У Закозелі Драгічынскага раёна завяршылася рэстаўрацыя капліцы-пахавальні сярэдзіны ХІХ стагоддзя, што ўваходзіць у склад палацава-паркавага комплексу, які належаў роду Ажэшкаў.

Намеснік міністра культуры Сяргей Саракач на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця падкрэсліў, што капліца ў Закозелі мае вялікі турыстычны патэнцыял і зробіцца яркім пунктам на турыстычнай карце Брэстчыны. Сяргей Аляксандравіч таксама выказаў упэўненасць, што ў найбліжэйшы час тысячы вандроўнікаў не толькі з нашай краіны, але і з-за мяжы наведаюць гэтую славутасць. Капліца будзе выкарыстоўвацца як шматфункцыянальная выставачная зала для правядзення выязных экскурсій і экспазіцый. Цяпер тут працуе выстава гістарычных фотаздымкаў Закозеля і прадметаў, знойдзеных у капліцы і яе ваколіцах падчас археалагічных даследаванняў.
СЛАВУТАСЦІ ПАЛЕССЯ
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык адзначыў, што ў Брэсцкай вобласці дбайна ставяцца да захавання помнікаў і традыцый. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уключаныя 773 аб’екты рэгіёна. Вялікія сродкі накіроўваюцца на капітальны рамонт, рэстаўрацыю і музеефікацыю аб’ектаў мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” у рамках праекта Саюзнай дзяржавы. Працягваюцца работы ў палацава-паркавым ансамблі роду Сапегаў у Ружанах Пружанскага раёна, іх фінансаванне ўключана ў дзяржпраграму “Культурная прастора” на 2026—2030 гады, што прадугледжвае фінансаванне не толькі з раённага і абласнога бюджэтаў, але і з рэспубліканскага. Тут прадпрымаюцца меры па кансервацыі галоўнага корпуса, распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на ўнутраныя работы ва ўсходнім корпусе для размяшчэння гасцінічных нумароў, кафэ, музейнага фондасховішча, шматфункцыянальнага комплексу для арганізацыі выстаў і тэатральных пастановак.

Старшыня Драгічынскага райвыканкама Сяргей Пачко заўважыў, што агулам на рэстаўрацыю капліцы-пахавальні ў Закозелі было выдаткавана каля чатырох мільёнаў рублёў. Варта адзначыць, што аднаўленне капліцы распачалося менавіта з ініцыятывы мясцовага кіраўніцтва, і пры правядзенні работ тут заўжды імкнуліся задзейнічаць перадусім мясцовых спецыялістаў.
ШТРЫХІ МІНУЎШЧЫНЫ
Акрамя капліцы, у Закозелі захаваліся фрагмент сядзібнага дома Ажэшкаў, а таксама гаспадарчая пабудова і бровар ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Аўтарам праекта капліцы-пахавальні, якая спалучае ў сабе рысы позняга класіцызму і неаготыкі, быў архітэктар Францішак Яшчалд. Ён, між іншага, спраектаваў і знакаміты палац у Косаве на Івацэвіччыне, які таксама нядаўна адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў пасля заканчэння рэстаўрацыйных работ у 2022-м.

Фундатарам будаўніцтва капліцы ў Закозелі выступіў тагачасны ўладальнік Нікадзім Ажэшка, сын якога, Калікст, дарэчы, быў дзеверам вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, якая жыла ў суседнім маёнтку Людвінова і часта наведвала Закозель у 1858—1863-х. З канца ХІХ стагоддзя маёнтак пераходзіў да розных гаспадароў, але ўсе яны з нязменнай пашанай ставіліся да месца пахавання роду Ажэшкаў.
Адметна, што капліца за ўсю сваю двухсотгадовую гісторыю амаль ніколі не выкарыстоўвалася для набажэнстваў і стаяла зачыненай. Пасля атрымала пашкоджанні падчас Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, а ў пасляваенныя дзесяцігоддзі паступова прыйшла ў заняпад; тады ж былі разрабаваныя пахаванні роду Ажэшкаў у крыпце і страчаныя скульптуры евангелістаў, якія ўпрыгожвалі нішы на фасадзе капліцы.
ЧАС ВЯРТАННЯ
Першыя захады па аднаўленні помніка прадпрымаліся яшчэ ў 2006-м, двума гадамі пазней у капліцы і каля яе праходзілі археалагічныя даследаванні, былі знойдзеныя парэшткі прадстаўнікоў роду Ажэшкаў, бронзавыя рэшткі трун і фрагменты адзення, у тым ліку слуцкага пояса.

У 2020-м на рэстаўрацыйныя работы былі выдзеленыя сродкі з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, а таксама з мясцовага бюджэту; працягвалася фінансаванне і ў наступныя гады.
Дырэктар ААТ “Брэстрэстаўрацыя” Аляксандр Кушнярук нагадаў: будынак доўга стаяў адкрытым, без даху, з пачаткам работ давялося ачышчаць яго ад смецця. Агулам за гэты час былі адноўленыя скляпенне, дах і вежкі-пінаклі, чыгунныя элементы дэкору, вітражныя вокны, інтэр’ер з мастацкай ляпнінай, абноўлены фасад будынка, усталяваныя шпіль і чатыры крыжы, вернуты ранейшы від брукаваным сцежкам вакол капліцы. Дэталі інтэр’еру ўзнаўлялі паводле старых фотаздымкаў, на якіх быў зафіксаваны ранейшы выгляд помніка. Адметна, што ўвесь мінулы год рэстаўратары працавалі над дэкорам узорыстага скляпення.
Капліца ў Закозелі ўключаная ў турыстычныя маршруты, якія звязваюць Драгічыншчыну з іншымі раёнамі, і цяпер, калі рэалізуецца Праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся, будзе карыстацца ўсё большай папулярнасцю.
Антон РУДАК. Фота з сайта Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь