Год культурнай сталіцы ў Іванаве прайшоў пад знакам творчага руху і яркіх культурных падзей. Асаблівае гучанне ім надаваў аркестр народных інструментаў дзіцячай школы мастацтваў імя Напалеона Орды. Вось ужо 35 гадоў калектыў ператварае музыку ў жывую і непарыўную традыцыю горада.
УСЁ МАЕ ЗНАЧЭННЕ
Аркестр народных інструментаў паўстаў на базе школы мастацтваў у 1990-м і адразу стаў яе візітоўкай. Заснавальнікам быў таленавіты музыкант і тагачасны завуч установы Анатоль Касьян: памяць аб ім і сёння з пашанай захоўваюць вучні і калегі. У 2000-м калектыў атрымаў ганаровае званне “ўзорны”, якое штогод пацвярджае — узроўнем сцэнічных выступленняў, перамогамі на конкурсах і ростам майстэрства сваіх выхаванцаў.
З 2013-га аркестр узначальвае Святлана Зіновік — педагог, чыё імя неаддзельнае ад гісторыі калектыву. Працаваць у школу яна прыйшла яшчэ ў 1986-м, адразу пасля заканчэння Брэсцкага музычнага вучылішча імя Р. Шырмы па спецыяльнасці “народныя інструменты (баян)”, і з таго часу стала сапраўднай апорай для юных музыкантаў. Прызнанне яе прафесіяналізму шматразова падкрэслівалася ўзнагародамі: у 2021-м Святлана Васільеўна адзначана Ганаровым дыпломам Іванаўскага райвыканкама з занясеннем на раённую Дошку гонару, мае Падзяку міністра культуры Беларусі.
— Аркестр — жывы арганізм. У ім няма дробязей: кожная нота, позірк, нават удых мае значэнне. Дзеці гэта адчуваюць і праз музыку вучацца адказнасці. Мая задача — дапамагчы выканаўцам раскрыць індывідуальнасць і знайсці сваё месца ў вялікім музычным цэлым. Калі бачу, як яны сталеюць, перамагаюць сябе, набіраюцца смеласці, разумею: большай узнагароды ў нашай прафесіі не існуе, — прызнаецца Святлана Васільеўна.
Асаблівая яе гордасць — тое, што многія выпускнікі вяртаюцца ўжо як маладыя спецыялісты.
У СПЕКТРЫ КОЛЕРАЎ
Аркестр сабраў багатую палітру народнага гуку: салісты, выканаўцы на домрах і балалайках, майстры баяна і акардэона, цымбалісты і бас-гітарыст. Разам яны ствараюць унікальную музычную прастору, дзе юныя артысты праз авалоданне інструментам адкрываюць для сябе культуру. Рэпертуар калектыву не менш разнастайны: ад беларускіх песень і танцаў у сучасных перакладаннях да аўтарскіх кампазіцый. Такая мастацкая мнагаграннасць дазваляе кожнаму ўдзельніку знайсці ў музыцы свой акцэнт, а слухачам — адчуць цэлы спектр настрояў і фарбаў.
— Дзейнасць калектыву развівае не толькі музычнасць. У першую чаргу гэта камунікацыя. Тут вучышся суразмерваць сябе з іншымі, чуць старэйшых, падтрымліваць малодшых. І, вядома, настойлівасць: каб вывучыць твор і годна выканаць яго на сцэне, патрэбна працяглая, упартая праца, — адзначае баяніст Антон Каляда.
Дамрыст Дзяніс Ізотаў глядзіць яшчэ шырэй:
— Аркестр — цэлая сістэма выхавання. Ён дае неацэнныя навыкі: уменне працаваць у камандзе, дысцыпліну, крытычнае мысленне, веру ў сябе. І ўсё гэта застаецца з чалавекам незалежна ад таго, працягне ён музычную кар’еру ці абярэ іншую жыццёвую дарогу.

ВЫСОКІЯ ВЫНІКІ
Дзейнасць аркестра не абмяжоўваецца школьнай сцэнай. Супрацоўніцтва з культурнымі ўстановамі горада, выступленні на розных мерапрыемствах, прадстаўленне Іванава на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах... Гастролі — асобная гісторыя ўражанняў і адкрыццяў.
— Кожная дарога пакідае свой след, незалежна ад таго, вялікі гэта горад ці маленькі, — працягвае Дзяніс Ізотаў. — Асабліва ў памяці адбілася паездка ў Ліду на X Рэспубліканскі фестываль-конкурс “ЛьВенок”: яркія эмоцыі, экскурсія ў замак і, канешне, наша перамога.
Званне лаўрэатаў і высокія вынікі — сярод іншага гран-пры II Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на баяне-акардэоне “Viva accord”, дыплом І ступені на II Міжнародным анлайн конкурсефестывалі “Global Asia” — толькі падкрэсліваюць прафесійную планку, якой трымаецца аркестр.
— Мне даводзілася выступаць у розных калектывах, але наш лічу адным з лепшых. Якасць выканання, майстэрства апрацоўкі матэрыялу… Для мяне вялікі гонар ужо 10 гадоў быць часткай гэтага музычнага свету, — прызнаецца Дзяніс.
ЗЛУЧАЮЧЫ ЧАС
Узорны аркестр народных інструментаў не збіраецца зніжаць тэмпу. Наадварот, калектыў упэўнена рухаецца наперад: асвойвае новыя творчыя напрамкі, пашырае рэпертуар і рыхтуе праграму да чарговага пацвярджэння звання.
— Статус культурнай сталіцы — вялікі гонар і адказнасць. Але і калі Іванава перадасць эстафету, мы мусім трымаць планку, — падкрэслівае мастацкі кіраўнік Святлана Зіновік.
Калектыў застаецца ўдзельнікам, а разам з тым стваральнікам культурнага жыцця горада — мостам паміж мінулым і сучаснасцю, паміж спадчынай Напалеона Орды і тымі, хто працягвае захоўваць і развіваць яе сёння.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву