Праз 45 гадоў пасля папярэдняй рэтраспектывы аўтара ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь праходзіць выстава “Міхась Сеўрук. Ідылія”. Яна прымеркавана да 120-годдзя з дня нараджэння Міхася Канстанцінавіча.

ДОЎГАЧАКАНАЯ РЭТРАСПЕКТЫВА
Больш за 120 жывапісных і графічных твораў з дзяржаўных і прыватных калекцый, а таксама рэдкія архіўныя фатаграфіі характарызуюць почырк майстра, які бачыў у беларускім сялянскім жыцці ўвасабленне вечнага раю — Аркадзіі, убранай у формы класічнага рэнесанснага мастацтва.
Маштабны праект рэалізаваны ў супрацоўніцтве з Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеем, што прадставіў значны корпус карцін. Дырэктар установы Людміла Матусевіч на ўрачыстым адкрыцці падкрэсліла: Міхась Сеўрук — вялікі мастак і зямляк, які здабыў славу для горада і краіны.

— У яго работах прысутнічае выключная чалавечнасць, якая дапамагае нам, простай публіцы, бачыць не толькі сюжэты, але і дыханне часу, — заўважыла Людміла Іванаўна.
Яна выказала радасць за тое, што творы з музея-кватэры Сеўрука прадстаўлены ў сталіцы, і расцаніла гэта як сведчанне плённага супрацоўніцтва паміж установамі культуры.
У дар Нацыянальнаму мастацкаму ад Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея перададзены чарговы альбом для папаўнення калекцыі.
ПАМІЖ ВІЛЬНЯЙ І НЯСВІЖАМ
Міхась Сеўрук (1905—1979) — беларускі жывапісец і графік, аўтар жанравых кампазіцый, партрэтаў і пейзажаў. Няпросты лёс гэтага чалавека быў цесна звязаны з Нясвіжам, дзе Міхась вучыўся.
У 1927 годзе ён з’ехаў атрымліваць мастацкую адукацыю ў адноўлены Віленскі ўніверсітэт. Такая адукацыя, што рэпрэзентавала Віленскую школу, уключыла яе ў агульнаеўрапейскі кантэкст.
Гістарычныя перыпетыі падзялілі творчасць Сеўрука на два перыяды — віленскі і нясвіжскі. Аднак на працягу ўсяго жыцця галоўным арыенцірам Міхася Канстанцінавіча заставалася класічнае мастацтва.

Пасля пераезду ў Савецкі Саюз жывапісец увайшоў у мастацтва з запамінальнымі работамі, сюжэты якіх знітаваны з нацыянальнымі традыцыямі і сялянскім побытам.
БЕЛАРУСКАЯ АРКАДЗІЯ

Сеўрук — разнапланавы і пладавіты майстар. Нават у мастацтвазнаўцаў, якія бачылі экспазіцыю ў чатырох залах да адкрыцця, узнікала пытанне: “Гэта што, адзін аўтар?”.

Але менавіта трактоўка жыцця беларускага сялянства як у 1930-я, так і ў 1970-я — галоўная праява наватарства Міхася Канстанцінавіча. Ён першы ў Заходняй Беларусі надаў такой тэме неверагоднае рэнесанснае гучанне. Мастак ідэалізуе вёску, што паўстае як трансфармаваны міф пра Аркадзію — яна працягвае існаваць у непахіснасці беларускага сялянскага свету.

Карціны Сеўрука не пра цяжкую працу, а пра гармонію і рай, якія трэба было шукаць у эпосе індустрыялізацыі, паравозаў і самалётаў. Ствараючы ідэалістычныя вобразы, Міхась Сеўрук сцвярджаў, што рай не згублены і гэтая Аркадзія ёсць у беларускай вёсцы.

Яскравы прыклад — палатно “На сенажаці” (1953). Яго сюжэт — агітатар сярод сялян на лузе — трактуецца не ў духу сацыялістычнага рэалізму, а як абсалютная пастараль, напоўненая святлом, паветрам і станам ураўнаважанай гармоніі персанажаў.

Гэтую гармонію мастак працягваў пісаць аж да 1970-х. На яго палотнах — залатое рэнесанснае неба, профілі, якія адсылаюць да італьянскага Адраджэння XV стагоддзя, і вобразы мадоннаў сярод простых жанчын.
У МУЗЫЧНЫМ СУПРАВАДЖЭННІ

На выставе паказаны работы са збораў не толькі Нацыянальнага мастацкага і Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музеяў, але і Беларускага саюза мастакоў, з прыватных калекцый — праект атрымаўся змястоўным і насычаным. Дапаўняюць экспазіцыю рэдкія фатаграфіі з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Асаблівую атмасферу падчас адкрыцця стварыў ансамбль Notre-Dame, які выканаў музыку Рэнесансу і барока. Калектыў грае рэдкія кампазіцыі па адноўленых старадаўніх нотах. Мелодыі згаданых эпох задалі ўнутраную цішыню і гармонію, якія затым глядач адчуў у карцінах майстра.

Выстава “Міхась Сеўрук. Ідылія” будзе працаваць у Нацыянальным мастацкім музеі па 14 студзеня 2026 года, прапаноўваючы ўнікальную магчымасць нанова адкрыць для сябе творчасць аднаго з самых самабытных беларускіх жывапісцаў і графікаў XX стагоддзя.
Віктар ГАЎРЫШ