Галоўную ролю ў спартыўнай драме “Пераломны момант”, што цяпер пакарае беларускі пракат, выканаў 15-гадовы Міхаіл Цуба. У карціне ён увасобіў выбітнага весляра і вучня элітнай гімназіі Арцёма Савічава.

Упершыню юны артыст з’явіўся на экранах у 2015-м. Праект — расійскі серыял “Фарца”, Міхаілу — усяго чатыры гады. З таго часу наш герой паспеў зняцца ў больш як 15 карцінах. У асноўным былі эпізадычныя ролі, пакуль не наступіў той самы… “Пераломны момант”.
— Міхаіл, як гэта — прысвяціць усе вакацыі здымачнай пляцоўцы і трэніроўкам?
— Лета выдалася сапраўды няпростым. Не было калі пагуляць з сябрамі ці з’ездзіць куды-небудзь… Але не шкадую. Наадварот, вельмі рады аказацца ў такім крутым праекце. Цікава, што спачатку мяне ўзялі ў расійска-беларускую стужку “Бацька Мінай. Партызанская легенда”. І раптам — паспяхова пройдзены кастынг на ролю Арцёма Савічава. Ад іншых вобразаў прыйшлося адмовіцца…

— “Пераломны момант”, як не раз падкрэсліваў рэжысёр Дзмітрый Сарока, знялі за рэкордныя 38 дзён. Што наконт атмасферы на пляцоўцы, дзе працавалі ў настолькі сціслыя тэрміны?
— Часам было вельмі напружана, але збольшага — насычана, ярка, весела і натхняльна. Кожны з нас аддаваў справе часцінку душы. Фізічная і эмацыйная стомленасць, выгаранне, рознагалоссі — усё адыходзіла на другі план. Мы марылі зрабіць кіно, якое будзе жыць у сэрцах гледачоў. І пасля змен разыходзіліся неверагодна шчаслівымі.

— Пра школу і спорт створана нямала вядомых фільмаў і серыялаў. Спрабавалі шукаць у іх правобразы для Арцёма Савічава?
— Імкнуўся, наадварот, намаляваць персанажа з нуля, не абапіраючыся на ўжо адкрытыя характары і тыпажы.
— Юнак, якога мы ўбачылі на экране, і яго сцэнарны варыянт — колькі тут падабенства?
— Каб наблізіцца да рэалій сучасных падлеткаў, фразы і ўчынкі многіх герояў мянялі ў працэсе здымак. Так у вобразах з’яўлялася больш жывога і праўдападобнага. І мой не выключэнне. Рэжысёр, дарэчы, часта прадбачыў нашы прапановы і ўносіў карэкціроўкі самастойна.

— Ці мае Арцём Савічаў рысы, уласцівыя вам?
— Я таксама бываю рэзкім у словах. Вось што дакладна супадае і акупляе нашу парывістасць, дык гэта ўменне прызнаваць і выпраўляць свае памылкі.
— А якія персанажы даюцца лягчэй?
— У маёй карціне свету не існуе ўніверсальна простых роляў. Любая азначае поўную аддачу сіл і часу. Толькі так нараджаецца штосьці па-сапраўднаму вартае. Важна, каб герой зацікавіў, каб хацелася даследаваць яго ўнутраны свет. Станоўчы ён ці адмоўны і наколькі падобны да мяне — ужо другасна. Увасабляць яркіх, нестандартных асоб — любімая прафесійная гісторыя.
— Што самае складанае для вас як акцёра?
— Неабходнасць пражываць кожную сцэну так, быццам яна насамрэч адбываецца ў маім жыцці.

— У “Пераломным моманце” вам давялося пераадолець мноства драматычных паваротаў. Што дапамагае злавіць сумны настрой у кадры?
— У такіх сцэнах акцёры часта згадваюць страту блізкага чалавека. Гэта ў любым выпадку выводзіць на эмоцыі — і асабісты боль ператвараецца ў пранізлівую шчырасць на экране.

— Які ваш любімы эпізод?
— Купанне пасля трэніроўкі! Калі яго здымалі, нам забаранілі мачыць валасы, каб не сапсаваць грым. Але мы не змаглі ўтрымацца. Вырашылі, што гэты непаўторны момант трэба перадаць ва ўсёй паўнаце і яркасці… Самае прыемнае, калі гледачы адклікаюцца менавіта ў такіх асаблівых месцах.

— Можна некалькі важкіх падстаў, каб наведаць прэм’еру?
— “Пераломны момант” — вельмі тэрапеўтычная карціна, якая закранае ўніверсальныя чалавечыя перажыванні. Кожны знойдзе ў ёй нешта роднае і сугучнае. А яшчэ гэта першая з 1973 года спартыўная поўнаметражка “Беларусьфільма”, што робіць яе па-сапраўднаму ўнікальнай. Прыемна, дарэчы, бачыць пад відэа з кіназалаў і трэйлерамі мноства каментарыяў у духу “калі ў Расіі?”, “мы з Піцера і таксама чакаем стужку”.

— Як ставіцеся да зваротнай сувязі?
— Толькі станоўча! Па натуры я вельмі самакрытычны, і мне важна чуць розныя меркаванні. Увогуле многія акцёры схільныя без канца прыкмячаць недахопы сваёй ігры. Знутры нас увесь час падточваюць думкі накшталт “магло быць больш шчыра, натуральна, глыбока”.

— Якую ролю хочацца выканаць у перспектыве?
— Цікава зняцца ў дакументальным кіно, яшчэ адной спартыўнай драме ці карціне пра жыццё ў мінулых эпохах. Дзякуючы такім стужкам можна дакрануцца да часоў, пра якія ведаю толькі па расказах.

— А што ў цэлым з прафесійнымі інтарэсамі?
— Доўга, шчыра кажучы, я не мог знайсці сябе… Шмат думаў, чым буду займацца ў жыцці. І зараз да канца не ўпэўнены з адказам, але пасля прэм’еры з’явілася жаданне сур’ёзна развівацца ў акцёрстве. А яшчэ вельмі люблю музыку. Слухаю ўсё — ад класікі да металу, іграю дома на электрагітары. Раней хадзіў на заняткі, але праз недахоп часу закінуў гэтую справу.
— Што параіце артыстам-пачаткоўцам?
— Нічога не баяцца, максімальна спрабаваць сябе ў розных жанрах і амплуа. А галоўнае — ніколі не саромецца. Гэта, напэўна, самы вялікі грэх у прафесіі акцёра, і ён губіць усю праўдападобнасць, шчырасць і натуральнасць.

— Пагадзіліся б зараз зноў папрацаваць у такім напружаным рэжыме?
— Добраму праекту заўсёды скажу адназначнае “так”. На свае вочы бачыў, наколькі зараджанай і класнай нават ва ўмовах дзікага рытму можа быць энергетыка на пляцоўцы. Дзеля прыгожай мэты — стварыць якаснае і душэўнае кіно — можна пераадолець любыя цяжкасці.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ.
Фота з Тэлеграм-канала "Национальная киностудия «Беларусьфильм»"