Нязвыклы для сябе фармат працы з сучаснай беларускай прозай прадставілі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Літаратурны вечар “Вырай. Чытка”, створаны па рамане Вікторыі Кляўко, імгненна зацікавіў публіку. Квіткі разышліся за лічаныя гадзіны, а поўная зала пацвердзіла: гісторыя Марыі Журавель знаходзіць водгук у кожным, хто хоць раз задумваўся пра тое, дзе пачынаецца яго дом.

ПРЫСУТНАСЦЬ З ПАРОГА
Камерная сцэна Купалаўскага стварае асаблівыя ўмовы для ўваходжання ў свет “Выраю”: нязмушаны паўзмрок, бялюткія прасціны, рыпенне старога ложка, водар сена і яблыкаў, быццам толькі што сарваных з дзедавага саду. Тут кожная дэталь працуе на тое, каб глядач не проста слухаў тэкст, а перажываў гісторыю ўнутры сябе.
— Хацелі, каб кожны, хто прыйдзе на чытку, знайшоў у сабе нешта забытае, тое, што глыбока схавана ў душы, — тлумачыць рэжысёр Ілья Крук. — Не абавязкова ўспаміны пра вёску. Хай гэта будзе адчуванне дзяцінства, цеплыня родных людзей ці настрой, які немагчыма выказаць словамі, але ён жыве ў кожным.
І гэтае адчуванне пачыналася яшчэ да ўваходу ў залу: у кавярні “Аўстэрыя Уршуля” гледачоў сустракалі бабулін сервіз, шарлотка і гарачая гарбата.

ЛІСТ У БУДУЧЫНЮ
Ілья Крук, для якога чытка рамана стала рэжысёрскім дэбютам, успамінае шлях праекта так, нібыта гаворыць пра доўгі ліст, што гадамі дабіраўся да адрасата.
— З Вікторыяй Кляўко пазнаёміліся праз сацсеткі. Яна была нашым заўсёднікам: прыходзіла на спектаклі, падтрымлівала. Даведаўся, што яна піша. Спытаў: “Можа, ёсць твор, які можна адаптаваць для сцэны?” Аказалася, ёсць — вясковы раман “Вырай”. І першае, што Віка сказала: “Што трэба зрабіць, каб ён загучаў у тэатры?” З таго моманту на працягу трох гадоў вярталіся да гэтай думкі, абмяркоўвалі, як яе ўвасобіць.
Калі на прэзентацыі кнігі ў верасні акцёры прачыталі некалькі невялікіх фрагментаў, гледачы адгукнуліся імгненна. Тады і з’явілася ідэя стварыць паўнавартасную чытку — а магчыма, і будучую п’есу. Для Вікторыі Кляўко пастаноўка — амаль дзівоснае здзяйсненне мары:
— Мне здавалася, што Купалаўскі тэатр — недасягальная вяршыня для пачаткоўца. Любы беларускі аўтар марыць пачуць свой твор на гэтай сцэне. Успрымаю гэты праект як вялікі камплімент і крэдыт даверу, бо за ім стаіць велізарная праца. Але калі кніга ўпершыню прагучала тут, я зразумела: гісторыя Марыі Журавель патрэбная сёння. Пошук дому, разумення сябе, свайго месца на зямлі — гэта тое, што баліць кожнаму.
Генеральны дырэктар тэатра Аляксандр Шастакоў падкрэслівае важнасць творчай смеласці маладых:
— За апошнія гады мы бачым, што наша моладзь — прафесійная, творчая, адважная. Наша задача — падтрымліваць ініцыятывы, даваць магчымасці для эксперыментаў.
Тэатр стварае ўсе ўмовы для новых пачынанняў — ад тэхнічнага забеспячэння да гарманічнай працы паміж службамі. Бо толькі так узнікаюць такія праекты, як “Вырай. Чытка”.

ГОЛАС СПОВЕДЗІ
У чытцы задзейнічаны чатыры галоўныя актрысы, якія ўвасабляюць гераіню ў розныя перыяды яе жыцця, а таксама два акцёры, што нагадваюць успаміны юнай Марыі і яе каханага Яна. Вандруючы па свеце ў пошуках свайго “выраю”, гераіня вяртаецца да вытокаў — туды, дзе стаяў бацькоўскі дом. Гэта простая, але глыбокая ісціна раскрываецца яшчэ мацней дзякуючы “закадраваму” голасу народнай артысткі Беларусі Зінаіды Зубковай: цёпламу, пранізліваму, насычанаму досведам і пяшчотай. Яе інтанацыя вядзе Марыю праз галоўныя выпрабаванні і адкрыцці.
— Чытала раман так, быццам жыла ў ім, — прызнаецца артыстка. — Асабліва мяне ўразіла адна дэталь: пасля кожнай эмацыйна насычанай сцэны пачынаецца дождж. А дождж — гэта ачышчэнне прыроды і душы, слёзы, што змываюць цяжар. У гэтым вобразе шмат сэнсу, і ён, упэўнена, стане мастацкай асновай будучай паўнавартаснай пастаноўкі… Для нашай моладзі найважнейшае — пачуць свой унутраны голас: “Як там мама, як там тата, дзе яны, што з імі?” Вось што сапраўды істотна.

ВЯРТАННЕ ДАДОМУ
— Чытка — гэта не спектакль, гэта размова, — адзначае Ілья Крук. — Калі гучыць тэкст, уяўленне працуе мацней: ніхто не навязвае чужы погляд, ты чуеш словы ў іх першапачатковай форме і накладаеш уласнае бачанне. Таму гісторыя становіцца блізкай і пазнавальнай. Многія пасля паказу прызнаюцца: “Думаў, што гэта толькі пра мяне. Аказваецца, тое самае адчувае сусед справа і сусед злева…” Проста пра гэта не прынята гаварыць.

“Вырай” выходзіць за межы мінулага і вёскі як геаграфічнага пункта. Гэта пра тое, што ёсць у кожным: пра старую рану, якая некалі забалела, і пра шлях, што вяртае чалавека да самога сябе. Тут дождж ператвараецца ў знак ачышчэння, а слова — у дыханне памяці. Купалаўцы запрашаюць далучыцца да праекта “Вырай. Чытка” зноў — на наступным паказе 27 снежня. Арганізатары спадзяюцца, што фармат застанецца ў рэпертуары да канца сезона і зможа адправіцца ў рэгіёны. І кожны, хто стане сведкам чыткі, выйдзе з залы з адчуваннем, што вярнуўся дадому — хаця б у думках.
Ганна КАЛІНІНА. Фота аўтара