Прэмія Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” прысуджана кампаніі “Белрэстаўрацыя” за захаванне і адраджэнне гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны. Мірскі і Нясвіжскі замкі, палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, сядзіба Ваньковічаў і Лошыцкі комплекс у Мінску: у спісе адноўленых аб’ектаў — спрэс сімвалы нацыянальнага гонару.

Але для калектыву, які літаральна па крупінках вяртае нам скарбы мінуўшчыны, узнагарода стала нечаканай, хаця і заканамернай ацэнкай шматгадовай карпатлівай працы.
— Мы не разлічвалі, але гэта вельмі прыемна, — дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Клімашонак, намеснік генеральнага дырэктара кампаніі “Белрэстаўрацыя” па рэстаўрацыі. — Мы выканалі работы на многіх гістарычных аб’ектах, у тым ліку духоўных, але ніколі не думалі, што заслужым такую высокую ацэнку непасрэдна Кіраўніка дзяржавы.

За афіцыйнымі словамі ўказа — жывыя гісторыі выратавання шэдэўраў. На прадпрыемстве атрыманне прэміі звязваюць перш за ўсё з двума грандыёзнымі праектамі: рэстаўрацыяй фрэсак XII стагоддзя ў Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра і працай над іканастасам XVII стагоддзя ў Жыровіцкім манастыры.
ЭТАЛОННЫ ПРЫКЛАД
Работы спецыялістаў “Белрэстаўрацыі” ў Полацку доўжыліся больш за 15 гадоў. Пад алейным жывапісам XIX стагоддзя спецыялісты выявілі каля 1200 квадратных метраў унікальных фрэсак ХІІ стагоддзя — найбуйнейшы падобны помнік ва Усходняй Еўропе. Задача здавалася невыканальнай: як зняць пазнейшыя напластаванні, не пашкодзіўшы іх?
— Мы разам з маскоўскімі калегамі распрацавалі тэхналогію па адслаенні алейнага жывапісу, — тлумачыць Аляксандр Клімашонак. — Нават прымудрыліся зрабіць два адслаенні: спачатку пласт 1878 года ад пласта 1835-га, а потым творы 1835-га — ад аўтэнтычных фрэсак XII стагоддзя.

Аддзеленыя гістарычныя пласты не знішчылі, а беражліва перанеслі на новую аснову, і цяпер яны захоўваюцца ў мясцовым гарадскім музеі. Гэта эталонны прыклад навуковага падыходу, дзе павага да ўсіх эпох спалучаецца з ювелірнай дакладнасцю.
УНІКАЛЬНЫ ЎЗОР
Не менш цікавая гісторыя разгарнулася ў Жыровічах. Перад рэстаўратарамі стаяла задача вывучыць і аднавіць адзін з найстарэйшых у Беларусі іканастасаў. Вонкава канструкцыя здавалася трывалай, але зандажы паказалі: драўніна ў многіх месцах ператварылася ў пыл, з’едзена жучком і часам. Іканастас літаральна трымаўся на фарбе.

Пры разборцы здарылася адкрыццё, якое перайначыла гісторыю аб’екта. На адваротным баку аднаго з элементаў знайшлася шыльдачка з надпісам, якая заставалася схаванай больш за 350 гадоў: “У жніўні месяцы 1670 года Янам Радванскім быў зроблены іканастас”. Так пацвердзілася аўтарства і дакладны час стварэння другога і трэцяга ярусаў, бо з 1633-га канструкцыя мела адзін ярус.
Іканастас Успенскага сабора аказаўся ўнікальным узорам беларускага барока з моцным заходнім уплывам, так званага галандскага тыпу. Пад пластамі “жыццярадасных” алейных фарбаў XIX стагоддзя адкрылася першапачатковая задума: чорны фон, на якім “гарыць” складанае паліментнае залачэнне.
Гэтая амаль страчаная тэхналогія заключаецца ў тым, што на восем слаёў ляўкасу наносіцца найтанчэйшы пласт гліны, у які ўціраецца золата. Пасля паверхня паліруецца агатавым зубком.
— Самае прыгожае, з люстраным бляскам, золата, якое можна зрабіць, — паліментнае. Гэта найвышэйшае мастацтва, — адзначае спецыяліст.
Канцэпцыя майстроў — правесці музейную рэстаўрацыю з максімальным захаваннем усіх сапраўдных элементаў, нават фрагментаў струхлелай драўніны, якія ўмацоўваюцца сучаснымі саставамі. Страчаныя дэталі ўзнаўляюцца па аўтэнтычных тэхналогіях XVII стагоддзя.
НАВУКА І МАСТАЦТВА
Прэмія “За духоўнае адраджэнне” — прызнанне таго, што праца рэстаўратара падобная да служэння. Гэта не проста рамяство, а сінтэз навукі, мастацтва і вялікай адказнасці. Кожны аб’ект унікальны і патрабуе індывідуальнай увагі — да 40 % справы складае навукова-даследчая дзейнасць.
— Рэстаўрацыя — гэта вялікі працэнт навукі, адмысловыя методыкі. Акрамя таго, да кожнага аб’екта належыць падбіраць свае падыходы, — падкрэслівае Аляксандр Клімашонак.

Сёння калектыў “Белрэстаўрацыі” працягвае працу ў Жыровічах і ў Нясвіжы, вырашаючы не менш складаныя задачы. Гэтыя людзі вядуць дыялог з мінулым ад імя будучых пакаленняў. Захоўваючы камяні, фрэскі і дрэва, спецыялісты вяртаюць нам звёны адзінага ланцуга гісторыі, умацоўваюць духоўны падмурак нацыі.
Віктар ГАЎРЫШ.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з адкрытых крыніц