Дзе нараджаецца беларускае мастацтва

Апублiкавана: 01 снежня 2025 Стужка Адукацыя Мінск Дата

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Акадэмія мастацтваў адзначыла 80-гадовы юбілей. Згодна з пастановай Савета народных камісараў БССР № 1217 ад 20 жніўня 1945 года быў створаны тэатральны інстытут у Мінску. І ўжо ў сярэдзіне лістапада 30 студэнтаў акцёрскага аддзялення прыступілі да заняткаў у памяшканнях педінстытута.

 

 

ЯНЫ БЫЛІ ПЕРШЫМІ

Рэктарам у тым пасляваенным 1945-м стаў франтавік Міхаіл Гурскі. На жаль, праз пэўны час па стане здароўя ён пакінуў пост кіраўніка. Адпраўляў у свет першых студэнтаў ужо Іосіф Прыс, які працаваў у інстытуце з самага пачатку і ўзначальваў установу больш за дзесяцігоддзе.

…У бібліятэцы сённяшняй акадэміі беражліва захоўваюцца старыя фотаздымкі, рукапісы. Сярод іх — успаміны адной з першых выпускніц Дзіны Шпакавай-Чалай. Вось што яна распавядае:

“Дабіраюся да педінстытута, дзе месціцца і тэатральны. Па калідорах расхаджваюць будучыя педагогі. Маленькая шыльдачка: «Беларускі дзяржаўны тэатральны…» Нас з усмешкай сустракае сталы чалавек з добрымі сінімі вачыма, ціхім прыемным голасам — Міхаіл Адамавіч Гурскі. Падаю заяву. Экзамены праз тыдзень… Абітурыенты тоўпяцца каля аўдыторыі, на многіх яшчэ ваенная форма, ёсць і маладзейшыя — як я. Ціха перамаўляемся. Больш за ўсіх баяцца Еўсцігнея Афінагенавіча Міровіча — мастацкага кіраўніка інстытута. Надта строгі…”

— З якой патрэбы ў горадзе, што толькі-толькі ачуўся пасля разбуральнага ліхалецця, узнікла ідэя адкрыць творчы інстытут? — пытаннем на пытанне адказвае загадчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў, адзін з найстарэйшых работнікаў акадэміі Яўген Шунейка. — Такая ідэалогія Савецкай дзяржавы: да светлай будучыні праз прыгожае — манументальнае мастацтва, тэатр, кіно, жывапіс. Заўважце, большасць выкладчыкаў і амаль усе студэнты першых гадоў — з ліку франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў. Выключна ўсе — камсамольцы альбо партыйныя актывісты.

Яўген Феліксавіч з гонарам называе імёны былых супрацоўнікаў-партызан. Гэта дзеячы мастацтва Мікалай Гуціеў, Віктар Грамыка, Аляксандр Мазалёў, Уладзімір Сухаверхаў. Разведчыкам прайшоў Вялікую Айчынную даўнейшы загадчык кафедры жывапісу Пётр Крохалеў. Барыс Няпомняшчы здабываў Перамогу ў Сталінградзе і на Курскай дузе.

У радах Чырвонай арміі змагаўся з ворагам мастак Хаім Ліўшыц. Удзельнікамі вайны былі выкладчыкі і выпускнікі тэатральнага факультэта Уладзімір Няфёд, Любоў Малчанава-Мазалеўская, Эльвіра Герасімовіч, якая ў 1968-м стала першым рэктарам-жанчынай і кіравала інстытутам аж да 1984-га.

 

АДЗІНЫЯ Ў КРАІНЕ

Неўзабаве пасля заснавання тэатральнага інстытута яго структура пашырылася: з’явіўся мастацкі факультэт, які цяпер аб’ядноўвае жывапісцаў, графікаў, скульптараў, спецыялістаў у галіне манументальнага мастацтва.

— Кафедра скульптуры — адна з найстарэйшых, — кажа яе загадчык Канстанцін Касцючэнка. — Створаная на пачатку 1950-х, яна даволі ў кароткі тэрмін зрабілася вядучай. Усё дзякуючы патрабаванням часу і, зразумела, тым людзям, што тут працавалі. Андрэй Бембель, Аляксей Глебаў, Анатоль Анікейчык, якія ў розныя гады ўзначальвалі кафедру, усталявалі адмысловую атмасферу. Намаганнямі мэтраў беларуская класічная скульптура стала добра вядомая на ўсёй савецкай прасторы.

Традыцыі, якія заклалі гэтыя знакавыя асобы, працягваюцца і цяпер. Разам з Канстанцінам Аляксандравічам завітваем у майстэрню, дзе над макетамі карпеюць чацвёртакурснікі Ілья Васіленка і Аляксандра Жаркевіч.

— Калі ў некалькіх словах апісваць атмасферу нашага факультэта, то гэта — камандны дух і ўзаемападтрымка, — гаворыць Аляксандра.

Сваю выхаванку дапаўняе Канстанцін Касцючэнка:

— Шчырасць і гатоўнасць дапамагчы адзін аднаму — галоўныя якасці нашых студэнтаў і педагогаў. А яшчэ — неверагодная працаздольнасць, вобразнае мысленне, неардынарны талент. Загадчык кафедры пералічвае аб’екты, над якімі шчыравалі выпускнікі факультэта.

Спіс уражвае: мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Красны Бераг”, манумент на Кургане Славы, “Брама памяці” на тэрыторыі былога лагера смерці ў Трасцянцы, шэраг малых скульптурных формаў і помнікаў у Мінску, іншых гарадах краіны.

— Спецыялістаў у жывапісе, графіцы, манументальным мастацтве і скульптуры з вышэйшай адукацыяй у Беларусі рыхтуе толькі наш факультэт, — падкрэслівае суразмовец.

 

МЕСЦА НАТХНЕННЯ

Словы Канстанціна Касцючэнкі падмацоўваюцца тым фактам, што выпускнікі акадэміі надзвычай запатрабаваныя на рынку працы. Частка з іх працягвае займацца творчасцю прафесійна, іншыя ідуць у педагагічную дзейнасць, каб дзяліцца назапашанымі ведамі з навучэнцамі мастацкіх каледжаў. Асобныя выкладаюць у альма-матар.

— Сёлета скончыла акадэмію з чырвоным дыпломам, — распавядае малады спецыяліст, выкладчык кафедры малюнка Ганна Раманенка. — Калі мне прапанавалі застацца, спачатку крыху разгубілася. Пагадзіцеся, далёка не кожнаму выпадае гонар працаваць поплеч са сваімі педагогамі!

Цяпер Ганна Пятроўна вучыць першакурснікаў і будучых выпускнікоў. Яна даволі хутка выбудавала лінію зносін са студэнтамі, паколькі добра разумее іх памкненні і думкі.

— Гляджу на гэтых хлопцаў і дзяўчат і разумею, што для многіх акадэмія, як і для мяне, родная, нібы другі дом. Сваю задачу як педагога бачу ў тым, каб падтрымаць іх цікавасць да творчасці, прывіць працавітасць і радавацца працэсу.

За час прафесійнай падрыхтоўкі альма-матар зрабілася месцам натхнення і для трэцякурсніцы тэатральнага факультэта Любові Конюхавай. Яна з дзяцінства наведвала тэатр-студыю, пасля дзевяці класаў пайшла ў каледж мастацтваў на эстрадны вакал, шчыра спадзеючыся, што гэты досвед дапаможа здзейсніць задуманае — стаць студэнткай адной з самых прэстыжных ВНУ краіны.

— Пра тое, куды паступаць, пытання не было, — адзначае Любоў. — Яшчэ падлеткам верыла, што выпадзе вучыцца ў найлепшых выкладчыкаў. Мне падабаецца тут усё: і заняткі, і тое, што ладзіцца па-за імі, — сустрэчы, рэпетыцыі, пастаноўкі, капуснікі. З нагоды юбілею зычу педагогам добрага настрою і таленавітых выхаванцаў. А тым школьнікам, якія толькі вырашаюць, дзе атрымліваць адукацыю, і, магчыма, сумняваюцца ў сваіх сілах, скажу вось што. Спрабуйце! Рызыкуйце! Будзе няпроста, але вельмі цікава!

 

ЭКСПЕРЫМЕНТЫ

Адзін з самых маладых факультэтаў — дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — да 1998 года называўся мастацка-прамысловым.

— Напрыканцы 1970-х дзяржава паставіла перад намі задачу па падрыхтоўцы спецыялістаў у гэтай сферы, — згадвае Яўген Шунейка. — Тады ўзнікла патрэба ствараць на фабрыках па вырабе мэблі, тэкстылю і бытавых прыбораў уласны дызайн прадукцыі. Такім чынам, з дапамогай нашых выпускнікоў з’явіліся рэчы, якія пазнавалі ў розных кутках СССР і нават за яго межамі.

Гэта быў прынцыпова новы кірунак у дзейнасці адукацыйнай установы. Аднак калектыў справіўся з задачай выдатна. Факультэт працягвае развівацца, амаль штогод уводзяцца новыя напрамкі. Да прыкладу, тут з’явіліся спецыялізацыі “дызайн мультымедыя” і “дызайн віртуальнай прасторы”.

Шмат увагі надаецца і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. Юныя аўтары працуюць са шклом, з каменем, металам, тканінай. Эксперыментальнай навінкай сустрэў гэты навучальны год студэнтаў мастацкага факультэта.

Як паведаміла маладая выкладчыца Анастасія Чадзій, раней на кафедры манументальнага мастацтва керамікай не займаліся, а сёлета вырашылі паспрабаваць роспіс па абпаленай гліне. Прыродны матэрыял раскачваецца ў пласт, і спецыяльным інструментам робіцца рэльефны малюнак. Калі загатоўка падсохне, на яе наносяць папярэднюю карцінку, потым твор абпальваюць і завяршаюць дэкор у тэхніцы графітакерамікі. Дапускаецца і камбінацыя з іншымі матэрыяламі.

— Мае студэнты з цікавасцю ўзяліся за новы напрамак, — распавядае Анастасія Уладзіміраўна. — Яны не баяцца эксперыментаваць, шукаючы свежыя формы і шляхі самавыяўлення. І гэта вельмі цудоўна!

 

НОВЫЯ ГАРЫЗОНТЫ

Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў лічыцца адной з найлепшых творчых ВНУ не толькі на постсавецкай прасторы, але і амаль ва ўсім свеце. У акадэмію імкнуцца паступіць жыхары Расіі, Казахстана, Узбекістана, іншых краін Азіі ды нават Афрыкі. І, нягледзячы на цяжкасці з мовай і нязвыклы клімат, замежнікі прыкладаюць максімум намаганняў, каб атрымаць якасную адукацыю. А вярнуўшыся на радзіму, большасць з іх не перарывае зносін з альма-матар.

Пра гэта сведчаць лісты да выкладчыкаў.

“Дарагі настаўнік! Тыя месяцы, якія я правяла з вамі, шмат чаго мне далі. Ваш курс вельмі цікавы. Дзякуй вам, што ўважліва ставіцеся да нас, глядзіце нашы працы і слухаеце недасканалую мову. Вы заўсёды выкарыстоўваеце зразумелыя нам формы падачы матэрыялу. Дзякуй за цярпенне! Лінь Сіньмэй”.

“Любімы выкладчык, добры дзень! Рост дрэва немагчыма аддзяліць ад сонца і дажджу; жыццё кветкі не можа быць аддзелена ад зямлі; а наша жыццё не можа быць аддзелена ад вас. З вашым энтузіязмам і дапамогай, а таксама з вашай шчырай навукай мы хутчэй становімся сталымі. Дзякуй за сур’ёзнае і адказнае стаўленне да адукацыі, за клопат пра нас, за тое, што дзеліцеся сваімі ведамі. Сунь Пэйчжуань”.

 

ВІНШУЕМ!

Гэтыя запісы, а яшчэ відэа выступленняў, перамогі ў конкурсах і прафесійныя здзяйсненні — шчырая падзяка педагогам.

— Асабіста для мяне найлепшая ўзнагарода за працу — бачыць, як растуць і развіваюцца мае студэнты, сачыць за поспехамі выпускнікоў, жыць клопатамі выхаванцаў і разам з імі дыхаць на поўныя грудзі, кожны дзень натхняючыся на творчасць, — прызнаецца загадчык кафедры жывапісу і графікі прафесар Уладзімір Масленікаў.

— Захоўваць гісторыю ўстановы, узбагачаць гэты летапіс, адказна працуючы над кожнай старонкай, — вось прафесійнае шчасце, — дадае Яўген Шунейка. — І я шчыра жадаю ўсім калегам спазнаць яго.

— Для мяне прафесійнае шчасце заключаецца ў магчымасці дапамагчы будучаму артысту авалодаць целам, — распавядае выкладчык сцэнічнага руху Валерыя Закірзянава. — Прафесійны акцёр павінен перадаваць характар і пачуцці героя ў тым ліку праз позы, жэстыкуляцыю, манеру трымацца ў прасторы. Навучыць чалавека гэтаму — мая задача. І калі тое выходзіць — адчуваю задавальненне.

— Жыць акадэміяй, працаваць у акадэміі ды бачыць бляск у вачах студэнтаў — вось што для мяне асабліва важна, — адзначае малады спецыяліст Анастасія Чадзій. — Я ўдзячная сваім педагогам за магчымасць знайсці сябе ў творчасці і дзяліцца здабыткамі з іншымі. З юбілеем, родная альма-матар! Няхай табе шчасціць на выдатных выкладчыкаў і таленавітых студэнтаў!

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіваў установы