Праект “Памяць”: мост праз час

Апублiкавана: 11 студзеня 2026 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Гранты

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

У Акадэміі мастацтваў прадстаўлены праект “Памяць”. Серыя графічных партрэтаў беларускіх творцаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны зроблена Лізаветай Пастушэнка, загадчыцай падрыхтоўчага аддзялення ўстановы, на грант Прэзідэнта ў сферы культуры ў 2025 годзе.

 

Ініцыятыва стала прыкметнай з’явай не толькі ў гісторыі акадэміі, але і ў сучасным мастацтве. Асаблівая каштоўнасць серыі ў тым, што яна ў даступнай для маладой аўдыторыі форме распавядае пра нядаўняе мінулае нацыянальнай культуры. Пра тое, што стваралі людзі, якія перажылі ліхалецце, ваявалі. Кожная карціна раскрывае спецыфіку прафесійнай дзейнасці героя. Адразу відаць, хто архітэктар, хто жывапісец, графік, кінааператар, кампазітар. Мастачцы ўдалося адлюстраваць і характары — зрабіць псіхалагічныя партрэты. Ідэя праекта, як расказала Лізавета Пастушэнка, прыйшла падчас падрыхтоўкі да юбілейных урачыстасцей з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі.

— Я хацела паўдзельнічаць у выставе, прысвечанай 80-годдзю вызвалення нашай краіны, — растлумачыла Лізавета Анатольеўна. — Так нарадзіліся два партрэты — архітэктара Сяргея Баткоўскага і кераміста Тараса Паражняка.

Задума аказалася ўдалай. Каб працягнуць і пашырыць серыю, аўтарка вырашыла падаць заяўку на грант Прэзідэнта. Для цыкла было абрана яшчэ 13 прадстаўнікоў розных відаў мастацтва. Большасць герояў — тыя, хто шчыраваў у сценах акадэміі. Адзіным выключэннем стаў кампазітар Уладзімір Алоўнікаў.

Лізавета Пастушэнка адзначыла, што праца над кожным вобразам пачыналася з вывучэння біяграфіі, але інфармацыі часта не хапала. Пра кагосьці напісана шмат, а пра некага — усяго пару радкоў. Так з’явілася ідэя паказаць асоб менавіта праз прафесійную дзейнасць, зрабіць акцэнт на тым, чаму яны прысвяцілі жыццё пасля Вялікай Перамогі.

Тэхнічна працэс быў складаным. Прыходзілася выкарыстоўваць усе даступныя выявы. Старыя здымкі ў многіх выпадках мелі не вельмі добрую якасць. Часам даводзілася ствараць кампазіцыю на аснове некалькіх крыніц.

— Сярод герояў майго праекта ёсць людзі, у якіх толькі адна фатаграфія — з ваеннага білета ці з нейкага дакумента, — гаворыць Лізавета Анатольеўна. — Таму я старанна вывучала ўсю магчымую інфармацыю, спрабавала скласці ў галаве суцэльны вобраз, а потым адразу пераносіла яго на паперу.

Разважаючы пра будучыню праекта, аўтарка выказала надзею на працяг.

— Думаю, так ці інакш яшчэ зраблю нейкую колькасць партрэтаў проста таму, што не магу не прадоўжыць гэтую працу, — падсумавала Лізавета Пастушэнка.

Віктар ГАЎРЫШ