Цэнтр культуры “Віцебск” святкуе падвоены юбілей: 75 гадоў з моманту заснавання і 70 — творчай дзейнасці. І сёння гэта не толькі “Славянскі базар”, а дзясяткі праектаў, сотні творчых асоб, тысячы наведвальнікаў і мільёны эфірных праглядаў.

Пра слаўнае мінулае ўстановы і грандыёзныя планы распавёў Глеб Лапіцкі, генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск”.

— Глеб Аляксандравіч, да юбілею Цэнтр выпусціў кнігу. Пра што яна?
— Я назваў бы гэта святочным друкаваным выданнем. Яго нельга проста паставіць на паліцу. Выканана ў форме дома, што вельмі сімвалічна. Першапачаткова наша ўстанова была Домам культуры, і ў кнізе сабралі ўсіх яго “жыхароў” — ад першага дырэктара да сённяшніх маладых спецыялістаў.

Мы зрабілі кнігу праз падачу ад чалавека — праз лёсы людзей, іх успаміны, аповеды пра тых, каго ўжо няма, праз думкі маладых спецыялістаў, праекты, філіялы… Не расказвалі пра квадратныя метры і эканамічныя паказчыкі, а гаварылі пра душу, у тым ліку і ўстановы, вобласці, горада, краіны, нацыі. У культуры ўсё рухаецца чалавекам, звычайным, іншым разам спакойным альбо палымяным, які спараджае нейкую культурную з’яву.

— Калі ласка, некалькі слоў пра гісторыю стварэння ўстановы.
— Вось задумайцеся: ужо 81 год як вызвалена Беларусь, 82-і — як ачысціўся ад карычневай чумы Віцебск, і 75 гадоў як створаны цэнтр культуры! У горадзе, які быў разбураны поўнасцю, па якім камісія Чырвонага Крыжа пастанавіла: горад мёртвы, аднаўленню не падлягае! А савецкая ўлада прымае беспрэцэдэнтнае рашэнне: акрамя аднаўлення сетак, камунікацый, вытворчасцей, адраджаюць дом культуры. Ці не цуд?
— Зрабіць такое на руінах паўгалодным людзям было, напэўна, няпроста?..
— Пагаджуся. Таму і даручылі гэтую справу баявому афіцэру НКУС, чалавеку з цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, актыўнаму і неабыякаваму Сямёну Вільдману. І перш-наперш неабходна было аднавіць будынак. Разумелі: творчасць можа зарадзіцца тады, калі будзе наладжаны побыт. Цэлых пяць гадоў Сямён Аркадзьевіч адбудоўваў наш гістарычны корпус на Маякоўскага.

— Ці захаваліся пра Вільдмана звесткі? У пасляваенны час маглі знікнуць фотаздымкі, дакументы…
— Такія-сякія запісы засталіся, а фотакарткі — не. Таму, калі рыхтавалася кніга, каб знайсці выяву Сямёна Аркадзьевіча, наш складальнік ездзіў на могілкі фатаграфаваць помнік. У архіве ж знайшлі толькі, што Сямён Вільман быў назначаны першым дырэктарам ГДК, некалькі радкоў біяграфічных дадзеных і пра яго ваенны шлях.
— І вось умовы для творчасці зрабілі…
— У 1955-м мастацкім кіраўніком быў прызначаны Фелікс Расказаў, які потым стаў першым грамадзянскім дырэктарам.

А першым калектывам — танцавальны гурток. У складзе — 30 чалавек з ліку рабочых фабрык і заводаў, студэнтаў. Праз гады ён стаў заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь, народным ансамблем танца “Лявоніха”! Быў перыяд, калі насіў назву “Васілёк”. Можа, нездарма потым гэтая кветка стала сімвалам “Славянскага базару”?..
— Глеб Аляксандравіч, вы казалі, што кніга распавядае не толькі пра гісторыю, але і пра сучаснасць.

— Так, праз прызму асобы — творчага работніка. Сёння цэнтр культуры — велізарная ўстанова, у якую ўваходзіць восем філіялаў.

Гэта канцэртныя залы, інтэрнэт-магазін і інтэрнэт-цэнтр, парк адпачынку і аб’ ект, які можна было б назваць музеем, выставачная зала і, вядома ж, амфітэатр. І мы не плануем спыняцца на дасягнутым.
— Якія планы мае самы вядомы ў краіне Цэнтр культуры?
— Грандыёзныя! Як кажуць — напалеонаўскія! Напрыклад, у лістападзе пачынаем новы праект: “Сіні дом” — гэта фестываль-конкурс тэатраў мод і мадэльераў, маладых дызайнераў.

— Чаму такая назва?
— Віцебск быў першым у авангардзе. А самым прарыўным у ім чалавекам — наш Марк Шагал. Мастак намаляваў свой “Сіні дом”. Потым у горадзе з’явіўся такі будынак — быццам бы звычайны, але адзін з фасадаў — сіняга колеру. І вось кіраўніца ўзорнага тэатра моды “Касцюмер” Юлія Куцепава прапанавала: “Чаму б нам не зрабіць такі праект? Давайце запросім не толькі дэманстратараў адзення, але і маладых дызайнераў, якія, магчыма, саромеюцца на нейкіх фэшн-паказах заявіць пра сабе, сюды ж змогуць прыехаць, прывезці калекцыі. А мы іх прадэманструем”. Чаму б не? І вось ужо ў лістападзе чакаем гасцей на прэм’еру.
— Чым яшчэ здзіўляеце мясцовых і прыезджых?
— Не так даўно мы абзавяліся двума абноўленымі філіяламі. На базе культурна-спартыўнага комплексу летняга амфітэатра адкрылі новыя аб’екты. Гэта цэнтр жывой гісторыі “Варгенторн” і цэнтр адпачынку для сем’яў з дзецьмі да 6-8 гадоў.
У гэтым жа філіяле базуюцца два нашыя калектывы: арт-студыя і народны тэатр ігры. Яны і рыхтуюць для цэнтра інтэрактыўныя праграмы.
У перспектыве думаем праводзіць сустрэчы, напрыклад, з дзіцячымі псіхолагамі, урачамі, духоўнымі дзеячамі.
— Такім чынам, творчае жыццё ў вас насычанае?

— Сапраўды. Цэнтр культуры “Віцебск” — гэта не толькі “Славянскі базар”, а яшчэ шмат іншых мерапрыемстваў, фестываляў, праектаў.

Нядаўна завяршыўся “Віцебскі лістапад”. За ім, 1—2 лістапада, прайшоў “Сіні дом”, а апошні тыдзень месяца расфарбуе фестываль сучаснай харэаграфіі.

Безумоўна, пра дзейнасць нашага цэнтра магу расказваць гадзінамі. За падзеямі сачыце праз афішы і публікацыі, у тым ліку на старонках газеты “Культура”. А зараз мне застаецца толькі запрасіць чытачоў на нашы мерапрыемствы. Да сустрэчы ў Віцебску!

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва ўстановы