Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі сустрэў зімовыя святы прэм’ерай “Ладдзі роспачы”, прымеркаванай да 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

ШМАТАБЛІЧНАСЦЬ
Аповесць, якую аўтар назваў навелай, тэатральна ўвасаблялі не раз: у драме, ляльках, у жанры оперы. Так-так, Сяргей Бельцюкоў напісаў аднайменную оперу, прэзентаваную амаль тры гады таму ў філарманічным фармаце канцэртнага выканання, шчодра аздобленага відэапраекцыяй. А яшчэ ёсць мультыплікацыйная стужка, знятая на “Беларусьфільме” ў 1987-м.
Гэтую шматаблічнасць уяўленняў пра літаратурны твор і яго герояў адлюстравала выстава ў арт-холе тэатра — сумесны праект з Еўразійскай мастацкай садружнасцю: 12 яе чальцоў адгукнуліся на прапанову і прадставілі бачанне асобных старонак і персанажаў. Цікава: 11 аўтараў — жанчыны. Чым не дадатковае пацвярджэнне таго, што 2026-ы абвешчаны Годам беларускай жанчыны своечасова?

Стылі і тэхнікі выканання — самыя розныя, але з перавагай рэалізму. Дарэчы, пазнаёміцца з экспазіцыяй можна да канца месяца, прычым не толькі па квітках на спектаклі, але і бясплатна — днём з чацвярга па суботу. І параўнаць тыя карціны з уласнымі, намаляванымі ў галаве пасля прачытання арыгінала.
СПЛЯЦЕННІ
Жанравае азначэнне цяперашняй пастаноўкі — легенда. Прэм’ера падрыхтавана дырэктарам РТБД, знаным рэжысёрам Святланай Навуменка, якая выступіла таксама аўтарам інсцэніроўкі. Яшчэ адзін жаночы погляд на аповесць? Калі і так, дык у найлепшым сэнсе — з усёй жаночай увагай да дэталей, псіхалагічных тонкасцей, без аніякай гіпертрафаванай рамантызацыі любоўнай тэмы. Наадварот, рысы прыпавесці тут узмоцнены шматлікімі адсылкамі да ўсёй гісторыі мастацтваў, пачынаючы з Антычнасці.
Сувязі са старажытнагрэчаскай міфалогіяй, памножанай на беларускую даўніну, былі закладзены самім Караткевічам. Бо і ладдзя (не човен, не лодка, а менавіта ладдзя), і падарожжа ў падзямельнай цемры па таямнічай рацэ — не што іншае, як шлях на той свет па рацэ Стыкс, толькі замест Харона — больш звыклы для беларусаў Перавозчык (Андрэй Дабравольскі). Гервасію невыпадкова 33 гады — узрост Хрыста, які памёр, але перамог смерць сваім уваскрашэннем. Ды і шахматная партыя — намёк на вядомую карціну нямецкага мастака-акадэміста Рэтча “Шахматысты”, дзе юнак гуляе на сваё жыццё з д’яблам, а не са смерцю і за імі сочыць анёл-ахоўнік.

Аднак спектакль выяўляе і адсутныя ў аповесці сувязі з лічбавай сімволікай і сусветным мастацтвам. Падкрэслена сакральнасць лічбы 3. Акурат столькі ў спектаклі і сяброў-балак (у аповесці іх больш), і паверхаў (бы ў батлейцы) сцэнічнай прасторы, якая ў другой дзеі ператвараецца ў ладдзю-лайнер-карабель, і развешаных карцін, што незаўважна яднаюць жывапіс Рэнесансу з палехскім роспісам (дэкарацыі Юрыя Саламонава). І пацярпелых, справы якіх вывучаюцца Суддзёй (Канстанцін Воранаў): Наглядчык за бабрамі (Віктар Багушэвіч), Палкоўнік (Ігар Сідорчык), Стараста (Валянцін Салаўёў).
Духоўны суд, азначаны ў пісьменніка ўсяго трыма сказамі, узрастае тут да працяглай сцэны — нават больш разгорнутай, чым сустрэча Гервасія Вылівахі (Алесь Ніканенка) з каралевай Бонай Сфорцай (Наталія Саламаха ці Наталля Халадовіч). Абвінавачанні героя ў разбэшчанасці вырашаны парадыйна і нагадваюць гісторыі з “Дэкамерона” Бакача пра маладых жонак, што весела абдурваюць старых мужоў з палюбоўнікамі. Рагатыя шлемы маюць падвойнае тлумачэнне: перад намі і раганосцы, і камічна ваяўнічыя “вікінгі”, як іх малююць у сучаснай масавай культуры (насамрэч такія шлемы — усяго толькі міф, народжаны ў операх Р. Вагнера і замацаваны ў кіно). Заўважныя і спасылкі на жыццялюбства “Карміны Бурана” К. Орфа, створанай паводле сярэднявечных вершаў з аднайменнага зборніка. Нават Смерць (прыгажуня Вераніка Буслаева) тут падобная не да жудаснай старой у чорным, а да вытанчанай алебастравай статуі старадаўніх рымлян (мастак па касцюмах — Таццяна Лісавенка). Некаторыя эстэтычныя паралелі, асабліва ў другой дзеі, ёсць і з названай раней анімацыйнай стужкай, і з тэатрам ценяў, кінастылем нуар, выяўленчай тэхнікай к’яраскура (святлацень ужываецца для перадачы трохмернасці малюнка).
Тонкім мастацкім сувязям, падобным да выкшталцоных карунак, супрацьстаіць спляценне канатаў, што сімвалізуюць павуцінне Арахны (Павел Зароўскі). Многія моманты вырашаны пластычна (харэограф — Дзіяна Юрчанка): сцэна з кінутай каханай, усплыванне ўваскрэслых душ і ўвогуле перыпетыі на таямнічай ладдзі. Гарманічна скарыстаны відэа-кантэнт, падрыхтаваны Аляксеем Ладышавым. У музыку Андрэя Лабчэўскага — то эстрадна-песенную, то псіхалагічна-атмасферную ў стылістыцы эмбіент, дроўн — дададзены элементы беларускай народнай “Перапёлачкі".

СЭНСЫ
Такая разнастайнасць сувязейспляценняў прыводзіць да шматслойнасці сэнсавых ліній. Апроч цэнтральнай, з вечным філасофскім супрацьпастаўленнем жыцця і смерці, тут ярка падсвечана гістарычная тэматыка. Прычым не толькі часы Жыгімонта і Івана Жахлівага, але і больш глыбінныя эпохі — тых жа Уладзіміра з Рагнедай, разбурэння Полацка. Закранута паданне пра Верасовую Жанчыну (Валерыя Лялькова). Сканцэнтравана ўвага на такой распаўсюджанай псіхалагічнай праблеме, узрошчанай у многіх пакаленнях, як сіндром адкладзенага жыцця, калі “людзі не ўмеюць жыць і таму кажуць пра заўтра”. Падкрэслена тэма прыгажосці — жывой, рознакаляровай. Мёртвай — чорна-белай, шэрай. І лейтматывам стала любоў да роднай Беларусі-шыпшыны. А колькі сэнсаў налічылі вы?
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА