Пабачыць скарбы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і пазнаёміцца з дырэктарам маскоўскага Дома скрыпкі Scroll Fine Instruments Георгіем Левінавым выпала магчымасць з нагоды яго візіту ў Мінск. Упаўнаважаны эксперт па струнных смычковых наведаў нашу краіну дзякуючы дамоўленасці паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі, каб вывучыць айчынныя фонды музычных інструментаў.

З падобнай місіяй Георгій Левінаў завітаў да нас у другі раз — вясной знакаміты адмысловец ужо правёў першасны агляд скрыпак са збору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
— Вельмі рады, што інструменты, з якімі я працаваў у красавіку і цяпер, не сапсаваны і знаходзяцца ў добрым стане. Безумоўна, гэта робіць гонар кіраўніцтву акадэміі, — дзеліцца ўражаннямі знаўца. — Каб захаваць такія каштоўнасці, аднак, неабходнае рэгулярнае тэхнічнае абслугоўванне.
Па словах эксперта, з цягам часу інструменты псуюцца: адбываецца натуральная расклейка, а яшчэ — штучныя падклейкі, замена струн, пошук акустычнай зоны. І толькі майстар высокага класа здольны выканаць тэхнічнае абслугоўванне і настройку так, каб сапраўды можна было граць.
— Як эксперт адзначу, што інструменты акадэміі не толькі з рамеснага пункту гледжання знаходзяцца ў добрым стане, але і з пазіцыі музыкі, — дадае Георгій Ашыравіч. — Яны прыдатныя і — галоўнае — запатрабаваныя для музіцыравання. І гэта цудоўна!
У савецкі час інструменты набываліся ўстановамі, як правіла, у перадавых спецыялістаў, якія жылі і працавалі на тэрыторыі СССР, але яшчэ не сталі гістарычнымі фігурамі. Такім чынам нашай кансерваторыі напрыканцы 1970-х і ў 1980-х пашчасціла займець больш за 50 скрыпак высокага ўзроўню.
— Сёння савецкія адмыслоўцы паступова атрымліваюць заслужанае прызнанне, — тлумачыць Георгій Левінаў. — Існуе заканамернасць: толькі пасля адыходу з жыцця скрыпічнага майстра яго імя становіцца знакавым. Гэтак было з многімі. Ёсць такія ўмельцы, як, напрыклад, Леў Гаршкоў, які працаваў у першай палове ХХ стагоддзя.
Дарэчы, дзякуючы сыну Барысу адзін з інструментаў гэтага прафесіянала трапіў у фонд Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У запасніках тут і скрыпка самога Барыса Львовіча. Сярод скарбаў установы — выдатная работа Навума Палонскага і шэдэўр Дзяніса Яравога.
А яшчэ — унікальны квартэт: дзве скрыпкі, альт і віяланчэль рукі прызнанага ва ўсім свеце майстра Яўгена Вітачака — аднаго з найбуйнейшых адмыслоўцаў савецкага перыяду.

— Адпаведна, у маім разуменні гэтыя інструменты — сапраўдны скарб, твар не толькі асобнай навучальнай установы, але і ўсёй Беларусі, — падагульняе Георгій Ашыравіч.
Адносна нядаўні здабытак Акадэміі музыкі — скрыпка, створаная італьянцам Андрэа Гварнеры і датаваная 1673 годам. Андрэа Гварнеры — заснавальнік дынастыі скрыпічных майстроў, да якой належыць яго ўнук, знакаміты на ўвесь свет Гварнеры дэль Джэзу. Андрэа прадстаўляе крэмонскую школу.
Так званыя барочныя скрыпкі, што рабіліся да сярэдзіны XVII стагоддзя, мелі дастаткова сціплае, камернае гучанне, іншую форму, а іх струны былі з валовых жыл. Нікола Амаці з італьянскай Крэмоны палепшыў акустычны механізм інструмента. А вучні Амаці — Антоніа Страдывары і Андрэа Гварнеры — давялі канструкцыю скрыпкі да поўнай дасканаласці.
Як твор вялікага майстра з’явіўся ў акадэміі, расказала прафесар кафедры струнных смычковых інструментаў і камернага ансамбля Таццяна Боднева.

Па яе словах, скрыпку набылі ў 2010-м па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь спецыяльна для ўдзелу ў міжнародных музычных конкурсах высокага прафесійнага майстэрства. На такіх спаборніцтвах інструменту, з якім удзельнік выходзіць на сцэну, надаецца асаблівая ўвага. І гучанне павінна быць адпаведнае.
— У той час у нашага выдатнага педагога Эдуарда Кучынскага вучыўся таленавіты скрыпач Арцём Шышкоў, — распавядае Таццяна Паўлаўна. — Менавіта ім выпаў гонар ехаць па скрыпку аж у Англію. Цяпер артэфакт — у банкаўскай ячэйцы пад надзейнай аховай дзяржавы.
Па словах Георгія Левінава, рарытэт у добрым стане: рэстаўрацыя была праведзена на высокім узроўні, што дазваляе сёння выкарыстоўваць інструмент па прызначэнні.
— Скрыпка Андрэа — дзівоснай прыгажосці і такога ж дзівоснага гучання, — не хавае захаплення маскоўскі эксперт. — І я паўтару: Акадэмія музыкі і сама Беларусь павінны ганарыцца, што займелі такую каштоўнасць!

Інструменты ад савецкіх майстроў у большасці сваёй цяпер у працы — служаць студэнтам і выкладчыкам акадэміі. Частка калекцыі знаходзіцца на цэнтральным складзе ўстановы. Каб забяспечыць цэласнасць інструментаў, там падтрымліваецца адпаведная тэмпература і вільготнасць. Кожны прадмет пазначаны біркай, мае пашпарт і ўласнае месца на стэлажы.
— А вось на гэтай скрыпцы работы Навума Палонскага я ў свой час грала, — паказвае інструмент 1976 года выпуску Таццяна Боднева. — Мне знаёмая кожная драпінка. Цяпер гэтая скрыпка, як і некаторыя іншыя, чакае адмыслоўца па тэхнічным абслугоўванні, таму пакуль не выкарыстоўваецца — сумуе на складзе.
Як дадала Таццяна Паўлаўна, Акадэмія музыкі таксама наладзіла супрацоўніцтва з масквічом Мікалаем Стасавым, які ўжо вырабіў для ўстановы дзве скрыпкі.
— Яны маюць прывабныя галасы, — адзначае Таццяна Боднева. — І цяпер у мяне мара, каб Мікалай дапоўніў іх альтам і віяланчэллю да квартэта: калі ў групе граюць інструменты аднаго майстра, мелодыя гучыць надзвычай гарманічна.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва Дома скрыпк