Новае аблічча калектыву

Апублiкавана: 05 снежня 2025 Стужка Музыка Мінск Iнтэрв'ю

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча прадставіць новую праграму “Традыцыі на далонях сучаснасці” 8 снежня. Пра гэта і многае іншае распавёў нядаўна прызначаны мастацкі кіраўнік Аляксандр Сухараў, пакуль больш вядомы сваімі мюзікламі і шматгадовай працай у Маладзёжным тэатры эстрады.

 

— Аляксандр Валер’евіч, можа, спачатку некалькі слоў пра прэм’еры на канцэрце ў філармоніі?

— Калі прыходзіць новы кіраўнік, дык гледачы, вядома, чакаюць новую праграму. І не проста новыя творы, але і разуменне таго, у які бок усё будзе рухацца. Наш калектыў, нягледзячы на сваю назву, складаецца не толькі са спевакоў. У яго ўваходзяць і харэаграфічная група, і аркестр. Каб падкрэсліць нашы “калектывы ў калектыве”, у канцэрце будуць і асобныя аркестравыя нумары, і харэаграфічныя кампазіцыі. І харавыя творы a cappella — без інструментальнага суправаджэння.

Хочацца, каб прагучаў і аўтэнтычны фальклор, і колішнія яго апрацоўкі, што рабіліся Генадзем Цітовічам, Міхасём Дрынеўскім і былі знойдзены ў архівах. Таму запланаваныя і сольныя выступленні, і жаночы секстэт, і паказ мужчынскай групы хору. І, канешне, сумесныя нумары. Дырыжыраваць будуць і галоўны хормайстар Уладзімір Маслакоў, і нядаўна прыняты Павел Юхновіч, і я таксама.

Адзначу і новыя сцэнічныя строі, што аздобяць аблічча калектыву. Іншымі словамі, праграма скіравана на тое, каб усе ўсвядомілі, наколькі наш народны хор — прафесійна моцны, магутны калектыў, якому падуладна ўсё. Мы пакажам яго новы твар як рух наперад.

— Ці прагучаць вашы аўтарскія творы? Бо вы ж не толькі спявак і артыст, не толькі хормайстар па адукацыі, атрыманай у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, але і член Беларускага саюза кампазітараў, аўтар шматлікіх песень, харавых партытур, мюзіклаў, нават такога жанру, як дзіцячая шоу-опера — “Мухі-Цакатухі баль”.

— Будуць найперш тыя нумары, што выконваюцца на ўрадавых канцэртах: “Прысвячэнне Беларусі”, “Святочная”, “Песню заспявае Беларусь”, “У гармоніі гармонь”. Спецыяльна для гэтага канцэрта я стварыў кампазіцыю “Кумекалі”.

— Вы плённа займаліся эстраднымі кірункамі, вам блізкая рок-стылістыка. Гэта і ваш колішні гурт “Эківокі”, і Тэатр эстрады, дзе вы працягваеце служыць і рыхтуеце чарговую прэм’еру — мюзікла “Майстар і Маргарыта” з вашай музыкай. Ці значыць гэта, што і народны хор зробіць стылёвы паварот?

— Навошта? Эстрадна-фальклорныя матывы ў ім і зараз існуюць, але яны прызначаны для спецыяльных мерапрыемстваў. Што ж тычыцца асноўнага рэпертуару, дык сыходзіць у псеўданародную эстрадную музыку не хачу. Так, калектыву патрэбны піяр, неабходна быць у курсе найноўшых сусветных знаходак. Але наша галоўная задача, улічваючы ўсё гэта, папулярызаваць менавіта беларускае народнае мастацтва ў яго выглядзе, максімальна блізкім аўтэнтыцы.

— Між тым вы родам не з Беларусі. І вучыліся харавой музыцы акадэмічнай, а не народнай.

— Так, я нарадзіўся на Урале, у Пермскай вобласці. Населены пункт называўся Шахта “Паўночная”. Бацька — шахцёр, маці — медработнік. Музыкантам у сям’і быў хіба мой дзед Сан Саныч, ён працаваў акампаніятарам-баяністам у дзіцячым садзе.

А з пяці гадоў я ў Беларусі, і гэта мая родная краіна. У Брэсце — дарэчы, там і дагэтуль жывуць мае бацькі — паступіў у школу з музычна-харавым ухілам, таму галоўнымі сталі заняткі спевамі і ігра на фартэпіяна.

Калі ж у падлеткавым узросце пачалася ломка голасу, засвоіў кларнет. Ды і ў арміі служыў у Маскве ў музузводзе. Прызнаюся, рашэнне аб маім прызначэнні ў хор Цітовіча крыху здзівіла і мяне самога, і тых, хто мяне ведае. Але сумневу не было: я спраўлюся.

Беларускі фальклор ніколі не быў для мяне чужым, у час навучання даводзілася шмат над ім працаваць. Ва ўніверсітэце мы з народнікамі добра сябравалі, шмат чаго рабілі разам. І галоўнае: калі маеш добрую акадэмічную музычную адукацыю, перашкод для засваення іншых мастацкіх кірункаў няма. Таму я хутка, як мне здаецца, уваходжу ў крыху новую для мяне спецыфіку.

Прывяду смешны прыклад. Днямі ў Палацы Рэспублікі Маладзёжны тэатр эстрады паказваў імерсіўны шоу-мюзікл “Стрыптыз душы”, прысвечаны Мэрылін Манро. Я там іграў трэцяга мужа гэтай кінадзівы — амерыканскага драматурга і пісьменніка Артура Мілера.

А ў ролі французскага спевака Іва Мантана, у якога яна закахалася, выходзіў Руслан Чарнецкі, бо ён паспяхова сумяшчае пасаду міністра культуры са сваёй тэатральнай творчасцю. Дык вось, пасля спектакля ён мне і кажа, маўляў, бачу, ты ўжо “пераладзіўся”. Аказваецца, заўважыў у маім выкананні некаторыя народныя ноткі.

— А як вы бачыце калектыў і сваю ролю ў ім? І збоку, і знутры.

— Вельмі цаню высокі прафесіяналізм артыстаў, да якіх патрапіў. Даспадобы сяброўская атмасфера, што пануе сярод іх. І тое, што дырэктар Марат Лагутка імкнецца захаваць усё лепшае і прымножыць. Мая асноўная задача — наладзіць творчую працу. А ў тым, што нашы музыканты і танцоры працаваць умеюць і робяць гэта апантана, самааддана, нікога пераконваць не трэба. Гэта бачна, як вы гаворыце, і збоку, і знутры.

— Пры такіх творчых сілах — ці не задумацца вам пра народна-харавую оперу ці які іншы спектакль?

— Ёсць такія ідэі. Наконт ажно двух праектаў! Але давайце агучым іх пазней, дзесьці на пачатку новага года.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва калектыву