Саломапляценню Беларусі ў 2022 годзе быў нададзены статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Сёння традыцыя ў руках майстроў і іх вучняў набывае новую інтэрпрэтацыю, узбагачаецца рознымі прыёмамі і формамі. Доказам таму можа паслужыць выстава “Саламяныя метамарфозы”, якая працуе ў Музеі сучаснага мастацтва Віцебска.

У выставачнай зале разгорнута цікавая экспазіцыя твораў навучэнцаў аддзялення “Мастацтва і дызайн” філіяла Віцебскага дзяржаўнага тэхналачінага каледжа.

Пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Жанны Арэхва маладыя мастакі трансфармавалі старажытнае рамяство паводле патрабаванняў сучаснасці і ўласнага бачання.

Выстава ўражвае разнастайнасцю форм і вобразаў. Саломка з’яўляецца ўніверсальным матэрыялам для прэзентацыі восеньскай ураджайнай тэматыкі і калядных святаў зімовага цыклу.

Плеценыя лапцікі і кветкі, традыцыйныя ёмістасці і заплечнікі, абрамленыя ажурнай пляцёнкай маляваныя падносы і пано, упрыгожаныя інкрустацыяй і аплікацыяй з саломы кайстры, сумкі, валізкі здзіўляюць варыятыўнасцю формаў і дэкору. Зіхацяць золатам сняжынкі, конікі, лялечкі ды зорачкі...

У традыцыйнай культуры навыкі пляцення моладзь засвойвала ад старэйшага пакалення ў штодзённым жыцці і падчас абрадаў. Гэтую логіку навучання можна ўгледзець і ў сістэме вучэбнай і выхаваўчай працы каледжа, якая падпарадкавана канчатковай мэце — распрацоўцы дыпломнага праекта і яго абгрунтаванню. Студэнты вывучаюць рамесную тэхналогію разам з міфалогіяй і фальклорам.

Асобная ўвага надаецца даследаванню лакальнай народнай культуры свайго рэгіёна. Сёлета група дыпломнікаў прадставіла цыклавой камісіі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа ўтылітарна-дэкартыўныя вырабы на аснове спіральнага пляцення.

Гэты від народнага рамяства быў адроджаны ў Віцебску і Гарадоцкім, Браслаўскім, Верхнядзвінскім раёнах дзякуючы народным майстрам А.М. Краўчуку, П.К. Карэніку, М.Б. Чэркасу і М.М. Баршчову, якія ўзгадалі засвоеныя ў дзяцінстве навыкі і перадалі іх сакрэты маладым творцам. У 2019 годзе дадзеная тэхналогія атрымала статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі і стала мастацкім брэндам Віцебскай вобласці.

Інавацыйная інтэрпрэтацыя спіральнага пляцення прысутнічае ў працах і методыцы навучання Ж.С. Арэхва. Працы яе вучняў захоўваюць ужыткоўны характар, аднак маюць анімалістычную вобразнасць. Усе творы дэманструюць сучаснае дызайнерскае мысленне і ўдалае спалучэнне лазы, саломы, ільнянога тэкстылю, розных матэрыялаў і тэхнік.

Віртуознае валоданне прыродным матэрыялам і спосабамі яго апрацоўкі дэманструюць працы і самога майстра.
Людміла ВАКАР, старшы навуковы супрацоўнік
Музея сучаснага мастацтва, філіяла УК “Музей Марка Шагала ў Віцебску”