Першы этап здымак новага расійска-беларускага кінапраекта “Бацька Мінай. Партызанская легенда” завяршыўся. Наперадзе — “зімовая” глава працы над стужкай.

Вытворчасцю карціны займаюцца студыя “ВаенФільм” і Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” пры падтрымцы расійскага Фонду кіно і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Здымкі стартавалі 17 жніўня на натурнай пляцоўцы “Беларусьфільма” ў маляўнічым наваколлі горада Смалявічы. Ландшафтная разнастайнасць тэрыторыі ўражвае: хвойны, ліставы і змяшаны лясы, два возеры, лугі і палі. Пастаянныя дэкарацыі — акопы, бліндажы, зямлянкі і сельскія хаты — арганічна ўпісаны ў прыродную прыгажосць прасторы.
Сярод мэтраў, якія працавалі ў “Смалявудзе” з моманту яго заснавання ў 1971-м, — Сяргей Урсуляк, Валерый Тадароўскі, Дзмітрый Астрахан, Уладзімір Хаціненка. Больш за 400 разоў мясцовыя лакацыі выкарыстоўваліся ў розных стужках. Цяпер сюды завітала каманда рэжысёра, народнага артыста Расійскай Федэрацыі Ігара Угольнікава.
— Мінула 15 гадоў, як мы здымалі фільм “Брэсцкая крэпасць”. Ідэю стварыць яшчэ адзін поўны метр у Беларусі я выношваў даўно, — расказаў рэжысёр.
ГАЛОЎНЫЯ МАТЫВЫ

У цэнтры сюжэта новай ваеннай драмы — гісторыя героя Савецкага Саюза, знакамітага беларускага партызана Міная Шмырова.
— Гэты чалавек практычна стварыў партызанскае войска. І ўвесь час стаяў перад такім складаным выбарам... Як паступіць, калі дзяцей узялі ў заложнікі і расстралялі, калі няма сіл ваяваць, калі здраджваюць? Глядач, спадзяюся, уразіцца сілай духу Бацькі Міная ў абставінах, якія ламалі многіх. Адчуе яго боль, адчай і веру ў Перамогу, імкненне ісці да канца, — раскрыў галоўныя матывы карціны Ігар Угольнікаў.
— Важна паказаць, што стала для яго апорай, дапамагло ступіць у вечнасць, перажыць страту блізкіх, абараніць сваю Радзіму. Дзеля гэтага мы і здымаем кіно.
ЯК СЯМ’Я
Цэнтральны вобраз стужкі ўвасабляе народны артыст Расійскай Федэрацыі Аляксей Краўчанка. Сімвалічна, што яго першая вялікая роля — падлетак Флёра ў культавай ваеннай драме Элема Клімава “Ідзі і глядзі” — таксама нарадзілася ў “Смалявудзе”.
— Яшчэ хлапчуком бегаў тут 40 гадоў таму, і Элем Клімаў вучыў мяне працаваць у кіно. Гэтае месца — вельмі асабістая гісторыя для мяне, — распавёў акцёр.

Галоўнага антаганіста — маёра Нахцігаля — іграе Аляксей Колган, карані якога паходзяць з нашай краіны.
— Выконваць толькі станоўчыя ролі не заўсёды цікава. Мне важная разнастайнасць у паслужным спісе, — падкрэсліў ён. — Стараюся дакладна паказаць нямецкага афіцэра. Яшчэ не спрабаваў сябе ў такім амплуа.
Ёсць у камандзе Ігара Угольнікава і беларускія артысты. Гэта, у прыватнасці, актрыса Тэатра-студыі кінаакцёра Яна Хадановіч-Лапаніцына.

— Вялікая Айчынная вайна — наш боль, рана, пра якую не забудзеш. Для мяне гонар аказацца ў такім праекце. Кожны раз іду на пляцоўку з трапятаннем і пачуццём вялізнай адказнасці і шчасця, — падзялілася ўражаннямі артыстка.
Яшчэ адзін жаночы вобраз у карціне ўвасобіла Алена Дуброўская.

— Вельмі рада, што з’явіцца фільм пра Бацьку Міная. Упэўнена, яго чакае поспех, — адзначыла актрыса. — Мая роля даволі драматычная. Я, дарэчы, дапамагала з падборам беларускіх акцёраў у якасці крэатыўнага прадзюсара.
Каст атрымаўся цудоўным. Дзеля спроб рэжысёр з Масквы кожны тыдзень прыязджаў у Мінск. Ён асабіста глядзеў усіх прэтэндэнтаў.

— Нам удалося сабраць унікальны склад. Стаўлюся да гэтага педантычна, бо, апроч прафесіяналізму, шукаю ў людзях душэўнае святло. Адносіны павінны быць цёплымі, даверлівымі. Такое кіно па-іншаму не зрабіць. Наша расійска-беларуская каманда нібы сям’я, — расказаў Ігар Угольнікаў.
ЗНАКАВАЯ ПАДЗЕЯ

Па словах рэжысёра, карціна выйдзе ў шырокі пракат у маі — чэрвені 2026 года.
— Тэма Вялікай Айчыннай вайны важная для нас на генетычным узроўні. Яна ў нашым сэрцы, у крыві. Для нацыянальнай кінастудыі гэтая старонка гісторыі адыгрывае значную ролю ў вытворчасці, — заўважыў генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Дзмітрый Сямёнаў.
Ён таксама падкрэсліў, што здымкі стужкі пра Бацьку Міная — знакавая падзея, і першая сумесная работа з “ВаенФільмам” можа стаць добрым пачаткам для працяглага партнёрства і новых яркіх праектаў.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм"