Праект “На скрыжаванні музычных падзей: опера — гэта модна, опера — гэта моцна!”, падтрыманы грантам Прэзідэнта Беларусі ў сферы культуры на 2026 год, прэзентавалі ў Вялікім тэатры.

— Хочацца, каб опера стала папраўдзе народным жанрам, — акрэсліла сваю пазіцыю аўтар праекта — галоўны рэжысёр тэатра, уладальніца медаля Францыска Скарыны Ганна Маторная. — Каб гэта адбылося, яе трэба перадусім разумець. Таму на першы план выходзіць не проста папулярызацыя лепшых оперных хітоў, а задача глыбока асветніцкая. Мы будзем закранаць і сучаснасць, і гісторыю оперы, нацыянальныя творы, паказваць нашых салістаў, творчую моладзь.
Усё гэта было прадэманстравана ўжо ў час першай праграмы “Чалавек. Эмоцыя. Вобраз”, што стала часткай канцэрта “ХХ стагоддзе. Оперны летапіс” і адбылася ў Камернай зале імя Ларысы Александроўскай. Кожны нумар — тэатралізаваны, успрымаўся фрагментам пэўнага спектакля. Кірыл Панфілаў спяваў Застольную з оперы “Кала Бруньён” Дзмітрыя Кабалеўскага паводле гістарычнай аповесці Рамэна Ралана — і праціраў насоўкай кубак. Святаслаў Сахараў выконваў арыю Фрыца з “Мёртвага горада” аўстрыйскага кампазітара Эрыха Корнгальда — і трымаў у руках касцюм П’еро, якога яго персанаж у гэтай сцэне ўвасабляе.
Песню і прыпеўкі Варвары з оперы “Не толькі каханне” Радыёна Шчадрына Дар’я Гаражанка аздобіла рускай нацыянальнай хусткай, тэмпераментным прытанцоўваннем, за якім хаваецца трагедыя непадзеленых пачуццяў гераіні.
Найскладанейшая арыя Кунігунды з “Кандыда” Леанарда Бернстайна ўвогуле суправаджалася інтэрактывам.
Гледачам на першым радзе раздалі жамчужныя каралі, завушніцы, бранзалеты — і маладая артыстка Марыя Булда, не спыняючы спеваў, пераапраналася, чапляла іх на сябе. А напрыканцы ўскоквала на крэсла, каб яшчэ больш гучнагалоса заявіць пра раскошнае жыццё сваёй гераіні-палюбоўніцы, поўнае насамрэч вялікага душэўнага болю.

Салістка скарыла неверагоднай тэхнікай, шалёнай віртуознасцю каларатур, артыстызмам. Марыя і не тое можа! У час навагодняга канцэрта, што трансляваўся тэлебачаннем, яна садзілася на шпагат — ды з такой гуллівай лёгкасцю, якой маглі б пазайздросціць прафесійныя танцоўшчыкі класічнага балета.

Настасся Міхнавец паўстала шчырай, адкрытай да лірыкі і пяшчоты Кардэліяй з оперы “Кароль Лір” Сяргея Сланімскага. Настасся Храпіцкая — тэмпераментнай Кансепсьён з “Іспанскага часу” Марыса Равэля. Любоўны запал гераіні палаў і ў яркім голасе салісткі, і ў апранутым ёй пунсовым халаце з дэкальтэ.
Андрэй Мацюшонак ператварыўся ў Юзэфа Лубенскага — пляменніка Агінскага з оперы беларускага кампазітара Алега Залётнева “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт”, што стваралася для Маладзечанскага маладзёжнага музычнага народнага тэатра і была пастаўлена там у 2013 годзе.
Адразу дзвюх розных уладарных жанчын увасобіла Кацярына Міхнавец — моцную, амбіцыйную Кацярыну Першую з оперы “Пётр Першы” Андрэя Пятрова і мудрую, ды самотную Каралеву Бону з “Ладдзі Роспачы” Сяргея Бельцюкова.
Дуэт Боны і Гервасія Вылівахі (Віктар Мендзелеў), што плаўна перацякаў у запіс аркестрава-харавога ўслаўлення роднай Беларусі, завяршыў прэзентацыю. А прадставіў гэтыя фрагменты свайго твора сам кампазітар. Ён нагадаў, што сусветная прэм’ера канцэртнага выканання гэтай оперы ў выглядзе аднаактоўкі з размоўнымі рэчытатывамі адбылася тры гады таму ў сталічнай філармоніі. А цяпер ён завяршыў паўнавартасную двухактовую партытуру, якая чакае публічнага паказу.
Вядучай выступіла сама Ганна Маторная. Яна не толькі пазнаёміла публіку з новым праектам, але і суправаджала кожны нумар аўтарскім каментарыем, прадстаўляла выканаўцаў, распавядала пра вобразы іх герояў.

І не стрымлівала прызнання ў любові да Беларусі:
— Я нарадзілася на Урале, у Ніжнім Тагіле. Прыехала сюды ў 1979-м — і Беларусь дала мне ўсё. Няма на свеце іншай такой зямлі! Так што я, лічыце, беларуска — рускага паходжання.
Зварот да нашага нацыянальнага мастацтва для Маторнай — у прыярытэце. У яе пастаноўцы опера Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха” пабывала ў Маскве.
Рэжысёр выступіла аўтарам канцэпцыі і лібрэта “Патэтычнага дзённіка памяці”, дзе ў цэласны аповед пра Вялікую Айчынную былі сабраны фрагменты з розных беларускіх твораў і спецыяльна напісаныя Алегам Хадоскам дадатковыя музычныя нумары. Гэты грандыёзны творчы праект дэманстраваўся ў Беларусі і Расіі і быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта нашай краіны дзеячам культуры і мастацтва.

Пакуль была паказана толькі частка новага праекта “Опера — гэта модна!..”. Прычым у бліскучым, вельмі арганічным суправаджэнні фартэпіяна (Настасся Дубоўская). Ён будзе развівацца, штораз звяртацца да новай праблематыкі твораў, розных эпох, закране аркестр.
На канец лютага — пачатак сакавіка запланавана праграма “Мужчына і жанчына”, што складзецца з дуэтаў. “Смешная опера” адбудзецца 1 красавіка, а 24 мая, да дня нараджэння нашага Вялікага тэатра, увага сканцэнтруецца на айчыннай музыцы.
Яшчэ адна падборка беларускіх оперных сцэн будзе рыхтавацца ў верасні да Дня народнага адзінства. Канцэрт, прымеркаваны да сумнай даты 22 чэрвеня, ахопіць ваенную тэму.
У кастрычніку-лістападзе нас чакае сцэнарый, прысвечаны жанру раманса ў оперы. Канцэрты пройдуць па ўсёй краіне, на “Вечарах Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” і, магчыма, на іншых фестывалях.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА