Вікторыя Зайчанка, студэнтка трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, уганараваная прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Зараз перад маладой артысткай стаіць вялікая і адказная задача — годна прадставіць нашу краіну на Першых маладзёжных Дэльфійскіх гульнях дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, што пройдуць у сакавіку ў Кыргызстане.

— Вікторыя, якімі творамі вы скарылі журы на праслухоўванні?
— Выконвала “Галычкі”, маю любімую народную песню, запісаную ў аграгарадку Бяседавічы Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці. А яшчэ — “Баладу пра маці” (музыка — Алена Атрашкевіч, словы — Васіль Жуковіч) і “Бацькаўшчыну” (музыка — Ларыса Мурашка, словы — Уладзімір Караткевіч).
— А пачалася ваша сцэнічная гісторыя з якой мелодыі?
— Нібы ўчора было: першы клас, зіма, бацькоўскі сход у актавай зале... А я старанна выводжу ноты шчырай і кранальнай “Песни мамонтёнка”. Ніхто, напэўна, і не чакаў, што атрымаецца добра! З таго моманту і зацікавілася творчасцю, запісалася на мноства розных гурткоў. Паспрабавала сябе і ў танцах, і ў маляванні, і нават у лепцы з гліны. Але профільную музычную адукацыю, нягледзячы на пастаянныя выступленні, не атрымала.
— І ўсё ж вырашылі звязаць прафесію з вакальным мастацтвам…
— Пасля дзявятага класа паспяхова паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў — і апынулася ў сапраўдным кругавароце заняткаў па сальфеджыа, пастаноўцы голасу і дырыжыраванню, ігры на фартэпіяна і акардэоне… Было няпроста без пачатковай музычнай адукацыі, але неверагодна цікава! Побач заўсёды знаходзілася настаўніца Алена Васільеўна Серакова. Я ўдзячная лёсу, што звёў мяне з такім цудоўным чалавекам!
— Ваша спецыялізацыя — народна-песенная творчасць і фальклор. Чым зачапіў гэты напрамак?

— У школьныя гады часцей выконвала эстрадныя песні, і, вядома, магла і далей ісці па пратаптанай дарожцы. Але душа запатрабавала іншага. Дакументы на народны кірунак падавала літаральна ў апошні дзень прыёмнай кампаніі. Напэўна, гэта было найважнейшае рашэнне ў маім жыцці. Дзякуй маме, якая ў самы стрэсавы момант падтрымала і даверылася майму выбару!
— Хто з музыкантаў для вас з’яўляецца прыкладам?
— Мне блізкая творчасць многіх выбітных артыстаў, таленты якіх выклікаюць глыбокую павагу. Моцна натхняюць, да прыкладу, Людміла Зыкіна, Вольга Варанец і Марына Дзявятава.
— Што яшчэ дапамагае “злавіць хвалю”?
— Наша цудоўная прырода, кінамастацтва, добрыя навіны і цёплыя стасункі з людзьмі.
— Чым цешыце публіку?
— Пераважна народнымі песнямі, а таксама кампазіцыямі беларускіх і рускіх аўтараў.
— А ў эмацыйным плане што вам бліжэй?

— Я хутчэй лірык. Люблю творы, здольныя кранаць слухача за жывое. Але часам і ўва мне прачынаецца той самы жартоўны агеньчык, які заклікае публіку пусціцца ў скокі.
— Выступленне ўдалося, калі…
— Калі я бачу зачараваныя вочы гледача і чую гучныя апладысменты, калі па маіх руках прабягае хваля мурашак... Пачуцці ніколі не падманваюць.
— А як ставіцеся да зваротнай сувязі?
— Цаню і прафесійны погляд, і меркаванне простых слухачоў. Часта ў іх вельмі цікавае бачанне таго, што стала для мяне звычайнасцю.
— Летась вам упершыню прысудзілі прэмію спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Што адчуваеце ў сувязі з гэтым?
— Узнагарода — годны вынік доўгай і нялёгкай працы, матывацыя нястомна рухацца наперад, каб праслаўляць нашу Радзіму! Гэта даказвае: стараннасць заўсёды дае свой плён.
— Што дапамагае дамагацца такіх вышынь?
— Моцнае жаданне стаць прафесіяналам і непахісная вернасць сваёй справе, а яшчэ падтрымка блізкіх людзей.
— Можаце даць некалькі парадаў маладым талентам, якія імкнуцца да поспеху?
— Старайцеся як мага больш практыкавацца, бо нават ад страху сцэны немагчыма пазбавіцца без пастаяннага выхаду на яе. Варта развіваць у сабе працавітасць, стрэсаўстойлівасць і добрасумленнасць, не баяцца эксперыментаваць і ставіць перад сабой маштабныя мэты і задачы.
— Няшмат часу засталося да Дэльфійскіх гульняў. З якой праграмай будзеце прадстаўляць нашу краіну ў Бішкеку?
— У першым туры зноў загучаць “Галычкі” і “Балада пра маці”, а таксама беларуская народная песня “Ой, прачнуся я ў панядзелак”. У другім — “Ой, там, на таргу, на базары” і “Бацькаўшчына”.
— А што ўвогуле ў планах на будучыню?
— Зрабіць усё магчымае, каб стаць заўважнай фігурай на айчыннай сцэне. Мару дабіцца прызнання, стаць выдатным сольным артыстам. Магчыма, паступлю ў магістратуру ці паспрабую сябе ў педагогіцы. Перада мной адчынена шмат дзвярэй, галоўнае — працаваць і тварыць на карысць беларускага музычнага мастацтва!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва гераіні