Выбраць лепшага з лепшых

Апублiкавана: 01 снежня 2025 Стужка Афіцыйна не указан Фестывалі

Аўтар: СТАНКЕВІЧ Ірына

Не паспелі сціхнуць фанфары “Славянскага базару — 2025”, як пачалася падрыхтоўка да наступнага, 35-га фестывалю мастацтваў.

Наша госця — загадчыца аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Цэнтра культуры “Віцебск” Святлана Аўдзеева — распавяла пра вакальныя конкурсы вялікага форуму і рэгіянальныя адборы, якія праходзяць у краіне.

 

— Падрыхтоўка да дзіцячага музычнага конкурсу і конкурсу выканаўцаў эстраднай песні Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” наступнага года традыцыйна пачынаецца ў лістападзе. Адборы праходзяць у шасці абласцях і ў горадзе Мінску, — расказвае Святлана Леанідаўна. — Першы этап лічу самым складаным. Гэта такія музычныя жорны, праз якія прапускаюць сотні юнакоў і дзяўчат, каб вылучыць найлепшых. Марафон праслухоўванняў стартаваў 18 лістапада ў Магілёве, завершыцца 10 снежня ў сталіцы. Паміж дзвюма датамі — адборы па графіку ва ўсіх абласцях Беларусі.

— Ці ёсць новаўвядзенні?

— Па ўзгадненні з Міністэрствам культуры апошні дзень — 10 снежня — можна будзе выкарыстаць як рэзервовы тым, хто з нейкіх прычын не змог прадэманстраваць здольнасці ў сваім рэгіёне. Такіх можа быць усяго некалькі чалавек, але трэба і ім даць шанц паўдзельнічаць у марафоне.

— Акрэслім, хто ў праве заявіцца на адборачны тур. Ці патрэбная, напрыклад, спецыяльная адукацыя?

— Да конкурсу дапускаюцца ўсе ахвотныя, хто валодае вакалам і ўпэўнена трымаецца на сцэне. Дадатковыя патрабаванні вызначаюцца палажэннямі па кожнай узроставай групе: у дзіцячым конкурсе ўдзельнічаюць тыя, хто трапляе ў прамежак 8—14 гадоў, у конкурсе маладых выканаўцаў — з 18 да 31 года.

— А падлеткі з 14 да 18 гадоў, выходзіць, застаюцца за бортам…

— Адкажу як музыкант. У гэты перыяд у галасах пачынаюцца ўзроставыя змены. У кагосьці працэс хуткі і бязбольны, у кагосьці ён зацягваецца. Гэта фізіялагічныя асаблівасці. Паколькі конкурс — стрэс для ўсяго арганізма, а голас — не што іншае, як інструмент, належыць беражліва ставіцца да яго.

— У якім фармаце арганізаваны адборы?

— За гады правядзення конкурсы зазналі некалькі змен. Мы спрабавалі працаваць у розных фарматах. Напрыклад, пэўны час адбор ладзіўся як два канцэрты: спачатку ўдзельнікі выконвалі адну кампазіцыю, а пасля перапынку — другую. Цяпер мы вырашылі кожнага прэтэндэнта слухаць асобна — першую песню, потым адразу другую ці ўрывак з яе. Члены камісіі могуць таксама задаць пытанне, папрасіць праспяваць акапэльна…

— З якімі кампазіцыямі варта заяўляцца на конкурс?

— Першая — славянская гісторыя, выкананая на славянскай мове. Гэта абавязкова. Што датычыць другой, то для старэйшай узроставай групы тое можа быць любы сусветны хіт. А малодшай ужо некалькі гадоў мы прапануем фармат дзіцяча-юнацкай тэматыкі — каб хлопчыкі і дзяўчынкі не “пакутавалі ад непадзеленага кахання”, а арганічна існавалі ў сваёй прасторы. Лепш, калі гэта будуць трэкі з папулярных мультфільмаў, ігравых карцін для адпаведнага ўзросту. Асобны акцэнт — на аранжыроўцы. Важна, каб яе зрабілі спецыяльна, можа нават з улікам нацыянальнага каларыту краіны, з нейкімі характар­нымі інтанацыямі.

— Атрымліваецца, адбор — сапраўдны прафесійны іспыт?

— Не зусім. Ад удзельніка патрабуецца ў першую чаргу прадэманстраваць вакальныя здольнасці. Разам з тым ідзе тэст на стрэсаўстойлівасць: далёка не кожны зможа ў імгненне пераключыцца з адной кампазіцыі на іншую, прадэманстраваць валоданне ўласнымі эмоцыямі, целам, мімікай, голасам. А ў журы з’яўляецца магчымасць ацаніць умен­не канкурсанта трымацца перад аўдыторыяй. У такія моманты бачны не толькі вакальны патэнцыял — а ён павінен быць вялікім, бездакорным, — але і тое, наколькі арганічна канкрэтны чалавек будзе выглядаць з балетам і гучаць з аркестрам. Дарэчы, з нядаўняга часу абодва творчыя спаборніцтвы праходзяць толькі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.

— Такі сур’ёзны адбор…

— Сапраўды. Бо на сцэне выступіць адзін прадстаўнік усёй краіны. І ён — самы-самы! Гэта вельмі адказны крок. Канкурэнтамі будуць удзельнікі з розных дзяржаў, са сваімі вакальнымі школамі — не горшымі за нашу. Але пасыл, які атрымлівае выканаўца, калі чуе ўласнае імя разам са словамі “Рэспубліка Беларусь”, надае сілы змагацца за самую высокую ўзнагароду.

— Як жа выбраць гэтага самага-самага?

— Калі гаварыць пра тэхнічныя моманты, то з кожнай вобласці ў рэгіянальным туры вылучаецца па пяць прэтэндэнтаў. Прычым, як правіла, на ўдзел заяўляецца ў сярэднім чалавек па 30. Гэтая пяцёрка трапляе ў лік тых, каго журы праслухоўвае асобна — звычайна ў студзені наступнага года ў культурнай сталіцы. Так выбіраецца дзясятка фіналістаў, якія будуць змагацца за права спяваць пад сцягам Беларусі на сцэне як Летняга амфітэатра, так і канцэртнай залы “Віцебск”.

— Прадстаўляць нашу краіну на міжнародным узроўні — справа вельмі адказная. Наколькі рэальна простаму юнаку ці дзяўчыне патрапіць на конкурс “Славянскага базару”?

— Рэальна. Усё залежыць ад самога чалавека. Для гэтага трэба валодаць голасам, быць шчырым з гледачамі, упэўнена трымацца на сцэне, мець харызму і добрую энергетыку. Я нават хачу звярнуцца да тых, хто жадае паспрабаваць сілы, але асцерагаецца: усе маюць права прыйсці і заявіць пра сябе. На сайце цэнтра “Віцебск” даступная інфармацыя пра адборы, якая зацверджана Міністэрствам культуры, — месцы правядзення, даты, час. Мы чакаем вас!

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва ЦК "Віцебск"