Узорны ансамбль народнай песні “Святкі” ўдастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. За высокай узнагародай — штодзённая праца педагогаў, жывая цікавасць выхаванцаў і творчая энергія, якая дазваляе калектыву заставацца адным з яркіх носьбітаў беларускай традыцыі.

УНУТРАНАЯ МОЦ
Гісторыя музычнай суполкі пачалася ў 1996-м у мінскім Палацы дзяцей і моладзі “Золак”. З першых дзён ансамбль — месца, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца разумець сваю культуру праз голас і рух. З 2002-га “Святкі” вядзе і натхняе Наталля Буліцкая — чалавек, якога апекаванцы без ваганняў называюць сэрцам калектыву. Разам з ёй працуюць педагог-акампаніятар, колішні выхаванец гурта Віталь Казановіч і харэограф Арцём Ксендзікаў.
Дзякуючы сумесным намаганням прафесіяналаў і юных артыстаў сфарміраваўся непаўторны стыль, які ў 2017-м быў адзначаны ганаровым званнем “узорны”. Ансамбль ахоплівае розныя жанры. Гэта як традыцыйны фальклор (аўтэнтычныя песні з характэрнымі прыёмамі народнага выканання), так і фолк-медыя (творы ў сучасных аранжыроўках). У рэпертуары — беларускія каляндарна-абрадавыя і сямейна-бытавыя песні, сцэнічныя пастаноўкі народных свят “Каляды”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”, “Купалле”, “Жніво” ды іншыя.
— Для мяне важна навучыць дзяцей спяваць так, каб яны адчулі: народная спадчына — гэта пра іх саміх, пра іх карані і ўнутраную моц. Мы не кансервуем традыцыю, мы даём ёй новае дыханне, — кажа Наталля Мікалаеўна.

РУХАЛЬНАЯ СІЛА
Сёння ў “Святках” займаецца 36 артыстаў ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў. Гэта дзеці, якія свядома звяртаюцца да беларускай песні як да часткі сваёй ідэнтычнасці. Адбор тут успрымаецца не як экзамен, а як сапраўднае свята.
— Звычайна чакаем новых удзельнікаў восенню, падчас дня адчыненых дзвярэй, — распавядае выхаванка гурта Кацярына Бондар. — Дастаткова выканаць некалькі вакальных эцюдаў — і калі ёсць голас, а ў вачах гарыць агеньчык жадання, то чалавека запрашаюць у наш калектыў.
Менавіта жаданне становіцца галоўнай рухальнай сілай ансамбля ўжо амаль тры дзесяцігоддзі. Тут ніхто не прымушае любіць народную песню — яна становіцца натуральнай часткай жыцця.
— Нас не трэба дадаткова матываваць, — прызнаецца салістка Надзея Даўжанкова. — Мы самі шчыра захоплены беларускай культурай і гісторыяй. Нам падабаецца вывучаць абрады, традыцыі, шукаць новыя творы. Калі выкладваю відэа выступленняў у сацсетках, мне заўсёды пішуць, што гэта насамрэч крута.

ДУХ СЯБРОЎСТВА
“Святкі” дыхаюць сяброўствам і творчасцю, спараджаючы асаблівую атмасферу адзінства.
— Многія з нас знаёмыя з самага маленства, — працягвае Надзея. — Мы разам раслі, таму падтрымка здаецца натуральнай. Калі прыходзяць новыя хлопцы і дзяўчаты, сустракаем іх з абдымкамі і адкрытымі сэрцамі. Нам не патрэбныя спецыяльныя абрады, каб быць дружнымі. У калектыве проста жыве дух сяброўскай еднасці.
І ўсё ж традыцыі ў ансамбля ёсць. Адна з самых дарагіх — дзень сямейнага адпачынку “Калядкі ў «Святках»”. Збіраюцца дзеці, бацькі і былыя выхаванцы, спяваюць шчадроўкі, водзяць казу, віншуюць адно аднаго.
— Наш гурт — вялікая сям’я, у якой узрост не мае значэння, — падкрэслівае выканаўца Амелія Чобатава. — Выпускнікі завітваюць у госці, дзеляцца поспехамі. І ўсё гэта дзякуючы педагогам, якія ўкладваюць душу ў сваю справу.

ПЛЁН АДДАНАСЦІ
“Святкі” штогод праводзяць больш за 50 канцэртаў. Іх выступленні становяцца часткай гарадскіх і рэспубліканскіх свят. У паслужным спісе калектыву — Фестываль Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных — 2023” у Маскве, перамога ў XIII Рэспубліканскім радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”, удзел у дзясятках прэстыжных фестываляў: “Александрыя збірае сяброў”, “Нашчадкі традыцый”, “Сузор’е” ды іншых, а таксама ў акцыях “Нашы дзеці”, “Ёлкі нашага горада”…
Асаблівая вяха — спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Для юных артыстаў гэта пацвярджэнне таго, што іх праца і адданасць сцэне сапраўды маюць вагу. Караліна Васільева прызнаецца:
— Заўсёды верыла ў наш ан самбль. У 2023-м спецыяльнай прэміі Прэзідэнта ўдастоілі мяне асабіста, і тады гэта было як здзейсненая мара. Але калі даведалася, што такой жа ўзнагародай адзначылі і “Святкі”, эмоцыі захлынулі з новай сілай. Адчуванне гонару за кожнага прасякнула мяне.
Марыя Кулікова дадае:
— Поспех на радыёконкурсе ўжо стаў прыкметным плёнам нашых намаганняў. А калі педагогі паведамілі, што мы атрымалі і запаветную прэмію, я зразумела, якую каштоўнасць мае гэтае дасягненне для ўсяго калектыву. Момант сапраўднага шчасця і натхнення!
НА ХВАЛІ РОСКВІТУ
Істотную частку творчага іміджу гурта нараджае няспынны прафесійны рост яго педагогаў. Наталля Буліцкая і Віталь Казановіч не толькі ўдасканальваюць уласныя методыкі, але і шчыра дзеляцца імі: праводзяць рэспубліканскія майстар-класы, кансультуюць калег у розных рэгіёнах краіны і за мяжой, адкрыта паказваюць, як фарміруецца і становіцца часткай дзіцячага светаадчування пашана да народнай песні.
— Для нас важна, каб чалавек у зале не проста слухаў мелодыю, а атрымліваў жывую эмоцыю, — падкрэслівае Наталля Буліцкая. — Каб кожны нумар адгукаўся ў сэрцы і пакідаў след.
Наперадзе — новыя вяршыні. У красавіку 2026-га калектыў запрашае ўсіх на святкаванне свайго юбілею. А ў 2027-м “Святкі” прадставяць абноўленую праграму на фестывалі народнай творчасці “Сузор’е”, каб пацвердзіць званне “ўзорны”.
Аднак сапраўдны скарб ансамбля — не тытулы і не ўзнагароды. Самае значнае — для яго выхаванцаў беларуская песня стала натуральнай часткай штодзённага жыцця. І пакуль існуюць такія гурты, як “Святкі”, традыцыя будзе не проста захоўвацца, а развівацца і квітнець.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву