Аляксандра Смірнова — стыпендыятка спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможца шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў — распавядае пра шлях у прафесію музыканта, дасягненні і планы.

Дзіўны свет гукаў і нот дзяўчына адкрыла для сябе ў пяць гадоў, калі ў клас завіталі настаўнікі са школы мастацтваў. Яны расказвалі пра розныя інструменты, у тым ліку — пра домру. Аляксандра ўспамінае: “Як толькі ўбачыла яе, такую незвычайную, проста чароўную, і пачула… Адбылася нейкая магія! Адразу зразумела: вось яно”. Лёсавызначальная сустрэча прывяла нашу гераіню ў Магілёўскую дзіцячую школу мастацтваў № 1 імя Ігара Лучанка. Там надзейнай апорай юнай артысткі стала Ганна Аляксандраўна Вільчынская. І, што важна, цудоўны тандэм настаўніцы і вучаніцы працягвае мацнець з кожным днём.
— Аляксандра, з якімі творчымі здабыткамі вы ўступілі ў новы год?
— У 2025-м было мноства цікавых праектаў! Назаву самыя важныя і дарагія сэрцу моманты… Па-першае, я атрымала стыпендыю дабрачыннага фонду “Новыя імёны” імя Іветы Воранавай — да гэтага дасягнення ішла доўга і ўпарта.
Па-другое, займела званне лаўрэата першай ступені на конкурсе “Кубак Поўначы” ў Петразаводску, а на спаборніцтве PRIMA DOMRA ў Маскве выйграла пуцёўку ў летнюю творчую школу фонду “Новыя імёны” пад кіраўніцтвам Дзяніса Мацуева. Паездка падарыла безліч станоўчых уражанняў і багата карысных прафесійных адкрыццяў.
Былі і неверагодна важныя для выканальніцкага росту імпрэзы. Пашчасціла выступаць на адной сцэне са знакамітым Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам імя Міхаіла Фінберга, з заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь аркестрам народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Леаніда Іванова і студэнцкім аркестрам рускіх народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
І асаблівы гонар — сыграць разам з Нацыянальным Прэзідэнцкім аркестрам пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова.

— А калі давялося сустрэцца са слухачом упершыню?
— Дэбют адбыўся на конкурсе “Дняпроўскія хвалі”. Дагэтуль памятаю, якой вялізнай здавалася тады мне, сямігадовай, сцэна… Але ўсё склалася цудоўна! Досвед прыдбала вельмі аптымістычны.
— Раскажыце, калі ласка, пра ваш рэпертуар.
— Ён дастаткова разнапланавы, ахоплівае мноства музычных стыляў і эпох. Сярод таго, што выконваю з асаблівым трапятаннем, — знакаміты канцэрт “Вясна” з нізкі “Поры года” Антоніа Вівальдзі, пранікнёная Элегія Сяргея Рахманінава, яркія і віртуозныя “Яўрэйскія мелодыі”, “Інтрадукцыя і чардаш” Аляксандра Цыганкова...
— А ў эмацыйным плане што бліжэйшае?
— Раней падабаліся выключна вясёлыя і энергічныя творы. Толькі з часам зразумела прыгажосць і глыбіню кантыленных і драматычных кампазіцый. Пераломным момантам стаў раманс “Гары, гары, мая зорка”. Падчас выканання настолькі праніклася кожнай нотай, кожным акордам, што здавалася, быццам магу іграць бясконца. Гэта адкрыла багата новых музычных сэнсаў.

— У чым знаходзіце натхненне?
— У падтрымцы блізкіх людзей, шчырым прызнанні і пераканаўчых выніках працы — перамогах і заслужаных узнагародах. А яшчэ — у станоўчых водгуках гледачоў. Мне, як і многім артыстам, важна адчуваць сувязь з публікай.
— Хто з музыкантаў для вас узор?
— Выбітныя дамрысты Іраіда Забелава, Кацярына Мачалава, Вячаслаў Круглоў, Аляксандр Цыганкоў, Андрэй Гарбачоў, Наталля Шкрабко, Ілья Кокін.
— Як бавіце вольны час?
— Раней захаплялася танцамі, а потым вырашыла цалкам засяродзіцца на музыцы. За межамі заняткаў самастойна асвойваю розныя інструменты. Цяпер, напрыклад, узялася за гітару…
А яшчэ калісьці ўдзельнічала ў шахматных турнірах. Я вельмі дапытлівая натура! Прычым з дзяцінства. Чытаць навучылася ў тры гады, а ў чатыры ўжо гуляла з дзядулем у шахматы.
— У вашай скарбонцы дасягненняў — чатыры прэміі прэзідэнцкага фонду. Якія пачуцці ўзнікаюць, калі здабываеце такія прэстыжныя ўзнагароды?
— Я прыкладала шмат намаганняў, каб дайсці да гэтага. І кожны раз, калі ўсё атрымлівалася, мяне накрывала хваля станоўчых эмоцый. Вельмі ўдзячная, што з году ў год мае таленты знаходзяць прызнанне з боку дзяржавы.

— Як дабіцца ўражальных вынікаў? У чым сакрэт поспеху?
— У дапамозе моцных, улюблёных у сваю справу педагогаў. Знайсці такіх людзей — сапраўдны падарунак лёсу. Шчыра дзякую за прафесійнае майстэрства выкладчыку цыклавой камісіі “Струнныя народныя інструменты” Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Іраідзе Аляксееўне Забелавай. Дзякуй цудоўнай роднай школе мастацтваў, у прыватнасці чуламу дырэктару Ірыне Уладзіміраўне Пякарскай! Менавіта ў гэтых сценах атрымала першы вопыт саліравання з аркестрам, а цяпер спецыяльна для мяне тут ствараюцца аркестравыя інструментоўкі. Унікальны падыход у нас, дарэчы, да кожнага маладога талента! І куды я без Ганны Аляксандраўны Вільчынскай? Яна з тых людзей, якія здольныя ў імгненне запаліць у табе натхненне. Яе душэўнасць, мудрасць і непахісная настойлівасць — мой галоўны арыенцір.
— Куды зараз накіраваны вашы намаганні? Што ў планах?
— Працягваць жыць мастацтвам і развівацца на музычнай ніве, каб і надалей азараць свет чараўніцтвам любімай домры!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва гераіні