Яднаючы аматараў чытання

У намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” ХХХІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” дыплом І ступені заваявала Нараўлянская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма імя Давіда Сімановіча. Пра папулярызацыю кнігі на Гомельшчыне распавяла дырэктар установы Іна Ільяш.

 

— Адразу хачу падкрэсліць, што нашы работнікі, як і наведвальнікі, — актыўныя ўдзельнікі ўсіх раённых і абласных мерапрыемстваў, — пачала размову Іна Уладзіміраўна. — Таму ў межах конкурснага праекта мы проста расказалі пра сваю штодзённую працу.

Па словах кіраўніцы, перш чым патрапіць на рэспубліканскае спаборніцтва, яны паўдзельнічалі ў ХХХ абласным конкурсе “Бібліятэка, неабходная грамадству”, дзе занялі другое месца сярод усіх кніжных скарбніц Гомельшчыны. Узнагарода падштурхнула калектыў да новых здабыткаў.

 

З ГІСТОРЫІ

Нараўлянская бібліятэка — адна з найстарэйшых на Гомельшчыне. Створана ў другой палове 1920-х як хата-чытальня. Працавала па чатыры гадзіны штовечар і абслугоўвала ўсіх ахвотных — і малых, і дарослых.

У перадваенны час фонд складаў больш за 20 тысяч асобнікаў, але ў Вялікую Айчынную ён быў зніштожаны. Аднаўлялі ўстанову, як кажуць, усім светам.

— У 1944-м паступіла каля 5 тысяч кніг з бібліятэкі ў Свярдлоўску, — распавядае дырэктар. — Так пачалі адраджаць чытанне на Нараўляншчыне. Сёння бібліятэчная сістэма складаецца з васьмі філіялаў. У фондзе — каля 145 тысяч экзэмпляраў. Гэта як класіка, так і творы сучасных аўтараў. Выпісваецца шэраг перыядычных выданняў.

 

ДАЙСЦІ ДА КОЖНАГА

Паслугамі бібліятэчнай сістэмы карыстаецца больш за 5 тысяч чалавек, што для невялікага раёна значная лічба. Асаблівы падыход тут да адзінокіх пажылых: рэгулярна ў населеныя пункты, дзе няма стацыянарных бібліятэк, давозяцца кнігі, перыядычныя выданні.

— Курсіруем сумесна з калегамі з раённага Дома культуры па зацверджаным графіку, — гаворыць намеснік дырэктара Галіна Рудніцкая. — Нашы чытачы ўжо ведаюць, калі мы завітаем, і з нецярпеннем чакаюць.

Падчас такіх візітаў праводзяцца і сустрэчы з цікавымі людзьмі, са спецыялістамі ў розных сферах, арганізоўваюцца круглыя сталы, дзе абмяркоўваюцца літаратурныя творы, кніжныя навінкі.

— Такім чынам заахвочваем да чытання землякоў, тых, хто раней з нейкіх прычын не быў запісаны ў бібліятэку, — тлумачыць Галіна Аляксандраўна. — Колькасць чытачоў павялічваецца і дзякуючы гэтай форме дзейнасці.

 

“МАСКІ” Ў ГОРАДЗЕ

А дзяцей стараюцца зацікавіць кнігай праз тэатралізацыю. Кіраўнік узорнага аматарскага калектыву “Маска” Наталля Тарасенка расказала, як будуецца праца ў студыі:

— Да нас прыходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі з шасці гадоў. Кожнага з 67 чалавек сустракаем з радасцю. У адпаведнасці са здольнасцямі і характарам прапаноўваем тыя ці іншыя ролі.

Спектаклі ў “Масцы” ставяцца па творах айчынных і замежных аўтараў, якія ўдзельнікі прачытваюць, абмяркоўваюць, вывучаючы характары герояў, каб потым сумесна падзяліць ролі.

— Іншым разам старэйшыя дзеці (10—12 гадоў) самі прапаноўваюць тое ці іншае апавяданне, казку, верш, — працягвае Наталля Тарасенка. — І гэта вельмі добра!

Так у рэпертуары “Маскі” з’явіліся дзве пастаноўкі па творах Соф’і Пракоф’евай, “Хітруня” па Іване Шамякіне, інтэрпрэтацыі народных казак “Церамок”, “Вясёлыя казляняты”, іншыя.

 

— Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем удзельнічаюць не толькі ў тэатралізацыі літаратурных твораў, але і ў патрыятычных, фальклорных праектах, у тым ліку на абласным узроўні, — не без гонару за падапечных гаворыць Наталля Мікалаеўна.

Да прыкладу, не першы год “Маска” прадстаўляе сваю пляцоўку на абласным фестывалі #ЧытайГомель, дэманструючы кожны раз новы праект.

 

ПАД ЗОРКАЙ ПАЭТА

У Нароўлі ганарацца знакамітым земляком — паэтам, празаікам, літаратуразнаўцам і перакладчыкам Давідам Сімановічам, імя якога прысвоілі бібліятэцы два гады таму. Раней супрацоўнікі кніжнага храма час ад часу ладзілі творчыя сустрэчы з гэтым надзвычай цікавым і таленавітым чалавекам.

А калі Давіда Рыгоравіча не стала, традыцыю праводзіць літаратурныя імпрэзы падхапіла яго пляменніца Браніслава Камарэнка. Браніслава Аркадзьеўна збірае як дарослых, так і дзяцей, каб распавесці займальныя гісторыі з жыцця знакамітага сваяка.

— Пасля такіх мерапрыемстваў заўсёды знаходзяцца ахвотныя глыбей пазнаёміцца са спадчынай Давіда Рыгоравіча, перачытаць асобныя творы, — расказвае Іна Ільяш. — Тым больш у фондах нашай бібліятэкі ёсць яго зборнікі, якія карыстаюцца попытам і сярод сталых людзей, і сярод падлеткаў.

Папулярызацыі чытання садзейнічае і супрацоўніцтва бібліятэкі з іншымі арганізацыямі: Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, агульнаадукацыйнымі школамі, установамі культуры раёна.

— Пагадзіцеся, шэлест друкаваных старонак не заменіш ніякім гаджэтам, — падсумоўвае размову Іна Уладзіміраўна. — Таму ўпэўнена, што бібліятэка як сацыяльны інстытут будзе існаваць яшчэ доўга, яднаючы людзей розных узростаў і прафесій, усіх, хто не ўяўляе жыццё без кнігі.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы

MAX TikTok