Суперфіналіст “X-Factor Беларусь”, двойчы лаўрэат прэміі “Песня года Беларусі”, музыкант, аўтар песень Мікіта Бялько ў верасні прадставіў у Палацы Рэспублікі на сольным канцэрце свой першы альбом. Што стаіць за паспяховым дэбютам і захапленнем гледачоў?

Раскладзем зорны час на гадзіны.
7:00. РАНІШНІ СТАРТ

Дзень маладога артыста пачынаецца з першымі промнямі. Гэта зручна для вучобы і музычнай працы, якія часта маюць фіксаваны расклад.
— Прачынаюся каля сямі. Снедаю — калі паспяваю, потым — на пары. Вучуся на эстрадна-джазавым аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Далей — трэнажорная зала, рэпетыцыі. Увечары — футбол, сумесны графік з музыкантамі або запіс трэкаў на студыі.
Пад’ём на світанку патрабуе паўнавартаснага адпачынку. І гэта не абстрактнае сцверджанне, а рэальнае адчуванне, якое праяўляецца на фізічным узроўні.
— Калі не высыпаюся, арганізм адразу рэагуе: голас губляе стабільнасць, што ўплывае на якасць выступлення. Таму перад сольным канцэртам, нягледзячы на вялікую нагрузку, стараўся як мага больш сачыць за здароўем і ментальным станам.
11:00. РЫТМІЧНАЕ ЎКЛЮЧЭННЕ

Сцэна для Мікіты — не толькі прастора святла і апладысментаў. Гэта строгая сістэма, блізкая да спартыўнай: голас працуе як трэніраваны інструмент, дыханне падпарадкоўваецца дакладнаму рытму, а агульны стан залежыць ад штодзённай работы над сабой.
Артыст не дэкларуе гэты падыход, а жыве паводле яго. Спакойна. Паслядоўна. Прафесійна. Нягледзячы на малады ўзрост, спявак ужо выбудаваў уласны алгарытм падрыхтоўкі да канцэртаў.
— Перад кожным выступленнем імкнуся ўвайсці ў правільны стан. Ёсць прыём, які я запазычыў з фільма “Воўк з Уол-стрыт”: рытмічныя ўдары кулаком у грудзі — дапамагае стабілізаваць дыханне, засяродзіцца, пачуць сябе і наладзіцца на патрэбную хвалю.
Для гэтага выканаўцы музыка пачынаецца не са слоў і нот. Спачатку — цела. Пульс. Дыханне. Часам — самы просты жэст, здольны ўключыць унутраны механізм.

14:00. БАЛАНС ДЛЯ САПРАЎДНАСЦІ
Каб выглядаць сапраўдным перад публікай, Мікіту важна не губляць сувязі з сабой — і на пляцоўцы, і па-за ёй. Той, каго гледачы бачаць на канцэртах, — не прыдуманы персанаж. Паміж артыстам і чалавекам, які стаіць за ім, амаль няма дыстанцыі.
— Мне важна быць у гармоніі з сабой — у словах, у музыцы, у маўчанні, — адзначае выканаўца. — Магчыма, у паўсядзённасці больш цягне да цішыні і спакою. У артыстычным асяроддзі вакол шмат людзей, пастаянны шум — і часам сапраўды хочацца проста аднавіць раўнавагу.
Пазбавіўшыся сафітаў, спявак не імкнецца да загадкавай закрытасці. Яго побыт — актыўны, з захапленнямі, якія выглядаюць натуральным працягам асобы, а не часткай іміджу.

— Люблю спорт: трэнажорная зала, футбол, турнікі, ровар. Калі ёсць вольны час — магу пагуляць у камп’ютарныя гульні або пачытаць добрую кнігу. Быў перыяд, калі амаль не чытаў, хоць у дзяцінстве гэта была пастаянная звычка. Цяпер вяртаюся да гэтага занятку зноў.
Такі баланс — чаргаванне руху і паўзы — дазваляе заставацца ў форме і выходзіць да прыхільнікаў не ў ролі, а самім сабой
17:00. ДОСВЕД БЕЗ СТРАТЫ СЯБЕ

Паслядоўнасць і праца — тое, што фарміруе Мікіту Бялько як артыста. Ён не спыняецца на адным фармаце: кожны новы творчы выклік — магчымасць праверыць сябе і зрабіць крок наперад.

— Прайшоў праз розныя праекты: ад нацыянальнага адбору на “Дзіцячае Еўрабачанне” і ўдзелу ў “Голас. Дзеці” — да “Бітвы талентаў”, “Залятай у трэнды”, “Х-Фактару Беларусь” ды іншых тэлевізійных шоу. У “Песні года Беларусі” двойчы станавіўся лаўрэатам: у 2022-м як “Адкрыццё года”, у 2023-м — як “Найлепшы выканаўца (мужчынскі вакал)”. Усё гэта дадало мне досведу і ўпэўненасці. Але, думаю, я застаўся тым жа жыццярадасным хлопцам, які любіць свет і музыку так жа шчыра, як і ў самым пачатку свайго творчага шляху.
Гэта не спроба выглядаць сціпла, а канкрэтнае апісанне чалавека, які не падладжваецца пад медыйныя чаканні. Ён захоўвае сваю інтанацыю — і ў гэтым яго моц.
20:00. УНУТРАНЫ РУХАВІК

Для Мікіты Бялько шчырасць — унутраны рухавік, што вядзе наперад. Менавіта гэтая адкрытасць перад сабой і публікай дапамагла яму перайсці на новы этап — ад сцэнічных эксперыментаў і тэлепраектаў да ўласнага слова ў музыцы. Дэбютны альбом і вялікі сольны канцэрт сталі натуральным працягам шляху, пражытага ў поўнай аддачы.
— Альбом у нейкім сэнсе падводзіць рысу пад чарговым перыядам маёй творчасці, — адзначае спявак. — Загалоўная кампазіцыя “Вышэй, чым неба” — гэта не проста гісторыя кахання, у ёй ёсць духоўная лінія, якую кожны можа інтэрпрэтаваць пасвойму. Музычная праграма вечара была выбудавана вакол гэтай ідэі — і нам сапраўды ўдалося стварыць той самы вау-эфект. Пасля выступлення зразумеў: няма нічога немагчымага.

Канцэрт, які сабраў аншлаг у Вялікай зале Палаца Рэспублікі, стаў большым за яскравую падзею ў кар’еры: ён ператварыў задуму ў рэальнасць, надаў песні пачуццёвую глыбіню і даказаў: калі ідэя рэалізуецца па-сапраўднаму, яна становіцца формай асабістай свабоды на сцэне.
23:00. З АДКРЫТЫМ СЭРЦАМ

Стыль жыцця маладога саліста — суладны і збалансаваны. У ім натуральна суседнічаюць спорт і чытанне, начныя гадзіны за працай у студыі і ранішнія рэпетыцыі, шумныя выступленні і хвіліны маўчання. І гэта не супрацьлегласці, а элементы адной гармоніі, што дапамагае захоўваць сябе.
— Зараз працую над вялікай колькасцю новага матэрыялу, — кажа Мікіта. — У найбліжэйшы час слухачы даведаюцца пра змены, якія адбываюцца са мной.
Для яго творчасць — працэс, дзе няма выпадковасці. Гэта даследаванне, уважлівае назіранне за наваколлем, калі натхненне ўзнікае не з імгненнай эмоцыі, а з глыбокага ўмення бачыць.
— Мая крыніца — само жыццё, людзі, прыгажосць свету, прыроды. Асалода ад таго, што можна перажываць гэтыя моманты. І гэта не толькі пра радасць, — тлумачыць спявак. — Вялікую ролю граюць і людзі побач — сям’я, сябры, мая каманда. Вельмі ўдзячны ўсім, хто дапамагае ўвасабляць ідэі на сцэне і ў студыі. Менавіта праз узаемадзеянне, праз абмен энергіяй і давер я адкрываю нешта новае.
Гучыць спакойна, без лозунгаў — і ў гэтай адсутнасці дэманстратыўнасці адчуваецца сапраўднасць.

— Найвышэйшая ўзнагарода для мяне — прызнанне слухачоў, — кажа наш герой. — Важна, каб тое, што я ствараю, было патрэбнае. Хачу, каб мае песні аб’ядноўвалі людзей — з розных куткоў краіны і далёка за яе межамі. У гэтым бачу сваю місію.

Мікіта Бялько — артыст, для якога поспех не фініш, а новы старт. Ён ідзе наперад — з адкрытым сэрцам, уласным рытмам, голасам і верай у тое, што музыка здольная мяняць свет да лепшага, быць жывой, шчырай і значнай.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва героя