У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшла выстава “Нюрнберг. Пачатак міру. Міжнародны ваенны трыбунал у малюнках Мікалая Жукава”.

Праект быў зладжаны сумесна з Цэнтральным музеем Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі і прымеркаваны да 80-годдзя пачатку Міжнароднага ваеннага трыбунала над нацысцкімі злачынцамі.
Нюрнбергскі працэс распачаўся 20 лістапада 1945 года, абвінавачанні былі вылучаныя супраць 24 высокапастаўленых чыноўнікаў нацысцкай Германіі. На судзе прысутнічаў 21 гітлераўскі функцыянер, усе яны не прызналі сваёй віны і адмовіліся падзяліць адказнасць за злачынствы, учыненыя нацыстамі. У выніку 11 падсудных былі прыгавораныя да смяротнага пакарання, астатнія — да працяглых тэрмінаў альбо пажыццёвага зняволення.
На Нюрнбергскім працэсе ўпершыню ў гісторыі было ўведзена ў міжнароднае права паняцце генацыду як найцяжэйшага злачынства, якое здзяйсняецца наўмысна ў мэтах частковага або поўнага фізічнага знішчэння нацыянальнай, расавай ці іншай групы людзей.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны значная колькасць савецкіх байцоў і камандзіраў трапіла ў палон, і ўмовы існавання, створаныя для іх гітлераўцамі, былі сапраўдным пеклам на зямлі. У нацысцкіх лагерах ваеннапалонных кепска кармілі, не аказвалі медыцынскую дапамогу, прымушалі працаваць па жорсткім графіку. Мэтай нацыстаў было знішчэнне людзей праз працу. Рэжым прыгнёту і масавых забойстваў быў створаны і на акупаваных тэрыторыях супраць мірнага жыхарства.
ФІКСАЦЫЯ ЗЛАЧЫНСТВАЎ
Старшы навуковы супрацоўнік цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Валерый Надтачаеў падкрэслівае, што шлях да Нюрнбергскага працэсу пачаўся яшчэ ў 1941-м, калі на ўзроўні кіраўніцтва СССР было прынята рашэнне аб фіксацыі злачынстваў гітлераўцаў, у сувязі з гэтым была створаная Надзвычайная дзяржаўная камісія па іх устанаўленні і расследаванні. Беларускія партызанскія атрады складалі акты, якія пацвярджалі факты знішчэння таго ці іншага населенага пункта, выпадкі забойства або пакарання мірных грамадзян.

ЦЕНІ МІНУЛАГА
Як распавяла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Рыма Рум, асноўную частку экспазіцыі складалі дакументы і прадметы з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якія раскрываюць злачынствы нацыстаў у Беларусі і ў канцлагерах, створаных імі на тэрыторыі Еўропы, з’яўляючыся своеасаблівымі рэчавымі доказамі.

Адзін з такіх прадметаў — чалавечы чэрап, які выкарыстоўваўся як сувенір на каміне ў начальніка супрацьпаветранай абароны Берліна.
Мастацкую частку экспазіцыі прадстаўляла створаная ў 1971 годзе серыя малюнкаў “Цені мінулага”, выкананых белай пастэллю на чорнай паперы, на якіх выяўленыя абвінавачаныя Міжнародным ваенным трыбуналам. Іх аўтар, народны мастак СССР Мікалай Жукаў, быў камандзіраваны ў Нюрнберг у складзе савецкай дэлегацыі як карэспандэнт газеты “Праўда” разам з такімі прызнанымі майстрамі савецкага плаката і карыкатуры, як Кукрыніксы і Барыс Яфімаў.
Агулам за сорак дзён работы падчас працэсу Мікалай Жукаў стварыў больш за 250 малюнкаў. Ён згадваў, што спачатку спрабаваў маляваць абвінавачаных, седзячы ў першым радзе, дзе размяшчалася прэса, але яны закрывалі твары рукамі ці папкамі з матэрыяламі суда. Тады мастак перасеў далей і стаў карыстацца біноклем, другой рукой адначасова робячы замалёўкі.

КАШТОЎНЫЯ КРЫНІЦЫ
Народжаны ў 1908-м у Маскве, на фронт Мікалай Жукаў трапіў салдатам-артылерыстам, затым служыў ваенным карэспандэнтам, быў супрацоўнікам газеты “На разгром ворага” на Калінінскім фронце. З лета 1943 года і да канца жыцця ён з’яўляўся мастацкім кіраўніком Студыі ваенных мастакоў імя М.Б. Грэкава, займаўся жывапісам, прамысловым дызайнам, рэкламай, кніжнай графікай, а таксама выступаў як літаратар і даследчык, выпусціўшы пяць манаграфій і аўтабіяграфічную кнігу “Шчасце творчасці”.
Памёр мастак неўзабаве пасля стварэння прадстаўленай на выставе серыі работ, у 1973 годзе. Работы Мікалая Жукава зрабіліся каштоўнымі гістарычнымі крыніцамі, якія перадаюць эмоцыі ўдзельнікаў Нюрнбергскага працэсу і пагружаюць гледача ў тую атмасферу.

Малюнкі разам з інфармацыйна-біяграфічнымі даведкамі па кожным з падсудных былі размешчаныя на адмысловых планшэтах, дзе выяўлена гісторыя злачынства і пакарання кожнага з фігурантаў, пункты абвінавачання, якія ім інкрымінавалі, доказы віны, спробы апраўдацца, прысуд, вынесены трыбуналам, і лёс злачынцаў пасля працэсу.



Антон РУДАК.
Фота аўтара і Тэлеграм-канала
"Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны"