Галасы ваеннай гісторыі

Праект інтэграванай бібліятэкі аграгарадка Вялікія Шылавічы Слонімскага раёна адзначаны дыпломам І ступені ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” на ХХХІІІ Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Чым адметная ініцыятыва?

 

З ДАПАМОГАЙ НЕЙРАСЕТКІ

Супрацоўнік кніжнай скарбніцы ў Вялікіх Шылавічах Яўгенія Лойка разам з аднадумцамі-валанцёрамі займалася праектам некалькі гадоў. Пра дзейнасць філіяла расказала дырэктар Слонімскай раённай бібліятэкі імя Я. Коласа Тамара Гайдук.

Дырэктар Слонімскай раённай бібліятэкі імя Я. Коласа Тамара Гайдук

— Бібліятэка ў аграгарадку — асяродак духоўнага жыцця, — упэўнена Тамара Батыраўна. — Сюды завітваюць старыя і людзі сярэдняга ўзросту, прыбягаюць дзеці і падлеткі. Гэты сімбіёз досведу розных пакаленняў і паклаў пачатак праекту “Галасы ваеннай гісторыі”, прысвечанаму 80-годдзю Вялікай Перамогі. Тэма для нас надзвычай актуальная: толькі ў Слонімскім раёне ў ліхалецце было знішчана больш за 40 тысяч мірных жыхароў.

Сярод кніжных устаноў вобласці сельская бібліятэка стала піянерам у выкарыстанні сучасных тэхналогій для захавання і папулярызацыі гістарычнай памяці. На базе нейрасеткі, якая ажыўляе фотаздымкі і прымушае іх гаварыць у рэалістычнай манеры, створаны ўнікальны інфармацыйны рэсурс. І вось удзельнікі Вялікай Айчыннай ужо апісваюць абарону Слонімшчыны, мемарыялы, згадваюць аднапалчан…

 

НЕСТАНДАРТНЫ ПАДЫХОД

Праект складаецца з некалькіх частак. Першая распавядае пра месцы пахавання воінаў і ахвяр фашызму. Відэа атрымалася тры: адно пра мемарыяльны комплекс на Чапялёўскіх палях і два эпізоды пра помнік загінулым у аграгарадку.

Наступны раздзел прысвечаны ветэранам. Яны самі расказваюць пра свой жыццёвы і баявы шлях, затым іх характарызуюць нашчадкі і аднавяскоўцы.

Ёсць і інтэрактыўная частка — анлайн-віктарына для замацавання ведаў.

Пасля прэзентацыі інтэрнэт-праекта аўтары ўзяліся за папяровы носьбіт — альбом “Стужка ўспамінаў” папаўняецца і цяпер.

Супрацоўнік кніжнай скарбніцы ў Вялікіх Шылавічах Яўгенія Лойка

— Ідэя лічбавізацыі матэрыялу прыйшла не адразу, — тлумачыць Яўгенія Лойка. — Гэта быў эксперымент, прапанаваны маімі памочнікамі. Паспрабавалі — атрымалася. Спачатку не так добра, але пазней, з кожным новым відэа, усё лепш і лепш.

 

ЖЫВЫЯ СУСТРЭЧЫ

Як паведаміла Яўгенія Міхайлаўна, матэрыял збіраўся з розных крыніц амаль тры гады. Першыя звесткі пра некалькіх удзельнікаў вайны і іх фотаздымкі прадставіў у 2022-м музей школы ў Вялікіх Шылавічах. Па дадатковую інфармацыю пра абаронцаў Радзімы з гэтага і суседніх населеных пунктаў Яўгенія Лойка звярнулася да архіўнага партала “Мемарыял”.

— Мне дапамагаў Арцём Ануфрэня, якому на пачатак нашай працы было 13 гадоў, — гаворыць бібліятэкар. — Потым падключыліся іншыя старшакласнікі.

Разам з кіраўніком праекта яны апытвалі аднавяскоўцаў — тых, хто дзіцем перажыў ліхалецце, і тых, хто ведае пра жахі Вялікай Айчыннай па расповедах бацькоў і дзядоў. Перш чым унесці звесткі ў “Стужку ўспамінаў”, кожны факт вывяралі праз той жа “Мемарыял”.

— Шмат аб сваім бацьку расказала Ніна Пятрашка, дзіця вайны, — працягвае Яўгенія Лойка. — Грунтоўныя запісы ўспамінаў Ксеніі Камяковай, Алесі Гурскай, Таццяны Ануфрэні. А Валянціна Ваняткіна, якой у акупацыю было гадоў 12—13, і сёння без слёз не можа згадваць, як фашысты расстралялі яе сяброў-падлеткаў.

У зборы інфармацыі актыўна ўдзельнічалі вучні мясцовай школы пры падтрымцы яе музея.

 

АНЛАЙН-ФАРМАТ

Уражанні, якія захлынулі юных удзельнікаў праекта падчас размоў з відавочцамі ліхалецця, падштурхнулі ажывіць успаміны з дапамогай штучнага інтэлекту: гэты досвед павінен стаць даступным шырокаму колу моладзі. Так пачаўся новы этап працы — стварэнне дапоўненай рэальнасці.

— У лічбавізацыі дапамаглі калегі, у тым ліку загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Ганна Траццяк і намеснік дырэктара Ларыса Ціханчук, — дзеліцца падрабязнасцямі Яўгенія Міхайлаўна.

Працэс аказаўся не з простых. Хацелася дабіцца максімальнага падабенства штучнай выявы да арыгінала, пры гэтым захаваць дакладнасць фактаў і правільнасць мовы. Як прызналася аўтар праекта, іншым разам думкі не давалі спаць ці займацца хатнімі справамі.

— А яшчэ вельмі цікава было ствараць віктарыну, — заўважае Яўгенія Міхайлаўна. — Так, яна пакуль не складаная, але правільна адказаць на ўсе пытанні можна, толькі калі ведаеш ваенную гісторыю рэгіёна.

 

НАЗАПАШАНЫ ВОПЫТ

І вось нарэшце здабыткі прэзентаваны. Здавалася б, можна і спыніцца, але праца працягваецца. Папаўняецца новымі фактамі “Стужка ўспамінаў”. Бібліятэкары плануюць пашырыць праект, які цяпер выкарыстоўваецца ў якасці дапаможніка па гісторыі Вялікай Айчыннай і на пазакласных занятках у тутэйшай школе. На аснове сабранага матэрыялу праводзяцца мерапрыемствы рознага фармату — ад лекцый і сустрэч да круглых сталоў і квэстаў.

Як адзначыла дырэктар Слонімскай раённай бібліятэкі імя Я. Коласа Тамара Гайдук, перадавы вопыт кніжнай скарбніцы ў Вялікіх Шылавічах ужо ўзялі на ўзбраенне іншыя філіялы, што робяць уласныя праекты.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва бібліятэкі