Беларусь стала другім домам

Апублiкавана: 15 студзеня 2026 Стужка Адукацыя Мінск Соцыум

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Усё больш маладых замежнікаў выбірае нашу краіну для атрымання вышэйшай адукацыі. Павелічэнне колькасці адпаведных дагавораў з грамадзянамі іншых дзяржаў — у ліку прыярытэтных задач айчынных ВНУ, бо наўпрост звязана з развіццём экспарту паслуг.

 

ВЫБАР ВЫЗНАЧАЕ ЯКАСЦЬ

Нашы ўстановы адукацыі ў сферы культуры лічацца найлепшымі сярод жыхароў Расіі, Прыбалтыкі, Усходу, Афрыкі. Адзін з самых папулярных — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Тут на годным узроўні забяспечваецца поўны цыкл вышэйшай адукацыі: падрыхтоўка абітурыентаў, бакалаўрыят, магістратура, аспірантура і дактарантура. І зразумела, чаму замежнікі імкнуцца паступіць менавіта ў БДУКМ. Па словах рэктара Наталлі Карчэўскай, ужо больш за 20 гадоў скарбніца ведаў прымае студэнтаў з розных куткоў свету.

— Цяпер такіх асоб ва ўніверсітэце некалькі сотняў, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. — Асноўную частку складаюць грамадзяне Кітайскай Народнай Рэспублікі. Разам з імі сёлета атрымліваюць адукацыю прадстаўнікі 13 краін. І геаграфія пастаянна пашыраецца: напрыклад, апошнім часам у адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта пачалі актыўней супрацоўнічаць з Афрыкай.

Наталля Карчэўская са студэнтамі

БДУКМ наладзіў партнёрскія сувязі з многімі навучальнымі ўстановамі замежжа, у рамках пагадненняў праводзіць абмен вопытам, майстаркласы, рэалізоўвае сумесныя праекты.

— Напрыклад, у мінулым верасні арганізоўвалі для кітайскіх юнакоў і дзяўчат летнюю школу, — працягвае рэктар. — Яны былі ўражаны і нашым універсітэтам, і ўвогуле краінай. Развітанне выйшла надзвычай шчырым, некаторыя нават плакалі, абяцалі вярнуцца. Зразумела, не ўсе прыедуць па адукацыю ў Беларусь, але добрыя ўспаміны пра нашу дзяржаву захаваюць надоўга.

 

ПЕРААДОЛЬВАЮЧЫ БАР’ЕРЫ

Японка Харыуці Нацумі — слухачка магістратуры БДУКМ.

Харыуці Нацумі

Моўны бар’ер за час знаходжання тут амаль знік. Аднак па звычцы, што з’явілася на пачатку навучання, дзяўчына запісвае на відэа кожную лекцыю. Увечары ў інтэрнаце Нацумі яшчэ раз пераглядае матэрыял і канспектуе яго, перакладаючы з дапамогай слоўнікаў незразумелыя словы.

Наталля Карчэўская кажа: як правіла, большасць з тых, хто плануе атрымліваць адукацыю ў Беларусі, прыязджае, ужо маючы нейкую моўную базу. Гэта палягчае як працу педагогаў, так і жыццё саміх студэнтаў. Каб дапамагчы ім хутчэй асвоіцца, універсітэт шукае розныя магчымасці. На­прыклад, пры засяленні ў інтэрнаты і пры размеркаванні замежнікаў па пакоях улічваецца менталітэт, бытавыя звычкі кожнай нацыі.

 Падчас выступленняў

ПЕРАД ПАЧАТКАМ

Каб паступіць у БДУКМ, грамадзяніну іншай дзяржавы трэба прайсці курс лінгвакраіназнаўства на падрыхтоўчым аддзяленні — вывучыць мову і гісторыю, азнаёміцца з культурай Сінявокай. А яшчэ — удасканаліць навыкі па спецыяльнасці.

— Зразумела, у кожнага з іншаземных абітурыентаў свой узровень. Больш за тое — адпаведная школа вакалу, харэаграфіі ці выяўленчага мастацтва, — расказвае загадчыца падрыхтоўчага аддзялення Вольга Хадановіч.

Педагог Вольга Хадановіч і Сун Чэньфэй

Па яе словах, у асноўным навучэнцы матываваныя — добра ведаюць, чаго імкнуцца дасягнуць і як. Хаця сярод абітурыентаў ёсць і юнакі, дзяўчаты 16—17 гадоў.

Яшчэ падлеткам прыехаў у Беларусь з Кітая Сюаньчжэн Чжаа. Ён прайшоў падрыхтоўчы курс, паспяхова здаў іспыты, справіўся з бакалаўрыятам па адной з самых складаных спецыяльнасцей — харавое дырыжыраванне. Зараз — у магістратуры. Нягледзячы на тое, што выкладанне на другой ступені вышэйшай адукацыі ў БДУКМ вядзецца па-руску і па-англійску, хлопец абраў курс на рускай мове.

Сюаньчжэн Чжаа

— Яна больш варыятыўная і прыгожая, — мяркуе малады чалавек. — А яшчэ мне хочацца асвоіць да ўзроўню ўпэўненага карыстальніка беларускую — не проста каб разумець іншых і гаварыць, а каб атрымаць магчымасць чытаць творы мясцовых аўтараў.

Першы год у Мінску Чжаа згадвае як самы цікавы і складаны. Прыстасавацца да іншых рэалій было нялёгка. Аднак дзякуючы дапамозе куратараў, работнікаў інтэрната, а таксама старшакурснікаў усе бар’еры ўдалося пераадолець.

— З падапечнымі мы праводзім шмат часу, — працягвае Вольга Хадановіч. — Пачынаючы ад сустрэчы ў аэрапорце супрацоўнікамі аддзела міжнародных сувязей і заканчваючы выпускнымі іспытамі на падрыхтоўчым аддзяленні. У абсалютнай большасці замежныя студэнты — вельмі дысцыплінаваныя людзі. Яны старанныя на занятках і адказныя ў штодзённым жыцці.

— Прыехаў па веды, таму прыкладаю максімум намаганняў, каб здабыць іх, — гаворыць Сюаньчжэн Чжаа. — Мае тата і мама адпусцілі мяне за тысячы кіламетраў дзеля таго, каб я старанна вучыўся і вярнуўся дадому адукаваным спецыялістам.

 

ІНДЫВІДУАЛЬНЫ ПАДЫХОД

Канкрэтную мэту ў нашай краіне мае і Харыуці Нацумі:

— Калі пачула баян — адразу ўлюбілася ў гучанне, — распавядае дзяўчына. — А пра Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў мне расказала знаёмая, якая ў ім вучылася. У Японіі ва ўстанове, дзе я выкладаю музыку, можна ўзяць два вольныя гады для атрымання адукацыі — і вось я тут. Прайшла падрыхтоўку, паступіла ў магістратуру на спецыяльнасць “мастацтвазнаўства”. Мара здзейснілася — я іграю на баяне.

Цяпер Нацумі загарэлася новай мэтай — асвоіць цымбалы:

— У іх такі мілагучны, звонкі голас! Гэты інструмент нібы тысячы званочкаў. Ён нагадвае пра маю радзіму і разам з тым дэманструе шырокую, шчырую і ўзнёслую беларускую душу. Для музыканткі спраўдзіць мару стала магчымым дзякуючы тутэйшым педагогам, якія не толькі дапамаглі адаптавацца, але і сталі сапраўднымі праваднікамі ў свет нашага нацыянальнага мастацтва.

 Падчас выступленняў

— З кожным замежнікам вядзецца індывідуальная праца, — адзначае Наталля Карчэўская. — Уявіце геаграфію: Кітай, Гвінея, Японія, Літва і Латвія, Малі, Камерун… Нават унутры адной краіны бываюць адрозненні ў светапоглядзе і бытавых звычках. Таму дапамагаем усім, падтрымліваем, знаёмім з беларускім укладам жыцця.

 

МОВАЮ РУХАЎ

— Для маіх навучэнцаў веданне мовы на першых занятках не такое істотнае, — гаворыць загадчыца кафедры харэаграфіі Дар’я Кажамяка. — Харэаграфічнае мастацтва настолькі ўніверсальнае, што мы разумеем адзін аднаго без слоў. Дар’я Аляксандраўна ўпэўнена, што валодання французскай (мова класічнага танца) ці англійскай (мова сучаснага танца) прафесійнай тэрміналогіяй дастаткова, каб пачаць узаемадзейнічаць.

 Падчас выступленняў

Таксама загадчыца кафедры адзначае важнасць падрыхтоўчых курсаў, якія дазваляюць будучаму студэнту не толькі адаптавацца, але і пазнаёміцца з выкладчыкамі, усвядоміць, куды ён патрапіў і што ад яго патрабуецца, параўнаць мары з рэальнасцю. І вось тады, пры ўмове паспяховай здачы іспытаў і залічэння на першы курс, вучыцца прасцей.

Загадчыца кафедры харэаграфіі Дар’я Кажамяка

— Акрамя таго, курсы даюць магчымасць і педагогам убачыць узровень майстэрства абітурыентаў, каб эфектыўней будаваць працу, — тлумачыць Дар’я Кажамяка.

 

БАГАЦЦЕ ФАРБАЎ

Шматнацыянальнасць групы найярчэй адчуваецца на спецыялізацыі “народны танец”, дзе ствараюцца харэаграфічныя пастаноўкі розных краін незалежна ад паходжання выканаўцаў. Цікава, што нярэдка прадстаўнікі той ці іншай народнасці дадаюць у кампазіцыю свае, характэрныя для іх мясцовасці элементы і рухі.

— Усе толькі ў выйгрышы, — пераканана Дар’я Аляксандраўна. — Выступленне робіцца больш яскравым, эмацыйным, самабытным. А ва ўніверсітэце досвед застаецца нават пасля выпуску яго носьбіта.

Як прыклад выкладчыца прыводзіць праграму па абмене студэнтамі з ВНУ Казахстана. На працягу двух месяцаў госці вучыліся ў Мінску — за гэты час разам з беларусамі паставілі танец, які нашы суайчыннікі прэзентуюць і цяпер. Адпаведна, БДУКМ павёз нацыянальную харэаграфію казахскім сябрам.

 

З ЛЮБОЎЮ І ПАВАГАЙ

Якасць адукацыі, добразычлівасць народа, талерантнасць да замежнікаў, бяспечнае пражыванне, свабода веравызнання і самавызначэння ў творчасці робяць нашы ВНУ прывабнымі для студэнтаў з розных куткоў свету.

— У Мінску я знайшоў шмат таварышаў, — распавядае Сюаньчжэн Чжаа. — Прычым гэта як кітайцы, так і беларусы, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Для мяне ваша краіна стала другім домам. Тут жывуць самыя шчырыя і спагадлівыя людзі, самыя надзейныя сябры і, урэшце, самыя прыгожыя дзяўчаты!

Да падобных высноў прыйшлі таксама іншыя студэнты. Усе, з кім давялося пагаварыць, падкрэсліваюць прыязнасць і шчырасць беларусаў.

Экскурсія ў Нясвіж

Большасць выбрала нашу дзяржаву па рэкамендацыі сяброў, знаёмых ці настаўнікаў — тых, хто ўжо мае пазітыўны вопыт паездкі ў Сінявокую, хто адчуў якасць навучання і камфорт, хто захаваў у сэрцы любоў і пашану да Беларусі.

Наталля Карчэўская ўпэўнена: супрацоўніцтва і адукацыйныя паслугі для замежнікаў важныя не толькі з эканамічнага пункту гледжання, але і для падтрымання на міжнароднай арэне іміджу нашай нацыі — самадастатковай, гасціннай і годнай.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы