Імя, якое вяртаецца: Юзаф Чаховіч

Юзаф Чаховіч — адзін з самых выбітных фатографаў другой паловы XIX стагоддзя. На жаль, творца доўгі час заставаўся амаль невядомым на роднай зямлі, а беларуская частка яго спадчыны — найменш вывучанай і асэнсаванай.

 

Аўтапартрэт

Юзаф Бенедыкт Чаховіч нарадзіўся 2 (14) сакавіка 1818 года ў Віцебскай губерні. Хрост адбыўся ў касцёле Святога Гераніма ва Ушачах, які да нашага часу, на жаль, не захаваўся. Бацькі Юзафа — Юстын Чаховіч і Францішка з роду Падгорскіх — паходзілі са старых шляхецкіх фамілій Полацкага ваяводства. Род Чаховічаў, вядомы таксама пад двайным прозвішчам ЛяховічыЧаховічы, карыстаўся гербом “Астоя”.

Каля 1819 года сям’я пераехала з фальварка Ханякоўшчына Лепельскага павета ў Міткавічы (сучаснае Крывое Сяло) у Полацкім павеце, каля паштовага тракту паміж Віцебскам і Лепелем. Менавіта ў гэтых мясцінах — сярод лясоў і палёў, на берагах Заходняй Дзвіны і яе прытокаў — фарміравалася светаўспрыманне будучага мастака. Прырода Полаччыны стала першай школай эстэтыкі і гармоніі.

 

ПОШУК СЯБЕ

У Віцебскую мужчынскую гімназію Юзаф разам з братам Аляксандрам паступіў у верасні 1830-га, прычым быў залічаны адразу ў другі клас. Праграма ўключала некалькі замежных моў, рэлігію, матэматыку, гісторыю, геаграфію, асновы малявання і каліграфіі. Хлопец вылучаўся стараннасцю і здольнасцямі да матэматыкі.

Віцебск стаў для яго не проста горадам навучання, шчаслівага юнацтва і сяброўскіх сувязей, а прасторай інтэлектуальнага сталення, якая падрыхтавала да далейшага самаразвіцця. Бацькі бачылі будучыню сыноў у вайсковай службе, аднак тыя абралі іншыя шляхі.

У 1844— 1847 гадах Юзаф — бухгалтар шпіталя ў Замасці. У 1843-м атрымаў чын калегіяльнага рэгістратара, а ў 1846-м — павышэнне да губернскага сакратара. Досвед фінансавай і арганізацыйнай працы пазней адыграў важную ролю ў кіраванні творцы ўласнай фатаграфічнай майстэрняй.

 

НАРАДЖЭННЕ ФАТОГРАФА

Каля 1853 года Чаховіч звярнуўся да святлапісу. Асновы рамяства ён, імаверна, засвоіў у Варшаве, у асяроддзі вядомых адмыслоўцаў. Аднак сапраўдным паваротам быў пачатак 1860-х, калі Юзаф перабраўся ў Віцебск — горад сваёй маладосці, сяброў і ўспамінаў. Тут мужчына адкрыў майстэрню, якая не толькі давала сродкі для існавання, але і стала прасторай рэалізацыі задум.

Жабракі,  1870-1885

У лісце ад 10 ліпеня 1863 года творца канстатаваў, што пасля прыезду з Еўропы прысвяціў сябе мастацкаму здымку і паставіў перад сабой задачу фіксаваць гістарычныя віды Расійскай імперыі. Падобныя словы сведчаць аб разуменні фатаграфіі як сродку асветніцтва і захавання спадчыны. Гэты перыяд быў надзвычай плённым. Чаховіч працаваў не толькі ў губернскім цэнтры, але і ў іншых гарадах.

У 1864-м у санкт-пецярбургскім навукова-тэхнічным часопісе “Фатограф” высока ацанілі віцебскія работы Юзафа, адзначыўшы іх чысціню і выразнасць. Такое дасягненне стала першым істотным поспехам майстра, звязаным з роднай зямлёй.

 

МІЖНАРОДНАЕ ПРЫЗНАННЕ

У жніўні 1865 года Чаховіч пераехаў у Вільню, дзе талент раскрыўся ў поўнай меры.

Вуліца Каралеўскі млын, Вільня, 1869 (бачны дамы Уладзіслава Сыракомлі і Чарноўскіх)

Была створана серыя гарадскіх здымкаў, што прынесла аўтару вядомасць. Яго імя прагучала за межамі імперыі: ён уступіў у Французскае фатаграфічнае таварыства, удзельнічаў у выставах у Парыжы, работы Юзафа заваёўвалі ўзнагароды.

Панарама Гродна, 1884

Тым не менш сувязь з беларускімі землямі не перарывалася. У 1884-м адмысловец пабываў у Гродне і пакінуў здымак панарамы горада.

Праз тры гады Чаховіч паўдзельнічаў у навукова-даследчай экспедыцыі па Віліі з Вілейкі ў Вільню і Коўна. Як фатограф падарожжа, падрыхтаваў альбом “Берагі Віліі”, зноў звярнуўшыся да краявідаў, блізкіх з дзяцінства. На здымках можна ўбачыць Міхалішкі, Жодзішкі, Быстрыцу, Данюшава, Тупальшчыну і іншыя мясціны.

 

ПАРТРЭТ І ПЕЙЗАЖ

Вольга Кучынская,  1868

Партрэтная фатаграфія для Чаховіча стала практычным фундаментам жыцця: менавіта партрэты давалі сродкі для існавання і дазвалялі займацца пейзажамі.

Фотаатэлье Чаховіча на Антокалі, Вільня, 1866

Майстэрні Юзафа ў Віцебску і Вільні былі запатрабаванымі: кліенты цанілі тэхнічную дасканаласць, кампазіцыю і ўменне працаваць са святлом. Але сапраўднае захапленне Чаховіча — пейзажная фатаграфія.

Менавіта ёй адводзілася роля справы жыцця. Выявы гістарычных месцаў, створаныя Юзафам, — гэта не проста дакументы эпохі, а па-мастацку вывераныя вобразы, насычаныя святлом.

Вострая брама, Вільня

Ён стаў піянерам сістэматычнай здымкі гарадоў, адным з першых фатографаў інтэр’ераў сакральнай і палацавай архітэктуры, актыўна выкарыстоўваў прынцыпы панарамнай здымкі. Іменна дзякуючы пейзажнаму ды інтэр’ернаму фота адмысловец быў узнагароджаны срэбнымі медалямі ў Маскве і атрымаў высокія водгукі ў Парыжы.

 

СПАДЧЫНА І ПАМЯЦЬ

Юзаф Чаховіч памёр 1 (13) студзеня 1888-га ў Вільні ва ўзросце 69 гадоў. Пахаваны на бернардзінскіх могілках. Сёння на месцы, дзе спачывае майстар, стаіць невялічкі, але прыкметны помнік.

Жыццёвы шлях — ад Ушачаў і Бешанковічаў да еўрапейскага прызнання — даказвае вырашальную ролю беларускіх каранёў у станаўленні фатографа. Сёння яго работы захоўваюцца ў музеях Вільні, Варшавы, Масквы і Ватыкана. Гэта не толькі творы мастацтва, але і гістарычныя дакументы. Вяртанне імя Чаховіча ў беларускі культурны кантэкст можна лічыць аднаўленнем справядлівасці і асэнсаваннем здабыткаў Юзафа як часткі нашай агульнай спадчыны.

 

СУПОЛЬНЫМІ ВЫСІЛКАМІ

Вялікі ўклад у вяртанне імя гэтага выбітнага чалавека ўнёс літоўскі гісторык мастацтва Дайнюс Юневічус. Сярод іншых навукоўцаў варта згадаць беларуску Надзею Саўчанка, якая даследавала адкрыццё віцебскай майстэрні, і Алену Бархатаву, што выявіла некаторыя значныя дакументы расійскага перыяду. Важным сведчаннем прызнання стаў прысвечаны Юзафу Чаховічу праект “Людзі цікавыя людзям”, падрыхтаваны ва Ушацкім музеі народнай славы імя У. Лабанка. На выставе можна азнаёміцца з жыццяпісам фатографа і ўбачыць копіі яго твораў.

Зміцер ЮРКЕВІЧ

Артыкул надрукаваны ў газеце "Культура" (№ 2 ад 9 студзеня 2026 г.)