Новыя імёны ў сучаснай нацыянальнай арт-сферы традыцыйна адкрывае Трыенале маладых мастакоў. Пераможцай у намінацыі “Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва” стала выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Анастасія Чадзій. Яе творы сведчаць: веліч вырастае з інтымнага, асабістага — памяці, роднай зямлі, палескага краявіду…

— Анастасія, калі зразумелі, што мастацтва не проста захапленне, а жыццёвы выбар?
— Колькі сябе памятаю, побач заўсёды былі малюнак і кнігі. Даволі рана прыйшло адчуванне, што менавіта творчасць стане асновай жыцця. Гэта не імгненны парыў або выпадковае рашэнне — хутчэй упэўненасць, калі не ўяўляеш сябе ў іншай ролі і свядома імкнешся развівацца ў адным напрамку. Вялікі ўплыў на маё станаўленне аказаў настаўнік Мікалай Дуброва. Я родам з Мазыра і з 11 да 19 гадоў займалася ў студыі Мікалая Казіміравіча. Іменна на прыкладзе педагога бачыла, што значыць прысвяціць сябе мастацтву: штодзённая праца, дысцыпліна, уважлівасць да наваколля. Ён мог ужо ў пяць раніцы ехаць у майстэрню і з запалам абмяркоўваць сутнасць творчай справы. Настаўнік прывіў любоў да пейзажа, беларускіх матываў і сфарміраваў ува мне той унутраны стрыжань, без якога нельга заставацца ў нашай сферы.

— Ад асабістага выбару — да прафесійнага фарміравання. Як у гэтым дапамагла адукацыя?
— Трывалую аснову атрымала ў каледжы мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка. Далейшым крокам стала паступленне ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў — няпросты перыяд спроб і чакання. Сумневаў не ўзнікала — было выразнае разуменне, што неабходна рухацца далей і паглыбляць веды. Пара падрыхтоўкі аказалася надзвычай каштоўнай: я працягвала працаваць, шукаць уласную мову, назапашваць досвед. Гэты час загартаваў, навучыў цярпенню і дапамог сфарміравацца як асобе і творцу.
— Менавіта цягам навучання можна знайсці ўласны голас. Пра што імкняцеся гаварыць з гледачом?
— У цэнтры заўсёды застаецца родны край — Мазыр і Палессе.

Гэта прастора, у якой з’яўляюцца вобразы і сэнсы. Асаблівую вагу маюць успаміны дзяцінства: адчуванне дому, прысутнасць сям’і, тое душэўнае цяпло, што фарміруе ўнутраны свет чалавека. Імкнуся зафіксаваць стан, эмоцыі, якія хочацца захаваць. Асобна скажу аб рабоце “Бабуля з Палесся”: фігура старой жанчыны на фоне кветкавага арнаменту з курачкай адлюстроўвае ідэю памяці і хатняй утульнасці. У 2024-м твор быў прызнаны найлепшым праектам патрыятычнай тэматыкі і адзначаны ўзнагародай Міністэрства культуры.
У сваіх серыях выкарыстоўваю народныя матывы, узоры, сімвалы, раскрываю беларускую спадчыну. Падчас замежных паездак, напрыклад на міжнародныя сімпозіумы, патрэба ў гэтым яшчэ мацнейшая: узнікае жаданне гаварыць пра сваю зямлю, яе традыцыі і культурную глыбіню — пра тое, што нас вылучае.
— Якую ролю ў вашым развіцці адыгрывае перамога на трыенале?

— Вялікі гонар — атрымаць узнагароду рэспубліканскага ўзроўню ад Міністэрства культуры. Для мастака такое прызнанне як своеасаблівы маяк — сведчанне таго, што твае здабыткі заўважаюць і яны знаходзяць водгук. Не менш істотна, што гэта высокая ацэнка маёй дыпломнай работы — складанага праекта. Ён быў створаны ў аўтарскай тэхніцы памерам 9 на 1,5 метра.
Пасля падобных фарматаў адчуваеш сутнасць манументальнага мастацтва: узаемадзеянне з архітэктурнай прасторай, супрацоўніцтва з заказчыкам, маштаб, які вымагае дакладнага прадумвання кожнай дэталі. Гэты вопыт значна ўзбагаціў навыкі. Сёння працую хутчэй і дакладней, а мае формы ў барэльефах — больш вытанчаныя і ўпэўненыя. Прызнанне надае сілы і становіцца важнай вяхой на шляху.
— Кожны завершаны этап патрабуе новай энергіі для наступнага кроку. Адкуль чэрпаеце натхненне ісці далей?
— У галаве заўсёды ёсць ідэі. Доўга іх абдумваю, пражываю, а ў пэўны момант проста саджуся і пачынаю з эскізаў. Вялікае натхненне прыносяць дарогі. Калі еду дадому і гляджу на пейзажы, гэта асобнае задавальненне. Аднойчы ўбачыла снапы, залітыя сонцам у самым разгары ліпеня… Уражанне было настолькі моцным, што нарадзілася серыя “Чэрвень. Ліпень. Жнівень”. Наша прырода асаблівая — крыху меланхалічная, бясконцая, і яна заўжды знаходзіць водгук.
— Ці лёгка пачаткоўцу сёння рэалізавацца ў мастацтве?
— Для маладых аўтараў адкрыта шмат магчымасцей. Існуюць розныя праекты, конкурсы, актыўна развіваецца выставачная дзейнасць — як у Мінску, так і ў рэгіёнах. Гэта час, калі можна заявіць пра сябе і раскрыць патэнцыял. Але галоўны выклік нязменны — неабходнасць заставацца сабой. Важна чуць унутраны голас і не губляцца ў чужых меркаваннях ці модных тэндэнцыях.

Я ніколі не ствараю работу таму, што нешта папулярнае ў сацыяльных сетках. Для мяне вызначальны крытэрый — самабытнасць. Трэба быць аўтэнтычным, самадастатковым і верным уласнай мастацкай пазіцыі.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіваў гераіні