Слова пра Францішка Карпінскага

Сучаснікі называлі яго “паэтам сэрца”. Выбітны літаратар эпохі Асветніцтва, драматург, перакладчык, мемуарыст Францішак Карпінскі (1741—1825) — адзін з найяскравейшых прадстаўнікоў сентыменталізму.

 

Францішак Карпінскі. Ёган Крысціян Бёмэ. 1826

Вядомасць яму прынесла лірыка — любоўная, патрыятычная і рэлігійная. Карпінскаму належаць словы песень, што жывуць у народнай традыцыі і дагэтуль гучаць у касцёлах: калядкі “Бог нарадзіўся” і “Калі світае ранак” (“Ранішняя песня”) ды іншыя. А яго ўспаміны, напісаныя на беларускай зямлі, толькі ў ХІХ стагоддзі вытрымалі шэсць перавыданняў і сталі сапраўдным бестселерам свайго часу. Творчасць паэта была папулярная сярод сялян, шляхты, магнатаў і нават на каралеўскім двары. Таму Адам Міцкевіч, які высока цаніў талент Карпінскага, менаваў яго “паэтам усіх станаў”.

Нягледзячы на яркі след у культуры, імя Францішка Карпінскага сёння не вельмі вядомае. Пераклады яго твораў можна пералічыць на пальцах дзвюх рук, а беларускі перыяд жыцця, які доўжыўся больш за сорак гадоў, яшчэ чакае сваіх даследчыкаў.

 

РАДАВОДНАЯ ПЛЫНЬ

Герб "Кораб"

У кнізе шляхецкіх імёнаў Пружанскага павета 1 (12) студзеня 1798 года быў зроблены запіс, дзе калена за каленам прадстаўлены радавод Карпінскіх герба “Кораб” (ці “Ладдзя”) — залаты карабель з мачтай без ветразяў: “Прадзед Пётр Карпінскі, які падпісаўся на выбарах Аўгуста ІІ з зямлі Нурскай; прабабка — Тарэза Зялінская; дзед — Крыштаф Мікалай, бабка — Марыяна Вініцкая; бацька — Енджэй Карпінскі, маці — Разалія Спяндоўская; Францішак, сын Енджэя Карпінскага, мае 54 гады (1798)”.

Адшукаў гэтыя звесткі і апублікаваў у “Пецярбургскім штотыднёвіку” (№79, 1837 г.) сусед Карпінскага, пісьменнік Юзаф Крашэўскі (таксама жыў на Пружаншчыне). Даволі сціпла, пагадзіцеся. Асабліва ўлічваючы славу, якой карыстаўся паэт і пры жыцці, і пасля смерці. Але пытанні выклікае не толькі “сціпласць” звестак, але і іх супярэчлівасць.

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Станіславаў (Івана-Франкоўск) 1939 г. Адам Ленкевіч

Так, даследчыкі заўважылі: у метрыцы шлюбу бацькоў паэта прозвішча маці запісана інакш — “Шляхта” (гэта прозвішча было шырока распаўсюджана ў ваколіцах Станіславава, сённяшняга Івана-Франкоўска). Навошта паэт замяніў сапраўднае прозвішча (пра што сведчыць арыгінальная метрыка) на іншае — загадка. А ведаючы, як дробная шляхта спрытна даводзіла, што іх продкі ў мінулым займалі сенатарскія пасады, думаецца, адкрыццё сапраўднага радаводу паэта яшчэ наперадзе.

 

СЯМЕЙНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

Не без складанасцей, але даследчыкам усё ж удалося разабрацца ў сямейных таямніцах паэта. Сёе-тое ўдалося адшукаць і нам. Калі коратка, то 17 лютага 1732 года ў Станіслававе пабраліся шлюбам Андрэй Карпінскі і Разалія Шляхта. Былі яны людзьмі набожным, але амаль непісьменнымі. Бацька ўмеў чытаць і падпісвацца, маці ж ставіла замест прозвішча тры крыжыкі. Андрэй (так пазначана ў метрыцы), які нейкі час служыў адміністратарам аднаго з маёнткаў князёў Патоцкіх, пражыў 64 гады і памёр 17 мая 1761 года. Разаліі на момант яе скону, 5 студзеня 1778 года, было каля 80.

У сям’і Карпінскіх нарадзілася шмат дзяцей: Антон (ксёндз, памёр у 1785-м), Каятан (1740—1746), Францішак, Тамаш (нар. 1743), Марыяна (выйшла замуж за Аляксандра Занькоўскага, іх сын пазней перабраўся ў ВКЛ, да дзядзькі), Сузана (будучая жонка Фелікса Кавальскага) і яшчэ адна дачка, імя якой пакуль невядомае. Менавіта нашчадак гэтай загадкавай дачкі, Францішак Казяроўскі, які таксама пераехаў у ВКЛ, стаў галоўным прадаўжальнікам роду паэта.

Метрыка хросту Францішка Карпінскага

Нам пашанцавала адшукаць метрыку хросту Францішка Карпінскага, што лічылася страчанай. Высветлілася: будучага паэта ахрысцілі 8 снежня 1741 года ў Станіслававе — праз месяц пасля нараджэння (звычайна ў той час дзяцей хрысцілі значна раней).

Месца фальварка Карпінскага ў Малым Красніку

Удалося знайсці яшчэ адну цікавінку. Перабраўшыся ў 1818-м у Хараўшчыну (каля Ружанаў), Францішак Карпінскі стаў суседам нейкага шляхетнага Станіслава Карпінскага. Такі ж маленькі фальварачак быў праз дарогу ад сядзібы паэта. Станіслаў памёр за год да Францішка. А розніца ва ўзросце ў іх была каля года. І вось пытанне: ці не сваякі яны?

 

КАЛЕГІУМЫ, СТУДЫІ, СТУПЕНІ

У 1750-м Францішак Карпінскі пачаў навучанне ў езуіцкім калегіуме ў Станіслававе. Гэты этап яго жыцця працягваўся амаль восем гадоў. Там ён знаёміўся з класічнымі навукамі, якія заклалі аснову яго далейшай адукацыі і творчасці.

У 1758-м ён перайшоў у езуіцкі калегіум у Львове, у філасофскія і тэалагічныя студыі. Адначасова быў дарэктарам у маладога Маўрыцыя Юзафа Ценскага, сына Войцеха, палкоўніка кароннага войска. У 1761-м Францішак страціў бацьку, які памёр у Атыні (Каламыйскі павет), у доме старэйшага сына, ксяндза Антонія. Трагедыя пакінула глыбокі след у сэрцы юнака.

У 1765-м паэт скончыў львоўскія штудыі са ступенямі бакалаўра тэалогіі і доктара філасофіі і вольных навук. Верагодна, напрыканцы вучобы стварыў адзін з першых сваіх вершаў — “Да Юстыны. Вясновая туга”, прысвечаны Марыяне Бросэль.

 

ПРАЦА І СПАКУСА

Адмовіўшыся ўступіць у ордэн езуітаў, нягледзячы на шматлікія прапановы рэктара (“Хай я лепей буду ніштаватым грамадзянінам, чым кепскім ксяндзом”), Францішак у 1765-м паступае на працу ў Галоўны трыбунальскі суд у Львове, а ў 1766-м прысягае на пасаду “каморніка актаў трыбунальскіх Брацлаўскага ваяводства”.

Вось што пісаў пра тыя гады Карпінскі: “Будучы бедным і бачачы прыбытковасць юрыдычнай справы, я звярнуўся да львоўскай палестры; добра ведаючы лацінскую, хутка стаў вядомы спрытнасцю і дакладнасцю ў складанні позваў і маніфестаў, што прыносіла мне грошы, але і зайздрасць калег. Адзін выпадак асабліва мяне ўзрушыў: шляхціц прапанаваў плату за пазоў, складзены падступна, і я, спакушаны, напісаў такі дакумент. Але сумленне не дало спакою — я ўспомніў бацькавы наказ «Францішак няхай ідзе праўдаю ў свеце», вярнуў заказчыку грошы пры судзе і пераканаў яго мірыцца з праціўнікам без спрэчак. Шляхта, як я патрабаваў, памірыліся; а я, баючыся гэтай слізкай дарогі, асабліва калі іншымі спосабамі можна было зарабіць на хлеб, праз год пакінуў палестру”.

З гэтага часу асноўным заняткам Карпінскага стала праца гувернёрам у шляхецкіх і магнацкіх дзяцей. Пазней дадалася арэнда маёнткаў (Дабраводы і інш.), якая таксама давала прыбытак.

 

ПЕРШЫ ЗБОРНІК

Адам Казімір Чартарыскі, Мары Элізабет Луіза Віжэ-Лебрэн, 1793

Займеўшы лакальную папулярнасць, Францішак Карпінскі вырашае скараць новыя вышыні і выдае першы зборнік паэзіі “Забаўкі вершам і прозай” (Львоў, 1780), прысвячаючы яго князю Адаму Казіміру Чартарыйскаму. Князь меў валоданні на Валыні, быў мецэнатам і не раз цешыў чытача сваімі творамі, што выходзілі пад псеўданімамі (Дасвядчынскі і Тэатральскі). Апошні верш у зборніку Карпінскі прысвяціў Адаму Нарушэвічу, ксяндзу, паэту, сакратару караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які таксама нарадзіўся на беларускай зямлі, у Воўчыне, што на Брэстчыне.

Зборнік Карпінскі адаслаў князю. Той пажадаў пазнаёміцца з малавядомым, але таленавітым паэтам і неўзабаве наведаў Валынь. Запрашэнне прывёз будучы слынны літаратар Юльян Урсын Нямцэвіч, ураджэнец Брэстчыны.

 

МАГНАЦКАЯ ЛАСКА

Блакітны палац Чартарыскіх, Бернарда Белота. 1779

Вось як паэт апісаў вынікі сустрэчы з Чартарыйскім: “Калі я вярнуўся дадому, мае суседзі віншавалі мяне з ласкай князя, але мой вярэдык, стольнік Пясецкі, называў гэта сакавіцкім надвор’ем, што нядоўга трывае, і калі я патроху рыхтаваўся ў Варшаву, ён больш раіў мне, каб я з ім паехаў на Мазыршчыну, дзе меў сваю спадчынную частку, сцвярджаючы, што там лясны люд значна лепшы за варшаўскі”. У слушнасці сцвярджэння Карпінскі пераканаўся, бо ад Варшавы быў у шоку. А вось лепшым сябрам і захавальнікам яго літаратурнай спадчыны стаў знакаміты ліцвін-беларус Караль Прозар, гаспадар Хойнікаў, што былі ў Мазырскім павеце ВКЛ.

Яшчэ адной слушнай парадай Пясецкі паслужыў паэту. Пасля чарговага ліста князя, які прапаноўваў сакратарства, паэт вырашыў пазбавіцца арэнды Дабраводаў. Але Пясецкі падказаў не рабіць гэта, “бо прыйдзе час, што я пакіну Варшаву і зноў у Дабраводы вярнуся”. Так і сталася.

Памятны камень. Вялікі Краснік

Пра далейшыя прыгоды, якія назаўсёды перамянілі жыццё паэта і перанеслі яго на землі Беларусі, распавядзём у працягу.

Дуб Карпінскага на гары

Новы турыстычны маршрут “Шлях Францішка Карпінскага” пройдзе па трох абласцях Беларусі — Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай.

Зміцер ЮРКЕВІЧ

Артыкул апублікаваны ў № 47 газеты “Культура” ад 21 лістапада 2025 г., старонкі №№ 14 і 15.