У сугуччы галасоў

Звання “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь” удастоены кіраўнік хору хлопчыкаў “Пеўнікі” Брэсцкага гарадскога цэнтра культуры Алег Нярода. Гэта не толькі асабістае дасягненне, але і прызнанне працы калектыву, які паўстагоддзя спалучае музыку з выхаваннем.

 

КРЫНІЦА ЭНЕРГІІ

Хор “Пеўнікі” з’явіўся ў 1975 годзе ў дзіцячай музычнай школе мастацтваў № 1 Брэста. У 1981-м калектыў атрымаў званне ўзорнага, а ў 1983-м яго ўзначаліў Алег Нярода. Менавіта з гэтым імем неразрыўна звязана гісторыя “Пеўнікаў”.

Музыка ўвайшла ў жыццё педагога яшчэ ў маленстве і з цягам часу стала сапраўдным цэнтральным сэнсам — крыніцай энергіі, якую Алег Яўгеньевіч шчодра перадае вучням.

— Мая сям’я — музычная. Бабуля ведала сотні народных напеваў — кожнае свята суправаджалася яе голасам. Дзядуля майстраваў скрыпкі, таму розныя мелодыі ў доме гучалі пастаянна, — успамінае кіраўнік. — Выбар прафесіі адбыўся натуральна: я паступіў на харавое аддзяленне Брэсцкага музычнага вучылішча (сёння — музычны каледж імя Р. Шырмы) і ні разу не пашкадаваў.

Гастрольная дзейнасць запатрабавала новых магчымасцей. Таму, захоўваючы сувязь з музычнай школай, калектыў перайшоў пад апеку Брэсцкага гарадскога цэнтра культуры, адкрыў уласную навучальную студыю і атрымаў асобнае памяшканне.

 

МАЙСТЭРНЯ ВЫХАВАННЯ

Сёння “Пеўнікі” — гэта 125 удзельнікаў у шасці групах. Праграма ўключае індывідуальныя заняткі, разбор харавых партый, урокі сальфеджыа, музычнай літаратуры і вакалу. Працуюць класы фартэпіяна, гітары, вакальна-інструментальны ансамбль. Рэпертуар разнастайны: народныя песні, творы беларускіх і расійскіх кампазітараў, сусветная класіка, духоўная музыка. І хоць калектыў лічыцца хлапчуковым, Алег Нярода свядома ўводзіць у кожную групу па дзяўчынцы:

— Па-першае, яны часта становяцца выдатнымі салісткамі. Па-другое, прысутнасць дзяўчынак змяняе паводзіны хлопчыкаў — гэта своеасаблівая школа выхавання.

Менавіта выхаванне і дысцыпліна тут стаяць побач з творчасцю.

— Я не прыхільнік строгасці, — смяецца кіраўнік. — Але дзеці дакладна ведаюць: калі мы працуем — то працуем. Толькі так дасягаюцца сапраўдныя вынікі.

Сваю патрабавальнасць Алег Яўгеньевіч тлумачыць уласным досведам:

— Служыў у разведцы. Там нас вучылі адказнасці. Я ніколі ў жыцці нікуды не спазняюся — і хлопцы бачаць гэты прыклад. Калі хоць раз дазволіш сабе слабіну, яны вырашаць, што так можна і ім. А нельга. Хор — гэта культура, і культура патрабуе дысцыпліны. У кожнай групе ёсць стараста, больш вопытныя дапамагаюць пачаткоўцам.

Старэйшы склад — “Берасцейцы” — удзельнічае ў адметных праектах, у тым ліку ў сумесных з легендарнымі “Песнярамі”. Тут пераемнасць пакаленняў не абмяжоўваецца словамі — яна ўвасабляецца ў штодзённай практыцы.

— Вучым дзяцей падтрымліваць адно аднаго, а не сапернічаць, — заўважае суразмовец. — І потым незалежна ад таго, які шлях абярэ кожны, яны ўсё роўна сябруюць.

 

СВЕТ ПРАЗ МУЗЫКУ

За паўстагоддзя “Пеўнікі” станавіліся лаўрэатамі ўсесаюзных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, неаднаразова ўдзельнічалі ў буйных харавых форумах і прадстаўлялі Беларусь за мяжой. Аднак, як падкрэслівае педагог, каштоўнасць не ў колькасці ўзнагарод.

— Найвышэйшы паказчык — калі нават праз час людзі кажуць: “Мы ніколі не забудзем таго, што пачулі на вашым канцэрце”. Гэта і ёсць галоўны плён, — адзначае Алег Яўгеньевіч.

Геаграфія выступленняў шырокая: Расія, Балгарыя, Латвія, Іспанія, Малдова… Але найбольш уражвае не спіс краін, а тое, што адбываецца падчас паездак.

— Тройчы завітвалі ў Цэнтр падрыхтоўкі касматаўтаў і давалі там канцэрт, — з гонарам успамінае кіраўнік. — Дзеці не проста спяваюць — яны адкрываюць свет. Экскурсіі, музеі, храмы, сустрэчы… Усё гэта фарміруе іх як асоб.

“Пеўнікі” не толькі ўдзельнічаюць у творчых праектах, але і арганізоўваюць уласны міжнародны форум хораў хлопчыкаў і юнакоў — “Берасцейскія харавыя асамблеі”, які традыцыйна праходзіць 9 мая ў Брэсцкай крэпасці.

 

ФІЛАСОФІЯ АДКАЗНАСЦІ

— Настаўнік павінен быць мудрым. Ён не мае права выглядаць у вачах дзяцей смешным. Педагог абавязаны быць сапраўдным спецыялістам, здольным навучыць важнаму, і разам з тым — умелым менеджарам, які ведае, дзе шукаць магчымасці, праекты, фестывалі. Поспех не прыходзіць сам — яго здабываюць штодзённай працай, — перакананы Алег Нярода.

Гэты прынцып і прывёў кіраўніка хору да звання “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь”, якое творца ўспрыняў як крэдыт даверу…

— Не лічу ўзнагароду выключна асабістай, — падкрэслівае Алег Яўгеньевіч. — Тут адбітак усяго калектыву, прызнанне агульнай справы. У адзіночку немагчыма даказаць, што ты варты падобнай пашаны. Усё трымаецца на тых, хто побач і гатовы ісці з табой адным шляхам. Але гэта і абавязак: калі носіш такое званне, павінен адпавядаць яму штодня. Перад табой — дзеці, бацькі, калегі, і сам сабе ты не можаш дазволіць стаць слабейшым, чым учора. Дрэнны той салдат, які не марыць быць генералам. Але да мэты трэба ісці — сумленна і настойліва.

Менавіта такая філасофія выгадавала “Пеўнікаў” як калектыў, вядомы дысцыплінай, творчай сілай, адкрытасцю свету. Гэта хор, які існуе не толькі дзеля сцэны: на працягу 50 гадоў ён выхоўвае характар, фарміруе светапогляд і прывівае любоў да музыкі і роднай зямлі.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву