Усё пачынаецца з усмешкі

Апублiкавана: 29 студзеня 2026 Стужка Харэаграфія Гродна і вобласць Тэма

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

“Нібы зоркі на небе, мы ззяем на сцэне” — фраза, што даўно стала формулай існавання танцавальнага калектыву “Усмешка” Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Больш за тры дзесяцігоддзі гурт аб’ядноўвае хлопчыкаў і дзяўчынак, для якіх харэаграфія — крыніца росту, натхнення і першых перамог.

 

НАТУРАЛЬНЫ ПРАЦЯГ

Гісторыя “Усмешкі” пачалася ў 1989-м. Настойлівая праца, няспынны пошук матэрыялу і мастацкае сталенне ўжо ў 1999-м былі адзначаны ганаровым званнем “узорны”. Статус зрабіўся арыенцірам, на які ансамбль раўняецца штодня.

Сёння ў калектыве займаецца каля 40 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17. Кожны — частка сцэнічнай сям’і, якую многія гады ўзначальвае Аксана Балюк.

— Я сама са Свіслачы. Пасля заканчэння Гродзенскага вучылішча мастацтваў у 1994-м вярнулася на малую радзіму і стала працаваць у Доме культуры, дзе і далучылася да “Усмешкі”. Танец любіла заўсёды: яшчэ ў школьныя гады ставіла нумары для конкурсаў самадзейнасці. Таму прафесійная справа для мяне — натуральны працяг дзіцячага захаплення, — расказвае кіраўніца гурта.

 

ДОБРЫ СЛЕД

Харэаграфія для “Усмешкі” — значна больш чым проста рух пад музыку. Гэта мова эмоцый, спосаб самавыяўлення і сапраўдная школа фарміравання асобы. Напружаныя фізічныя практыкаванні вучаць адчуваць сябе і партнёра, арыентавацца на сцэне, выхоўваюць эстэтычны густ, дысцыпліну. Праз пластыку і вобраз адкрываецца свет фантазіі і творчасці, нараджаецца ўменне знаходзіць і ўсведамляць прыгажосць.

Набор у ансамбль адбываецца без жорсткіх патрабаванняў да пачаткоўцаў і без кастынгаў.

— У нас маленькі гарадок, таму ўдзельнікаў не так шмат. Звычайна дзеці два-тры гады займаюцца ў падрыхтоўчай групе, пасля пераходзяць у асноўны склад. Да нас звяртаюцца і тыя, хто мае пэўныя навыкі. Такіх адразу ўключаем у калектыў. Галоўнае — жаданне працаваць і быць часткай каманды, — падкрэслівае Аксана Аляксееўна.

У старэйшых удзельнікаў з часам з’яўляюцца ўпэўненасць і пачуццё адказнасці, малодшыя ж праз назіранне і практыку раскрываюць свае магчымасці. Рэпетыцыі, выступленні і агульнае перажыванне за вынік яднаюць, фарміруючы прастору ўзаемнай павагі і сяброўства.

— Асабліва каштоўна, што да нас з задавальненнем прыходзяць дзеці былых выхаванцаў. Гэта сведчыць: “Усмешка” пакінула добры след у іх лёсе. Пераемнасць пакаленняў лічу адной з нашых найлепшых і кранальных традыцый, — гаворыць кіраўніца.

 

ТВОРЧАЯ ЛАБАРАТОРЫЯ

Рэпертуар калектыву шматгранны. У залежнасці ад узросту і падрыхтоўкі тут займаюцца па розных напрамках — ад дзіцячага эстраднага танца і народнай харэаграфіі да сучасных формаў. Кожная пастаноўка — асобная гісторыя, якая мае ўласную ідэю, настрой і сэнс.

— Нараджэнне танца — працэс складаны і працяглы. Спачатку з’яўляецца музыка — слухаем, стараемся ўбачыць карцінку. Потым паступова складваецца сюжэт, падбіраецца харэаграфічная лексіка, вызначаецца малюнак і галоўная думка. Далей пачынаецца доўгая, карпатлівая праца: чысцім, асэнсоўваем, перарабляем. Гэта месяцы пошуку, — тлумачыць педагог.

У выніку творчая лабараторыя гучна заяўляе пра сябе на сцэнах розных узроўняў. “Усмешка” — заўсёднік рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў. За апошнія гады ансамбль неаднаразова ўзнагароджвалі дыпломамі і спецыяльнымі прызамі ў Гродне, Пружанах, Мастах, Ваўкавыску…

Напрыклад, дыпломам у намінацыі “Найлепшы балетмайстарскі нумар” абласнога конкурсу “Скокі ва ўсе бокі — 2023”, дыпломам лаўрэата II ступені ў намінацыі “Сучасны танец” гэтага ж форуму ў мінулым годзе, спецыяльным прызам “Найлепшы танцавальны дэбют” IX адкрытага рэгіянальнага фестывалю-конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Танцавальная кругаверць”…

 

ЦІ ПРОСТА?

“Усмешка” не спыняецца ў развіцці. Гурт беражліва захоўвае традыцыі роднага краю і смела ўвасабляе новыя ідэі, эксперыментуе з формай і сэнсамі.

— Усё проста: калі ёсць жаданне танцаваць — трэба прыйсці і спрабаваць. Танец натхняе, дапамагае пераадольваць цяжкасці, вучыць верыць у сябе. А яшчэ ён дорыць тую самую ўсмешку — не толькі на твары, але і ўнутры, калі нават нягледзячы на стому хочацца ісці далей і дзяліцца пазітывам з іншымі, — упэўнена Аксана Балюк.

Наперадзе — новыя пастаноўкі, сцэнічныя пляцоўкі, конкурсы і праекты. Але галоўнае застаецца нязменным. Пад сафітамі і ў жыцці ўдзельнікі калектыву працягваюць ззяць. Яны — як зоркі, што аднойчы запальваюцца і доўга паказваюць шлях, нагадваючы: сапраўднае мастацтва пачынаецца з унутранага святла.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіваў калектыву