У кантэксце і на будучыню

Расійскія гастрольныя спектаклі, што па збегу абставін апраўлялі конкурсныя паказы ў секцыі “Тэатр драмы” Нацыянальнай тэатральнай прэміі, дадалі да яе палітры міжнародны кантэкст.

 

У гэтым сэнсе своеасаблівую “канкурэнцыю” беларускім фіналістам склалі Майстэрня Пятра Фаменкі і Разанскі дзяржаўны абласны тэатр драмы. Кожны калектыў — з чатырма пастаноўкамі, прычым маскоўскія ішлі ў нас з паўторамі.

Чым прываблівалі публіку госці? Найперш прафесіяналізмам. Тыя ж фаменкаўцы дэманстравалі папраўдзе вышэйшы пілатаж — і ў нядаўніх прэм’ерах, і ў камедыі Астроўскага “Ваўкі і авечкі”, што пастаўлена 33 гады таму і ідзе з абноўленым складам. Знешне традыцыйны, з пэўным рэверансам ХІХ стагоддзю ў мастацкім афармленні, калі сцэна шчыльна застаўлена мэбляй, спектакль прыцягвае найтанчэйшым псіхалагізмам і папраўдзе камічнымі мізансцэнамі, скрозь якія бачны ўвесь трагізм сітуацыі.

“Апошнія спатканні” паводле Буніна вылучыліся запатрабаванай сёння мазаічнай драматургіяй. Апавяданні выкладзены не паслядоўна, адзін за адным, а як асобныя часткі пазла, дзе агульная карцінка паўстае толькі ў канцы.

“Маякоўскі. Паслухайце” і “Мой Брэль” акрэслілі новыя падыходы да спектакляў-канцэртаў, літаратурна-музычных кампазіцый, баёпікаў, тэатралізаваных даследаванняў-разважанняў. У першым знітаваліся вершы, ліставанне, фрагменты аўтабіяграфіі. Але пададзеныя не дакументальна, а дыскусійна — як спрэчкі паэта самога з сабой, на адлегласці пражытых гадоў. Таму ролю Маякоўскага выконваюць адразу двое артыстаў рознага ўзросту, а голасам душы і ўнутраных памкненняў становяцца гукі так званага “прэпараванага”, “падрыхтаванага” піяніна — невыпадкова “распранутага”, з аголенымі струнамі, паміж якіх могуць прыстасоўвацца дадатковыя дробныя прадметы.

“Мой Брэль”, дзе трое артыстаў дзеляцца ўласнымі сутыкненнямі з творчасцю бельгійскага барда і спяваюць яго песні, балансуе на мяжы з жанрам сторытэлінгу — апавяданнем гісторый.

Абедзве працы засведчылі, наколькі адпавядае найноўшым тэндэнцыям наш спектакль-канцэрт “Каб заўтра было” маладога рэжысёра Арцёма Пінчука.

І наколькі ўпісваецца ў сучасныя ўдумлівыя падыходы да класікі “Фаўст. Здзелка з д’яблам” у пастаноўцы Дэвіда Разумава.

Мазаічную драматургію, жывую музыку выкарыстоўвалі і разанцы — у “Знаўцах жаночага сэрца” па апавяданнях Аверчанкі. Мальераўскія “Хітрыкі Скапена” і сучасная навагодняя камедыя “Джэк” трымаліся найперш на акцёрскім таленце вядучых артыстаў. Тым больш што сцэнаграфія вымушала іх практычна не пакідаць авансцэну, а часам выходзіць у глядзельную залу.

А “Жаніцьба” Гогаля ўвогуле склала антытэзу магілёўскаму спектаклю “Жаніцьба. Фантасмагорыя” ў пастаноўцы Сяргея Фядотава з Пярмі. Разанская версія рэжысёра Максіма Ларына ўдала спалучае эксцэнтрыку з момантамі сапраўднай лірычнай шчырасці, ігру артыстаў — з эстэтыкай тэатра лялек, прыёмамі прадметнага тэатра. І ўвесь спектакль аказваецца не столькі пра няўдалае сватанне, колькі пра страх штосьці змяніць у самім сабе, узняцца на іншую жыццёвую прыступку.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіваў тэатраў