Праца па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны вядзецца планамерна. Аб гэтым міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі распавёў падчас пасяджэння калегіі, якое прайшло ў снежні.

Мерапрыемства прысвечалася стану работ на знакавых гісторыка-культурных помніках, міжнароднаму супрацоўніцтву і выкананню Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы — капітальнаму рамонту на аб’ектах культуры, што фінансуецца за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.
ПЛАНАМЕРНАЯ ПРАЦА
Адкрываючы пасяджэнне, міністр культуры Руслан Чарнецкі сказаў, што дзякуючы рашэнням Кіраўніка дзяржавы і Урада ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база арганізацый сферы культуры і вядзецца планамерная праца па зберажэнні гісторыка-культурнай спадчыны. Сёлета на рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на гісторыка-культурных каштоўнасцях было вылучана 155,2 мільёна рублёў, у тым ліку 95,3 мільёна — сродкі мясцовых бюджэтаў, звыш 50 мільёнаў — з рэспубліканскага бюджэту і больш за 5 мільёнаў — сродкі Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы.
Цягам справаздачнага перыяду ладзіліся работы на 13 ГКК, дзве з іх ужо ў эксплуатацыі. Руслан Іосіфавіч падкрэсліў: неабходна выконваць планы па захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны — тых, што не выкарыстоўваюцца, і руінаваных — з пакрокавымі дзеяннямі па кожным, планы па ўвядзенні гэтых аб’ектаў у гаспадарчы і турыстычны абарот, а таксама па распрацоўцы і зацвярджэнні праектаў зон аховы ГКК.
Адказныя асобы мусяць звярнуць увагу і на патрабаванні аб арганізацыі належнага ўліку суб’ектаў гаспадарання, якія ўздзейнічаюць на гісторыка-культурныя каштоўнасці, аб арганізацыі кантролю за своечасовасцю і паўнатой адлічэнняў у фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.
НЯСПЫННЫ ПРАЦЭС
Асноўным дакладчыкам выступіла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ірына Дашчынская, якая ахарактарызавала стан спраў на знакавых аб’ектах і міжнароднае супрацоўніцтва.

У 2025-м працягваліся работы ў касцёле Божага Цела (Нясвіж), Крэўскім замку (Смаргонскі раён), Жыліцкім палацава-паркавым ансамблі (Кіраўскі раён), сядзібным доме Патоцкіх (Беразіно), капліцы-пахавальні роду Ажэшкаў (Закозель Драгічынскага раёна), храме Аляксандра Неўскага (Мінск), ратушы (Чачэрск), храмах Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра і ў Бабруйскай крэпасці.

Аб ходзе выканання Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы і капітальным рамонце на аб’ектах культуры расказаў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Мікіта Чэшун. На кастрычнік 2025 года ў дакумент было ўключана пяць такіх аб’ектаў. Работы на іх прафінансаваны з рэспубліканскага (96,5 мільёна рублёў) і мясцовых бюджэтаў (6,95 мільёна) — агулам вылучана 103,45 мільёна.
У лістападзе ў гэты спіс таксама дададзены другі пускавы комплекс адзінай сістэмы будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея з аб’ёмам фінансавання 5 мільёнаў рублёў.

Сёлета ўведзены ў эксплуатацыю адрэстаўраваныя помнікі архітэктуры — храм Аляксандра Неўскага ў Мінску і Яўленская царква Жыровіцкага манастыра.
Ажыццёўлены рамонт хутара з вёскі Цімошкава Мёрскага раёна ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ды абарончай сцяны заходняга бастыёна Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля.
Працягваюцца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы і ў будынках Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
ПРАЕКТЫ І ПЕРСПЕКТЫВЫ
Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алена Клімовіч паведаміла аб працы над намінацыйнымі дасье элементаў культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Так, цяпер завяршаецца падрыхтоўка дакументаў па традыцыі гатавання страў з таркаванай бульбы.


Акрамя таго, у Папярэднім спісе ЮНЕСКА знаходзяцца такія аб’екты, як Каложская царква ў Гродне, цэрквы абарончага тыпу ў Мураванцы Шчучынскага раёна і Сынкавічах Зэльвенскага раёна, а таксама Аўгустоўскі канал.

Дырэктар Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея Уладзіслаў Кулакевіч распавёў аб перспектывах працы, накіраванай на ўключэнне гэтага помніка архітэктуры ў Спіс сусветнай спадчыны.

Дырэктар мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Аляксандр Каркатадзэ выступіў з дакладам аб капітальным рамонце, рэстаўрацыі і музеефікацыі пабудоў цытадэлі па лініі Саюзнай дзяржавы і аб падрыхтоўцы новага сумеснага праекта на 2026—2029 гады. У чэрвені 2024-га Брэсцкая крэпасць была дададзена ў Папярэдні спіс ЮНЕСКА ў рамках расійска-беларускай транснацыянальнай намінацыі “Мемарыялы героям Вялікай Айчыннай вайны: Брэсцкая крэпасць і Мамаеў курган”.
Антон РУДАК. Фота аўтара і Дзмітрыя ДАРАДЗЕЙКІ