Кніжнае сэрца Полацка

Апублiкавана: 19 студзеня 2026 Стужка Бібліятэкі Віцебск і воблась Дата

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

75 гадоў таму ў Полацку адкрылася публічная бібліятэка № 2, якая сёння з’яўляецца філіялам № 3 раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і носіць імя Янкі Купалы. Установа культуры — юбілярка лічыцца адной з найлепшых у горадзе.

 

Падчас майстар-класа

МОЦНЫ ПАДМУРАК

У тым далёкім 1950-м штат кніжнай скарбніцы складаўся з двух спецыялістаў, а фонд налічваў не больш за тысячу экзэмпляраў. Размяшчалася бібліятэка ў невялікім пакойчыку на 20 “квадратаў”. З часам мяняла прапіску — знаходзілася і ў кінатэатры, і нават у двухпакаёвай кватэры, пакуль нарэшце ў 1989 годзе не атрымала дом па вуліцы Марыненка. Першая палова гісторыі ўстановы — час, калі яе работнікі заклалі моцны падмурак для развіцця і папулярызацыі чытання сярод гараджан.

Валянціна Уладзіміраўна Багданава

Па словах загадчыцы філіяла Валянціны Багданавай, рупліўцы кніжнай нівы літаральна за год прыцягнулі некалькі соцень наведвальнікаў. Ладзілі канферэнцыі і сустрэчы з цікавымі людзьмі, выставы і літаратурныя агляды, ездзілі ў працоўныя калектывы, клапаціліся пра папаўненне фонду. Ён значна павялічыўся і ў 1957-м уключаў ужо 17 тысяч выданняў — не было дзе ўсталёўваць стэлажы. З-за адсутнасці чытальнай залы масавую работу праводзілі на прадпрыемствах, у арцелі, на мэблевай фабрыцы.

У 1964-м бібліятэцы прысвоілі імя Янкі Купалы. А праз шэсць гадоў адкрылася чытальная зала, у якой жыхары Полацка і яго ваколіц маглі пагартаць перыёдыку, падрыхтавацца да лекцый і экзаменаў, азнаёміцца з айчыннымі навуковымі даследаваннямі. На цяперашні момант фонд — больш за 23 тысячы асобнікаў.

 

 АТРЫМАЦЬ АЎТОГРАФ

— Справу першых бібліятэкараў прадоўжылі іх паслядоўнікі — такія ж апантаныя людзі, — расказвае Валянціна Уладзіміраўна.

На яе думку, з’яўленне чытальнай залы паспрыяла развіццю такога важнага кірунку, як папулярызацыя кнігі. Тут сталі ладзіцца сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі і прэзентацыі іх твораў. У гасцёўню завітвалі і масцітыя дзеячы мастацтваў, і піянеры. Напрыклад, шмат часу ў бібліятэцы праводзіў Навум Гальпяровіч — тады яшчэ аўтар-пачатковец.

Работнікі з цеплынёй і гонарам згадваюць імпрэзы з Петрусём Броўкам, Алесем Савіцкім, Генадзем Бураўкіным, Пятром Васючэнкам, іншымі вядомымі літаратарамі. Падобныя мерапрыемствы праходзілі з аншлагам: палачане лічылі за гонар паслухаць вершы з першых вуснаў, задаць пытанні асабіста і, вядома ж, атрымаць аўтограф.

 

У ТВОРЧЫМ ПОШУКУ

Акрамя традыцыйных лекторыяў, дыспутаў, ва ўстанове з’яўляюцца новыя формы працы. Да прыкладу, Валянціна Багданава распавяла пра арт-кавярню “Запалі сінім”. Гэты праект рэалізоўвалі для бацькоў, якія гадуюць дзяцей з разладамі аўтыстычнага характару. Шэраг сустрэч са спецыялістамі — рэабілітолагамі ды іншымі медыкамі, псіхолагамі, педагогамі — дапоўнілі арт-заняткі. Завяршальным этапам стаў круглы стол з прадстаўнікамі духавенства, калі кожная мама пачула практычныя парады.

— Прасторнае памяшканне таксама дазволіла нам арганізоўваць выставы — не толькі кніжныя, але і карцінныя, — працягвае кіраўніца. — Апошняя з такіх — “Памяць мацнейшая за час” мастака Пятра Грывусевіча, прымеркаваная да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Яшчэ ў 2013-м па блаславенні архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія ва ўстанове адкрылася зала праваслаўнай літаратуры — адзіная ў бібліятэчнай сістэме, горадзе і Віцебскай вобласці. Гэта стала пачаткам новага кірунку дзейнасці. Духоўна-асветніцкая праца скарбніцы мае на мэце фарміраванне высокага каштоўнаснага стаўлення да гістарычнай і духоўнай спадчыны беларускай зямлі, далучэнне да вопыту праваслаўнай культуры праз чытанне.

 

Маленькія наведвальнікі бібліятэкі

 ПАЛЮБІЦЬ ЛІТАРАТУРУ

Як кажа Валянціна Багданава, у філіяле шмат увагі надаецца новаму пакаленню. Тыдні і дні дзіцячай кнігі, святы з удзелам беларускіх пісьменнікаў ды іншыя праекты прывабліваюць юных наведвальнікаў. Напрыклад, ужо чатыры гады дзейнічае арт-студыя “Светлячок”, дзе бібліятэкары займаюцца з малодшымі школьнікамі творчасцю — выкарыстоўваюць нестандартныя тэхнікі выяўленчага мастацтва. Гэта паперапластыка, маляванне мыльнымі бурбалкамі і цукрам, іншыя незвычайныя спосабы. Працэс будуецца праз прызму чытання. Дзякуючы такім мерапрыемствам хлопчыкі і дзяўчынкі ўсё больш цікавяцца літаратурай.

 

ГАЛОЎНАЯ КАШТОЎНАСЦЬ

І ўсё ж сапраўдная славутасць бібліятэкі — калектыў. Менавіта ён той нястомны рухавічок, што прасоўвае справу. Валянціна Багданава распавядае пра калег з захапленнем:

— Сёння мы можам з гонарам казаць, што наша ўстанова стала сапраўдным культурным цэнтрам. Мы перажылі шмат значных падзей і працягнем пашыраць гарызонты творчасці і самавыяўлення. Хачу шчыра падзякаваць усім работнікам, якія ўкладваюць у працу душу. Менавіта яны — сэрца кніжнага храма. А чытач для бібліятэкара — галоўная каштоўнасць. Няхай наш дом кніг будзе месцам, дзе кожны знойдзе натхненне і новых сяброў.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы