Каб не страчваць добрага настрою, прыдбанага падчас зімовых святаў, раім завітаць на выставу “Што расце на ёлцы”, якая працуе да 1 лютага ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.

Ёлачныя цацкі — не толькі цікавыя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і сведкі сямейных святаў, насычаныя яркімі ўражаннямі, радасцю і ўтульнасцю. Гэтыя ўпрыгожанні перадаюцца з пакалення ў пакаленне і робяцца часткай культурнай памяці, дапамагаючы захаванню традыцый.
Экспазіцыя дазваляе прасачыць за эвалюцыяй навагодніх цацак, якія выкарыстоўвалі мінчукі ў ХХ стагоддзі, пазнаёміцца са зменамі ў матэрыялах, мастацкіх тэхніках і сюжэтах, што ўжываліся пры іх вырабе, і здзейсніць захапляльнае падарожжа ў атмасферу Новага года, напоўненую настальгіяй, цёплымі ўспамінамі і зачараваннем мінулай эпохі. Гісторыя ёлачных упрыгожанняў, як і звычай адзначэння Новага года і Калядаў наогул, сягае далёка ў мінуўшчыну. Яшчэ ў XVI стагоддзі ў Еўропе калядныя ялінкі дэкаравалі яблыкамі, слівамі і арэхамі, зваранымі ў мёдзе, якія, у адпаведнасці з хрысціянскай традыцыяй, сімвалізавалі райскія плады спазнання дабра і зла.

А першыя шкляныя ёлачныя цацкі з’явіліся ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў Германіі — тады там акурат здарыўся неўраджай яблыкаў, і нямецкія майстры прыдумалі замяніць традыцыйныя калядныя ўпрыгожанні шклянымі ўвасабленнямі гэтых пладоў.
Кожнае дзесяцігоддзе, кожная гістарычная эпоха з яе адметнымі з’явамі знаходзілі дакладнае адлюстраванне ў ёлачных цацках. Дарослым наведвальнікам выставы будзе цікава прыгадаць дзяцінства ў антуражы савецкіх зімовых святаў, а маладзейшыя госці змогуць больш дазнацца аб тым, як сустракалі Новы год іх бацькі, бабулі і дзядулі, і параўнаць свае ўражанні ад ялінак тагачасных і цяперашніх.

АДЛЮСТРАВАННЕ ЭПОХІ
На выставе можна пабачыць каля чатырох соцень навагодніх упрыгожанняў і іншых атрыбутаў зімовых святаў са збораў членаў Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў Алега Кастраміна і Галіны Селюжыцкай. Тут прадстаўлены шкляныя, картанажныя і ватныя цацкі, вытворцамі якіх былі такія арцелі і фабрыкі, як “Ёлачная цацка”, “Дзіцячая цацка”, “Прамцацка”, “Культцацка”, арцель імя Шаўмяна, Навукова-даследчы інстытут цацкі ды іншыя. Гэта як звыклыя распісныя шары, ліхтарыкі і ледзяшы, упрыгожанні з паперы, кардону, пластыку і фольгі, так і характэрныя для савецкай эпохі агітацыйныя цацкі ў форме дырыжабляў з надпісам “СССР”, фігуркі чырвонаармейцаў, шары з акцябрацкімі чырвонымі зоркамі і сярпом ды молатам.
Сярод цікавых экспанатаў перыяду Вялікай Айчыннай — навагодні нумар часопіса “Раздавім фашысцкую гадзіну” (1945), на вокладцы якога Дзед Мароз паказаны ў вобразе беларускага партызана. А многія экспанаты 1960-х звязаны ўжо з папулярнай тады касмічнай тэматыкай — тут і касманаўты, і ракеты, і далёкія планеты.
ЧАГО ТОЛЬКІ НЯМА!
Картанажныя ўпрыгожанні рабіліся ў выглядзе жывёл і птушак, у тым ліку такіх экзатычных, як вярблюды, малпы, кракадзілы, сланы, страусы, папугаі і паўліны. Шкляныя фігуркі, якія пачалі набіраць папулярнасць у 1950-х, паказваюць садавіну, ягады і грыбочкі, Дзядоў Марозаў, снегавічкоў, зайчыкаў, вавёрак і мядзведзяў, персанажаў “Чыпаліна” і “Доктара Айбаліта”, а таксама герояў “Марозка” ды іншых рускіх народных казак.

Сярод найстарэйшых, дужа крохкіх і таму найбольш рэдкіх ды каштоўных ватных цацак, якія былі распаўсюджаны ў 1930–1940-я, можна пабачыць клоўнаў, акрабатаў, балерын, лыжнікаў і хакеістаў ды ўвогуле прадстаўнікоў розных прафесій і народаў, што жылі ў СССР. Цацкі з ваты часта ствараліся саматужным спосабам, уручную, працаўнікамі адмысловых арцеляў. Усярэдзіне яны маюць каркас з дроту, а звонку дэталёва размаляваны і ўпрыгожаны.
Адной з найбольш распаўсюджаных тэхналогій, якія рабілі такую цацку прывабнай і яскравай, было напыленне шкла: спачатку выдзімалі шкляны шар, а пасля разбівалі яго на мноства часцінак — і пакрывалі фігурку чароўным бляскам, што нагадваў водсвет снежнага покрыва.

ЦАЦАЧНАЯ ГІСТОРЫЯ
Дапаўняюць выставу электрычныя гірлянды, серпанцін, бенгальскія свечкі, карнавальныя маскі, скрынкі ад салодкіх падарункаў з дзіцячых ранішнікаў, фігуры Дзеда Мароза, а таксама, вядома ж, упрыгожаная ялінка. У вітрынах і на планшэтах прадстаўлены святочныя публікацыі савецкай перыёдыкі і калядныя ды навагоднія паштоўкі, у тым ліку і дарэвалюцыйнай эпохі, якія зберагліся ў насельнікаў сталічнага Паўночнага завулка. Там да сёння цудам захавалася жылая забудова пачатку ХХ стагоддзя і арганізавана музейная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі мінскіх прадмесцяў Пляшчанкі і Грушаўкі.
Асобна варта адзначыць цудоўнае аздабленне экспазіцыі — шкляныя чалавечкі і звяркі тут не проста выстаўлены ў вітрынах, а прадстаўлены ў тэматычных блоках з адпаведнымі дэкарацыямі, фігуркі з ваты змешчаны ў інсталяцыях між драўляных дамкоў утульнай цацачнай вёскі, утвараючы забаўныя сцэнкі з жыцця персанажаў навагодняй казкі. Гэта яшчэ больш набліжае экспанаты да гледача, прымушаючы паверыць у калядны цуд, калі звычайныя ёлачныя ўпрыгожанні ажываюць і самі распавядаюць сваю гісторыю.
Антон РУДАК. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА