Новае жыццё раённага музея

У летапісе Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея важнай датай стала 16 лістапада — у гэты дзень год таму завяршылася маштабная рэканструкцыя будынка. Дзякуючы рамонту распачалася новая эпоха ў працы ўстановы.

 

ІНСТАГРАМНАЯ ЛАКАЦЫЯ

Урачыстае адкрыццё музея адбылося ў рамках абласнога фестывалюкірмашу “Дажынкі” і зрабілася значнай культурнай падзеяй. Будынак скарбніцы, узведзены ў канцы XIX стагоддзя і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, цалкам абнавілі. У ходзе рэканструкцыі былі разабраны ўсе ўнутраныя памяшканні, захаваны і адрамантаваны некаторыя элементы фасада, уключаючы разьбяныя ліштвы і аконныя засаўкі.

Цяпер гэта вартая ўвагі турыстаў славутасць. А яшчэ, як кажуць, “інстаграмная лакацыя”. Унікальны аб’ект у псеўдарускім стылі з характэрнай мансардай узведзены па замове князя Мікалая Мяшчэрскага — кіраўніка мясцовага дваранства. Асабняк стаў рэзідэнцыяй яго дачкі Марыі.

У канцы пазамінулага стагоддзя арыгінальны будынак быў цэнтрам тутэйшага свецкага жыцця і культуры. Сёння ён зноў адкрыты для шматлікіх гасцей і паспяхова вяртае сабе даўнейшую славу.

Пасля рэканструкцыі ў музеі даступныя пяць зал з пастаяннай экспазіцыяй, прысвечаных этнаграфіі, прыродзе і археалогіі, агульнай гісторыі, сучаснасці краю, а таксама Клімавіччыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Асобная плошча адведзена пад буйныя камерцыйныя выставы і праекты з уласных фондаў грамадзян і ўстаноў.

 

З МІНУЛАГА — У СЁННЯ

Сярод галоўных каштоўнасцей скарбніцы — куток, прысвечаны былой уладальніцы дома Марыі Мікалаеўне Мяшчэрскай. Прадстаўлена антыкварная мэбля, чайны сервіз канца XIX стагоддзя. Усяго ж у фондах — больш за 17 тысяч экспанатаў ад ганчарных вырабаў да рэчаў, што належалі ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць вельмі цікавыя тутэйшыя вышыўкі сярэдзіны ХХ стагоддзя з тэкставымі элементамі.

— Асаблівае месца займае фатаграфія пакаёўкі князёўны Мяшчэрскай, — распавядае дырэктар музея Алеся Кузьмянкова. — Фактычна гэта адзіны арыгінальны артэфакт той эпохі, які ў нас захаваўся. Зараз шукаем сваякоў Мяшчэрскіх і спадзяёмся пашырыць нашы гістарычныя даследаванні.

Усеагульную ўвагу прыцягвае архітэктура будынка. Яго адметная мансарда нагадвае палац. На франтоне зберагліся разьбяныя зоркі, а ўнутры — лесвіцы. Некаторыя з іх былі перароблены падчас рамонту. Мяркуецца, у гэтай прасторы магла знаходзіцца спальня, што выклікае цікавасць спецыялістаў.

 

КЛОПАТЫ І ПЛАНЫ

Асноўныя напрамкі дзейнасці Клімавіцкага краязнаўчага музея — збор і вывучэнне гістарычных матэрыялаў і ўспамінаў відавочцаў, правядзенне выстаў і навуковых даследаванняў. Ідзе актыўная сумесная праца з раённай газетай “Родная ніва”. Паспяховым лічыцца і праект, які папулярызуе мінуўшчыну рэгіёна праз экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне і сучасным культурным падзеям.

— Наша галоўная задача — зрабіць так, каб аб музеі даведалася як мага больш людзей, — падкрэслівае Алеся Уладзіміраўна. — Мы хочам прыцягнуць турыстаў, зацікавіць мясцовых жыхароў і праславіць нашу малую радзіму.

Дзеля гэтага кіраўнік плануе пашырыць супрацоўніцтва з адукацыйнымі ўстановамі, вырашыць пытанні па замацаванні маладых спецыялістаў. Таксама адным з прыярытэтаў застаецца развіццё турыстычнай прывабнасці і павышэнне пазнавальнасці скарбніцы як важнага культурнага цэнтра Клімавіччыны.

Імкненне да захавання гісторыі, даследаванне мінулага і стварэнне сучаснай прасторы робяць музей прыкметным удзельнікам культурнага жыцця раёна.

Віктар ГАЎРЫШ. Фота аўтара і з архіва музея