На чым сёння факусіруецца адукацыйная праграма факультэта кіно, тэатра і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў? Расказвае яго дэкан і рэжысёр-пастаноўшчык Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” Іван Паўлаў.

Летась айчынны кінематограф парадаваў нас яркімі мастацкімі карцінамі — абедзве створаны маладымі аўтарамі. Дзмітрыю Сароку, дзякуючы якому з’явілася спартыўная драма “Пераломны момант”, — 36 гадоў. Кірылу Халецкаму, рэжысёру кранальнай стужкі “Класная”, — 25. Неўзабаве ў свабодным плаванні акажуцца яшчэ дзясяткі амбіцыйных выпускнікоў акадэміі. З якімі здабыткамі і прафесійнымі ўстаноўкамі яны выправяцца ў гэтае дзіўнае падарожжа? І што наогул уключае падрыхтоўка да працы ў кінаіндустрыі?

РАЗМОВА ДУШЫ З ДУШОЙ
Як адзначыў Іван Міхайлавіч, цяперашняя публіка — пераважна моладзь, а кіно вельмі моцна ўплывае на светапогляд і інтарэсы юнага пакалення. Таму вядучая тэма ў дыялогу факультэта са студэнтамі — глыбіня і сэнсавая напоўненасць іх працы.

— Сучасным аўтарам нават пры паўсюднай камерцыялізацыі мастацтва трэба факусіравацца на адлюстраванні агульначалавечых каштоўнасцей. Карціны павінны несці моцны пасыл, што станоўча паўплывае на ўнутраны стан аўдыторыі, — мяркуе дэкан ФКТіТ. — У ігравых творах, напрыклад, першасная эмацыйная напоўненасць кадра, а галоўная мэта — годна распавесці гісторыю.
Да таго ж кожная стужка, па словах Івана Міхайлавіча, павінна выконваць выхаваўчую ролю, мець пэўную духоўную місію. І навучанне спецыяльнаму кінаалфавіту, што дапаможа рэжысёру раскрыць і данесці гледачу пачуцці ды ідэі, — яшчэ адзін яркі ак цэнт адукацыйнай праграмы акадэміі.
— Традыцыйна лічыцца, што рэжысёр — гэта вопытны чалавек, а наша прафесія — пра назапашванне. Таму ўдзяляем шмат увагі асваенню сродкаў, якія дазваляюць праўдзіва і шчыра перадаць тую ці іншую гісторыю, — сказаў Іван Міхайлавіч.
ПЛЁННЫ МЕТАД
Апрабаваць розныя мастацкія падыходы на практыцы дапамагае цеснае супрацоўніцтва з “Беларусьфільмам” і тэлеканаламі, якія актыўна запрашаюць пачаткоўцаў на здымкі праектаў. Непасрэдны ўдзел у вытворчасці, гаворыць Іван Міхайлавіч, — адзін з найбольш прадуктыўных сцэнарыяў навучання.

— Да прыкладу, наведвалі рабочую пляцоўку стужкі “Бацька Мінай. Партызанская легенда”. Літаральна за гадзіну студэнты атрымалі ў даступнай форме ўсё тое, што давялося б значна даўжэй расказваць і паказваць у аўдыторыях, — падкрэслівае педагог. — У свой час прыдбаў каласальны досвед, калі дакрануўся да стварэння карціны “Шляхціц Завальня” Віктара Цімафеевіча Турава. Паспрабаваў тады свае сілы і як акцёр, і як рэжысёр.
Істотна, што ўзаемадзеянне з кінастудыяй у перспектыве пашырыцца. Шляхі далейшага супрацоўніцтва ўжо абмеркаваны з кіраўніцтвам “Беларусьфільма”.
— Цяпер рыхтуем план здымак акадэмічных работ на базе студыі, — падзяліўся надзённым дэкан ФКТіТ. — Дарэчы, яшчэ адзін плённы метад навучання — конкурсы і фестывалі. Нашу моладзь, што вельмі радуе, увесь час запрашаюць на форумы ў Расію і Казахстан.
КАРЫСНЫЯ ЗАДУМЫ
Новыя творчыя магчымасці няспынна нараджаюцца і ўнутры ВНУ. Асабліва інтэнсіўна гэта адбываецца пасля нядаўняга аб’яднання факультэта экранных мастацтваў і тэатральнага, дзякуючы чаму рэжысёры, аператары, гукааператары і акцёры апынуліся ў агульнай працоўнай прасторы.

— Хочацца, каб да іх максімальна падключаліся і сцэнарысты, — адзначае Іван Паўлаў. — Акцёраў раней збольшага рыхтавалі для тэатраў, цяпер будзем часцей прыцягваць да здымак. Спектаклі, напрыклад, плануем запісваць на сцэне, як фільмы, каб артысты адчулі, што такое буйны план і чаму важна дайграць эмоцыю. А наконт аператарскай школы — яна знаходзіцца на вельмі добрым узроўні. Чацвёртакурснікі нядаўна прадставілі работы патэнцыйным замоўцам. Многія пайшлі па шляху “кіношных” варыянтаў апавядання і пабудовы кампазіцыі.
ПОГЛЯД У БУДУЧЫНЮ
А якім беларускі кінематограф паўстане ў перспектыве? Чаго чакаць сучасным студэнтам праз 10 гадоў? Іван Паўлаў лічыць: тэхналогіі спросцяць спажыванне, але сутнасць карцін не зменіцца. На першым плане застануцца акцёры, эмоцыі і добра распаведзеныя чалавечыя гісторыі.
А вось рытм і форму падачы чакаюць метамарфозы: раней глядач вытрымліваў доўгія паўзы, а сёння ён прагортвае ўжо праз некалькі секунд, і вытворцам давядзецца падладжвацца пад тэндэнцыю хуткага пераключэння.

— Адно скажу напэўна: выхаванцы засталіся тымі ж — з агеньчыкамі ў вачах, цікавасцю да жыцця і жаданнем не “дакрычацца”, а выклікаць шчырыя пачуцці, — дзеліцца думкамі Іван Міхайлавіч. — Розніца толькі ў тым, што цяпер у моладзі больш тэхнічных магчымасцей. Але гэта не пазбаўляе адказнасці за кадр: важна здымаць не “колькі можна”, а свядома, з разуменнем, дзеля чаго насамрэч робіцца кіно.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ.
Фота з крыніц Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў