўлены ансамбль Лошыцкага парка, дзе летась у верасні адкрылі пасля рэканструкцыі гаспадарчыя пабудовы ХIХ стагоддзя. Некалі ў іх размяшчаліся службовы корпус, млын і вінакурня, што ў пачатку 2000-х выкарыстоўваліся як жыллё. Цяпер тут гатэль, кафэ і залы для шлюбных цырымоній. Займеўшы новыя аблічча і прызначэнне, чарговыя адрэстаўраваныя часткі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу зробяцца яшчэ адным цэнтрам прыцягнення для мінчукоў і гасцей сталіцы.
Антон РУДАК. Фота аўтара, з матэрыялаў для грамадскага абмеркавання
і Тэлеграм-канала “Пул Первого”