XXXVI Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі прайшоў ў Віцебску з 26 па 30 лістапада. Пра тое, чым жыве форум і якія адкрыцці ў сёлетняй праграме, расказала яго ідэйная натхняльніца і дырэктар — заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Марына Раманоўская.

Фестываль заснаваны Міністэрствам культуры, Віцебскім абласным і Віцебскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі, Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета. Арганізатар — Цэнтр культуры “Віцебск”.

— Марына Генадзьеўна, сёлета конкурсная частка IFMC ладзілася ў рэспубліканскім статусе. Адкуль узялася ідэя перыядычна змяняць маштаб і ці ўплывае гэта на праграму ўсяго форуму?
— Традыцыя чаргаваць узроўні з’явілася яшчэ ў 1990-х. Тады прыйшлі да высновы: каб стварыць сапраўды моцную міжнародную пляцоўку, спачатку трэба развіць уласную школу сучаснага танца. Схема цалкам апраўдала сябе. За гэтыя дзесяцігоддзі беларуская харэаграфія зрабіла каласальны крок наперад: нашым танцоўшчыкам і іх мастацкім кіраўнікам апладзіруюць на вядучых сцэнах свету.

Мы ўжо даўно пераадолелі стадыю станаўлення, таму з наступнага года IFMC цалкам будзе праводзіцца толькі ў міжнародным фармаце. Пры гэтым статус конкурсу не вызначае насычанасць фестывалю. Праграма заўсёды застаецца разнастайнай і цікавай. Вось і цяпер пяць дзён запоўнены спектаклямі, майстар-класамі, выставамі, лекцыямі, адкрытымі дыскусіямі ды многім іншым.
— За тры дзесяцігоддзі форум назапасіў цэлую скарбніцу творчых эксперыментаў. На ваш погляд, што сёння акрэслівае сутнасць сучаснай харэаграфіі і чаму яна зачароўвае публіку?
— Гэта прастора свабоды, дзе няма жорсткіх правілаў. Класічны балет патрабуе дакладнасці формы і тэхнічнай бездакорнасці — сучасны танец грунтуецца на пошуку і ўнутраным дыялогу. Гэта жывая, непаўторная мова цела. Кожны пастаноўшчык раскрывае ідэю праз уласную выразнасць, праз свой рытм і дыханне. І галоўнае тут — не ацэньваць, а адчуваць. Нібы чытаеш добрую кнігу: зразумеў аўтара — атрымаў сапраўднае задавальненне.

Іменна таму IFMC заўсёды імкнецца паказаць, што пластыка — гэта не толькі сцэнічны жэст. Харэаграфія даўно перарасла межы жанру, яна ўвабрала ў сябе музыку, паэзію, кіно ды іншыя плыні. Разам са спектаклямі мы традыцыйна прадстаўляем жывапіс, скульптуру, фатаграфію, каб падкрэсліць: мастацтва нараджаецца там, дзе пачынае рухацца думка.
— Але калі няма строгіх канонаў, як жа ацэньваць работы ўдзельнікаў?
— Захоўваем пэўныя крытэрыі: ідэя, увасабленне, артыстызм, арыгінальнасць, якасць выканання. Акрамя журы, у складзе якога вядомыя педагогі, пастаноўшчыкі і даследчыкі танца, на фестывалі працуе і экспертны савет. Яго задача — адсочваць аўтарства, правяраць унікальнасць нумароў і вылучаць сярод іх найбольш інавацыйныя формы. Так, прысуджаюцца спецыяльныя дыпломы, а яшчэ ганаровая прэмія імя Яўгена Панфілава, якая ўручаецца найлепшым харэографам. Менавіта гэты падыход робіць спаборніцтва жывым і адкрытым, бо творчасць немагчыма загнаць у рамкі балаў — куды важней зразумець, што сапраўды кранула гледача і прафесіянала.
— Колькі калектываў у выніку трапіла ў конкурсную праграму і паводле якіх прынцыпаў адбываўся адбор?
— З 29 заявак экспертны савет вылучыў каля 20 нумароў — 110 танцораў з розных рэгіёнаў краіны. Для рэспубліканскага ўзроўню гэта вельмі моцны склад. Ацэньвалі не толькі тэхніку, але і арыгінальнасць задумы, выразнасць пластыкі, пошук у форме. Кожная група магла прадставіць выступленне да 20 хвілін — ад мініяцюр да паўнавартасных пастановак.

Беларускія харэографы сёння актыўна эксперыментуюць, шукаюць уласны голас — таму фестываль робіцца сапраўднай творчай лабараторыяй, дзе нараджаюцца новыя ідэі ды імёны.
— Кожны сезон дорыць свае сюрпрызы… Што новага было сёлета?
— Асаблівае месца займаў вечар памяці Яўгена Панфілава, якому споўнілася б 70. Балет яго імя прыязджае ў Віцебск ужо чвэрць стагоддзя запар. У праграме фрагменты знакавых пастановак і поўная версія легендарных “Васьмі рускіх песень” — квінтэсэнцыя славянскай душы, адначасова разухабістай і сумнай. Панфілаў быў геніяльны ва ўсім, ад лібрэта да касцюмаў. Мы шчаслівыя, што яго мастацкая спадчына працягвае жыць на нашай сцэне.
Сярод адкрыццяў — монаспектакль Улада Касцючэнкі, беларускага артыста, які на працягу 15 гадоў гастраляваў па розных краінах. Ён — чэмпіён свету па футбольным фрыстайле, лаўрэат фестывалю эксперыментальнага танца. Улад стварыў унікальнае сцэнічнае дзеянне, дзе мяч становіцца вобразам, насычаным глыбокім сэнсам. Гэта сінтэз цырка, танца, акрабатыкі і філасофіі руху.
Дарэчы, у праграме і яшчэ адзін Касцючэнка — Васіль, выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, чыя персанальная выстава таксама прайшла ў межах форуму.
— Насычаны расклад патрабуе вялікіх намаганняў. Што хаваецца за кулісамі?
— Найперш — складаная лагістыка. Толькі з Расіі завітала больш за 40 чалавек. Арганізатары ўлічваюць усё: пераезды, графікі, тэхнічныя патрабаванні. Напрыклад, два члены журы з Італіі ды Іспаніі адначасова праводзілі майстар-класы і паказвалі монаспектаклі ў Віцебску і Мінску. У кожнага — складаная светлавая схема, пастаноўка, рэпетыцыі. Усё мусім паспець, аптымізаваць, не згубіўшы якасць.

— Пры такой напружанай працы што застаецца галоўным арыенцірам для каманды і ўдзельнікаў?
— Кіруемся простым правілам: максімум мастацтва пры мінімуме фармальнасцей. Галоўнае — стварыць камфорт і для артыстаў, і для гледачоў, захаваць атмасферу свята і жывой камунікацыі.

Бо фестываль — гэта не толькі конкурс, але і месца сустрэч, дзе цябе разумеюць і натхняюць. Гэта свята шчасця, а па шчасце заўжды хочацца вяртацца.

Ганна КАЛІНІНА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з сайта фестывалю