Выкладчыца харэаграфіі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Таццяна Шчучко сёлета стала ўладальніцай узнагароды “За ўклад у выхаванне таленавітай моладзі” спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Таццяну Мікалаеўну мы заспелі пасля заняткаў з другакурснікамі, якія спасцігаюць таямніцы народнага танца. Знаёмства пачалі з пытання.

— Чаму вы абралі менавіта народны танец?
— Разумееце, у адрозненне ад эстраднага, бальнага ці акадэмічнага, народны — больш характарны. Ён, як ніякі іншы, здольны перадаць тэмперамент нацыі — і гарачую пачуццёвасць цыганоў, і стрыманасць фінаў, і павольнасць яўрэяў, і душэўнасць беларусаў. Пра тое, што буду займацца харэаграфіяй, ведала з дзяцінства: яшчэ калі мы з бацькамі жылі ва Уладзівастоку, прыахвоцілася да гэтага мастацтва. Хадзіла ў мясцовую студыю. Потым, пасля распаду Саюза, калі тата дэмабілізаваўся з флоту, мы вярнуліся на радзіму ў Пінск. Там скончыла каледж, адвучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў у найлепшых, як я лічу, педагогаў. Цяпер іх веды транслірую студэнтам.

— Якімі прынцыпамі кіруецеся пры працы з выхаванцамі?
— Я дэмакратычны выкладчык, хаця надзвычай строгі. І тут трэба ўтрымліваць баланс. Мне важна, каб хлопцам і дзяўчатам было камфортна ў тым ці іншым руху, і адначасова імкнуся да дасканалага выканання кожнага элемента. Мне як педагогу прыходзіцца ўлічваць мноства нюансаў і, зразумела, прывіваць моладзі працавітасць, дысцыпліну. Мае вучні амаль з самай першай рэпетыцыі павінны быць адзеты ў касцюмы: дзяўчаты — у спадніцы і леатарды, хлопцы — у трыко. Абавязковы і спецыяльны абутак, каб прызвычаіцца да счэпкі з падлогай.

— Вы казалі пра характар танцаў розных народаў. А наколькі цяжка суаднесці яго з характарам выканаўцы? Ці рэальна навучыць любога?
— Насамрэч дабіцца ідэальнага, даведзенага да аўтаматызму чаргавання рухаў не так цяжка, але танец — гэта гісторыя, эмоцыі, пачуцці… Гэта — жыццё. Напрыклад, палкі іспанскі дасканала можа ўвасобіць толькі чалавек з такім жа гарачым характарам. Павольнаму і спакойнаму будзе цяжка. Дык навошта мучыць артыста, калі ён, напрыклад, больш падыдзе для лірычнай кампазіцыі?

— А што важнейшае для пачаткоўца: спецыяльная адукацыя, фізічныя дадзеныя… Ці дастаткова вялікага жадання?
— Імкненне працаваць, зразумела, павінна быць абавязкова. Іншыя складнікі?.. Часам яшчэ на стадыі паступлення ў каледж бачыш патэнцыял абітурыента. І першасная адукацыя не галоўнае: калі юнак ці дзяўчына валодае сваім целам, хоча і можа займацца, з яго атрымаецца прафесіянал. Падлеткі ўсе розныя — адпаведна, у іх розны ўзровень падрыхтоўкі, жадання. Хтосьці з дзяцінства марыць пра сцэну, пра тое, каб несці людзям эмоцыі. Хтосьці паляпшае валоданне целам, каб потым вучыць дзетак. Ёсць і такія, якія трапляюць да нас па парадзе сваякоў ці знаёмых, нават не ўяўляючы, што тут чакае. Любы з іх можа стаць танцоўшчыкам вышэйшай пробы. Важна толькі знайсці падыход і матывацыю.

— І як вы стымулюеце падапечных?
— Па-першае, свабодай самавыяўлення. У залежнасці ад характару, узроўню падрыхтоўкі і здольнасцей кожны можа быць салістам, цэнтральнай фігурай у харэаграфічнай пастаноўцы, ці прапанаваць нейкі цікавы элемент танца. Па-другое, шанцам пражыць пэўны час як асоба іншай нацыянальнасці. Каб перадаць каларыт народнага танца, трэба навучыцца не толькі рухацца, але і думаць, як татарын, паляк, узбек, грузін ці якут. А для таго варта разумець нацыянальны менталітэт. Ну і, нарэшце, ніхто не адмяняў удзел у фестывалях і конкурсах. Гэта, лічу, выдатная магчымасць і на іншых паглядзець, і пра сябе заявіць. Тым больш выступаць стараемся толькі на знакавых творчых спаборніцтвах.

— І з конкурсаў вы звычайна вяртаецеся з узнагародамі. А якой асабліва ганарыцеся?
— Золатам XVII Дэльфійскіх гульняў краін СНД — яго заваявалі два гады таму. Хаця, калі заяўляліся, упэўненасці не адчувалі. Па ўмовах удзельнічаць маглі групы ад 8 да 26 чалавек. Наш ансамбль аказаўся самым малым. І ўявіце розніцу, калі на сцэне 12—13 пар, а ў нас толькі чатыры. Але, напэўна, гэтая акалічнасць і згуляла нам на карысць: юнакам і дзяўчатам на пляцоўцы было больш прасторы для паказу беларускага каларыту і выканання складаных па.
— Што вы прадстаўлялі на конкурсе?
— Патрабавалася прадэманстраваць тры танцы. Першы — традыцыйны. У нас гэта быў крыжачок. Другі — тэхнічны трукавы: узялі лявоніху, выканалі яе прыгожа і бездакорна. І трэці — драматургічная кампазіцыя. Мы зрабілі харэаграфічную пастаноўку “Аднойчы ля ракі” на твор “Песняроў”. Якое цудоўнае каханне паказалі мае выхаванцы! Любата! Пяшчота рухаў, глыбіня пачуццяў, дакладнасць і ўзнёсласць… Час узнагароджання чакалі, як кажуць, не дыхаючы. А калі зразумелі, што перамаглі — не стрымлівалі эмоцый.

— Конкурсы, канцэрты, выступленні... Ці не перашкаджае такі насычаны графік вучэбнаму працэсу?
— Наадварот, дапамагае. Прафесіянал загартоўваецца толькі практыкай! Калі артыст на сцэне — ён праз танец распавядае гісторыю. І галоўнае — каб глядач, які прыйшоў на канцэрт, зразумеў яе і адказаў адпаведнай эмоцыяй. Уласна, гэта і ёсць майстэрства вышэйшага гатунку.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА.
На здымках навучэнцы 2 курса спецыяльнасці "народны танец" падчас рэпетыцыі