Дзе нараджaюцца мары

Апублiкавана: 30 снежня 2025 Стужка Цырк Мiнская вобласць Падзеі

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

Барысаўскія “Мечтатели” сталі ўладальнікамі гран-пры Рэспубліканскага свята цыркавога мастацтва “Арэна-2025”. Для студыі, дзе вынік грунтуецца на сямейнай цеплыні, даверы і фантазіі, гэтая перамога — яшчэ адно пацвярджэнне: сапраўднае майстэрства пачынаецца са штодзённай працы і веры ў мару.

 

ВЫХАВАНЫЯ АРЭНАЙ

Калектыў створаны ў 1983-м пры Палацы культуры імя М. Горкага ў Барысаве. Ужо праз тры гады атрымаў званне “ўзорны”. Сёння ім кіруюць Марына Казак і Алена Сіпакова — былыя выхаванкі, якія прыйшлі ў цыркавую студыю “Мечтатели” яшчэ дзецьмі і звязалі з ёй ўсё жыццё.

— Мы выраслі ў гэтым цырку. Спрабавалі сябе ва ўсіх жанрах: ад абручоў і хула-хупаў да паветранай гімнастыкі і акрабатычных пар. Калі ў 2008-м паўстала пытанне, хто павядзе студыю далей, не задумваліся. Гэта было натуральна — працягнуць тое, што заклалі нашы педагогі, — успамінае Марына Казак.

Лёс студыі цесна пераплятаецца і з асабістымі шляхамі яе кіраўніц. Менавіта тут Марына і Алена сустрэлі сваіх будучых мужоў: адзін працуе артыстам-клоўнам, другі адказвае за тэхнічнае забеспячэнне, святло і гук.

— Нават у дэкрэт не сыходзілі. Калі дочкі былі зусім маленькімі, бралі іх на трэніроўкі. Калыскі стаялі побач са сцэнай, і калектыў заўсёды падтрымліваў нас. Цяпер Вера і Дыяна — ім ужо па 12 — вядучыя артысткі студыі. Старэйшая дачка Алены таксама прайшла гэты этап, атрымала адукацыю і цяпер працуе ў Палацы культуры, працягваючы выступаць у “Мечтателях”, — дадае Марына Валянцінаўна.

 

У АТМАСФЕРЫ ДАВЕРУ

— Хто яны, нашы летуценнікі? — разважае Марына Казак. — Перш за ўсё — сям’я. Магчыма, гучыць проста, але мы аб’ядноўваем выхаванцаў у супольнасць, дзе кожны адчувае падтрымку і цеплыню. Вучым ветлівасці, уважлівасці, сумленнасці і адкрытасці. Дзецям бывае складана даверыцца свету, таму ствараем асяроддзе, у якім яны знаходзяць упэўненасць і бяспеку.

Аснова навучальнага працэсу — дысцыпліна. Своечасовасць, дагледжаны знешні выгляд, акуратная форма з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх без выключэння.

— У нас займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі ад чатырох гадоў, — працягвае кіраўніца. — Ёсць і некалькі трохгадовых — надзвычай здольныя.

Цырк шматжанравы, і кожны можа знайсці сябе: акрабатыка, паветраная гімнастыка, жангліраванне, клаўнада… Было б жаданне працаваць і развівацца. У студыі няма ўнутранага проціборства.

— Тлумачым: не варта імкнуцца “перамагчы суседа”, куды важней пераадольваць учорашняга сябе і атрымліваць асалоду ад сцэны. Перад выступленнем заўсёды нагадваем: галоўнае не стаць першымі, а выканаць нумар так, як адпрацоўвалі на рэпетыцыі, і калі магчыма, дык яшчэ лепш, — адзначае Марына Казак.

Такі падыход дае плён: юныя артысты не баяцца сцэны, не зайздросцяць і не імкнуцца выбіць сабе месца ў пастаноўцы. Наадварот, яны падтрымліваюць адно аднаго, радуюцца поспехам калег і растуць разам як каманда.

 

РУХАЦЦА І АДЧУВАЦЬ

Акрамя цыркавой падрыхтоўкі, “Мечтатели” — гэта прастора адкрыццяў і жывых уражанняў. Летам — паходы з начлегам, супольныя гульні і прыгоды. Узімку — практыка на снезе, трэніроўкі на горках, дзе ў працу ўключаюцца новыя мышцы і нараджаюцца асаблівыя адчуванні.

— Любое месца можам ператварыць у пляцоўку для руху і фантазіі. Разнастайнасць — наш лепшы трэнер, — заўважае Марына Валянцінаўна.

Педагогі прызнаюцца: найвялікшая матывацыя для іх — эмоцыі вучняў.

— Калі дзіця нарэшце робіць элемент, які месяцамі не паддаваўся, скачам разам з ім, абдымаем, радуемся, — кажа суразмоўца. — Нам важна, каб дзеці адчувалі цяпло, чалавечую блізкасць. Магчыма, менавіта таму выпускнікі вяртаюцца сюды праз гады. Хтосьці ўжо атрымаў дыплом, стварыў сям’ю, але ўсё роўна заходзіць у залу — быццам дадому, дзе паранейшаму чакаюць, памятаюць і заўсёды рады.

 

МАГІЯ ВЯЛІКАЙ СЦЭНЫ

Кожная пастаноўка — спектакль з завязкай, кульмінацыяй і фіналам. Натхненне для нумароў прыходзіць адусюль: падарожжа ў Егіпет падарыла ідэю ўсходняй кампазіцыі, а вандроўка ў Грузію — відовішчную дзею з 36 удзельнікамі ў традыцыйных папахах.

— Глядач чакае шоу: маштабу, светлавых эфектаў, выразнай драматургіі. Мы павінны развівацца і ісці ў нагу з часам, таму ўжо прызвычаіліся працаваць з вялікімі складамі — па 30-40 чалавек на адной сцэне, — адзначае Марына Казак.

Такі размах не застаецца незаўважаным: студыя пастаянна ўдзельнічае ў буйных канцэртных праектах як у рэгіёне, так і за яго межамі, адзначаная на абласных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях, шматразова прызнавалася “Найлепшым калектывам года”, занесена на Дошку гонару Барысаўскага раёна.

Сёлета спіс дасягненняў папоўніўся і галоўным прызам рэспубліканскага цыркавога свята “Арэна”.

— Разумелі, што канкурэнцыя будзе вялізная. Вельмі хацелася ўзнагароды, але такога выніку не чакалі. І калі журы абвясціла гран-пры — адразу не паверылі. Гэта было неверагодна, — прызнаецца кіраўніца.

На конкурсе “Мечтатели” прадставілі дзесяціхвілінную версію двухгадзіннай праграмы “Прыгоды Аладзіна”. Нават у сціснутым фармаце ім удалося стварыць завершаную гісторыю — ад з’яўлення галоўнага героя да фіналу з Жасмін.

 

РАСПРОСТВАЮЧЫ КРЫЛЫ

У наступным годзе калектыў чакае важная падзея — пацвярджэнне звання “ўзорны”. Падрыхтоўка ўжо ў разгары. Акрамя таго, менавіта на базе студыі пройдзе першы абласны семінар па цыркавым мастацтве.

“Мечтатели” — значна болей, чым цыркавая школа. Гэта супольнасць, дзе раскрываюцца здольнасці, гартуецца характар і жыве традыцыя ўзаемнай падтрымкі. Месца, куды прыходзяць дзецьмі і куды вяртаюцца дарослымі — бо менавіта тут фармуецца любоў да творчасці, шырока распростваюцца крылы і нараджаюцца мары.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву