ХІІ Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, аб’яднаў больш за 400 дэлегатаў з 17 краін свету. Грунтоўная размова праходзіла ў афлайн- і анлайн-рэжыме з 23 па 24 кастрычніка на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Заснавальнікамі міжнароднага кангрэсу выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, суарганізатарамі — Міжнародны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя.
Прывітальны адрас удзельнікам кангрэса накіраваў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі. “Правядзенне міжнароднага кангрэса стала знакавай падзеяй для бібліятэк Беларусі і замежжа. Партнёрскія адносіны і прафесійныя сувязі ў бібліятэчнай супольнасці вельмі важныя для дапаўнення інтэлектуальных рэсурсаў, забеспячэння даступнасці кнігі, захавання духоўнага багацця краіны. Падчас такіх сустрэч абмяркоўваюцца важныя тэмы, якія знаходзяцца на вастрыі бібліятэчнай увагі і патрабуюць узважаных, прадуманых рашэнняў”, — гаварылася ў адрасе.
На ўрачыстым адкрыцці форуму выступілі дзеячы культуры Беларусі і Расіі: старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Сяргей Сівец, генеральны дырэктар Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Дзяніс Цыпкін, старшыня Савета грамадскага аб’яднання “Беларуская бібліятэчная асацыяцыя” Уладзімір Кулажанка, іншыя знакавыя асобы.
ЗРАЗУМЕЛЫЯ КОЖНАМУ

— У кангрэсе ўдзельнічаюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, але галоўнае, што размаўляем мы ўсе на адной мове — мове кніг, мове культуры, — адзначыў Вадзім Гігін. — І тыя пытанні, якія ўзнімаем, зразумелыя і актуальныя для кожнага з нас.
Нягледзячы на тое, што частку краін, бібліятэкары якіх удзельнічалі ў кангрэсе, Вялікая Айчынная не закранула альбо закранула ўскосна, тэмы вайны, захавання гістарычнага досведу і кніжнай спадчыны, рэстаўрацыі і ўзнаўлення друкаваных помнікаў, папулярызацыі чытання, працэсаў лічбавізацыі актуальныя для ўсіх.

У рамках кангрэса таксама прайшлі цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў ІІ Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэкар года” і Рэспубліканскага конкурсу маладых чытальнікаў і паэтаў “Радкі пра вайну”, прымеркаванага да 80-годдзя Перамогі савецкага народа у Вялікай Айчыннай вайне.
ГЕАГРАФІЯ І ТЭМЫ

Падчас пленарнага пасяджэння прагучалі даклады па розных кірунках дзейнасці. Так, Вадзім Гігін засяродзіў увагу на ролі бібліятэчнай сферы ў захаванні гістарычнай памяці. Нацыянальнай лічбавай бібліяграфічнай платформе было прысвечана выступленне Дзяніса Цыпкіна. Ён расказаў, як жыхары краіны могуць уносіць у базу асобныя выданні, якія ў ёй адсутнічаюць.
Дырэктар кыргызскай Рэспубліканскай бібліятэкі для дзяцей і юнацтва імя Баялінава Роза Султангазіева распавяла аб вопыце работы па сацыялізацыі чытача. Цікавыя тэмы раскрылі таксама прадстаўнікі бібліятэчнай сферы з Азербайджана, Расіі, Казахстана Сербіі, Турцыі, іншых краін-удзельніц.
БРАТЭРСКІЯ СУВЯЗІ

У рамках кангрэса Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Казахскім Нацыянальным цэнтрам рукапісаў і рэдкіх кніг падпісалі генеральны дырэктар Вадзім Гігін і дырэктар Жандос Балдыкаў.
— Мы дзве краіны, у якіх адна мінуўшчына. А цяпер і агульная будучыня: разам з беларускімі братамі мы будзем рэалізоўваць маштабныя праекты па захаванні кніжнай спадчыны і папулярызацыі бібліятэчнай культуры, — сказаў Жандос Балдыкаў.
Вадзім Гігін падтрымаў казахскага калегу і запэўніў, што беларускі бок заўсёды адкрыты для супрацоўніцтва ў такой высокароднай справе.

У гэты ж дзень генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі перадаў у дар Крымскай рэспубліканскай культурна-асветніцкай грамадскай арганізацыі беларусаў “Сябры” сертыфікат на 100 кніг пра нашу краіну. У іх ліку — выданні “Наш Прэзідэнт”, “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, зборнікі, прысвечаныя народным абрадам і традыцыям, нацыянальным строям і рамёствам.
— У кожнай краіне павінны быць такія альманахі, — упэўнены дырэктар крымскай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Яўген Супрунюк. — Яны — гарант нацыянальнай самасвядомасці.
ТЭМАТЫЧНЫЯ СЕКЦЫІ

Падчас работы пяці тэматычных секцый дэлегаты абмеркавалі надзённыя пытанні. Агульнай для Беларусі, Расіі, Казахстана, Узбекістана стала тэма супрацоўніцтва бібліятэк, музеяў і архіваў у захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Насычанай атрымалася работа секцыі па прымяненні штучнага інтэлекту. У ёй прынялі ўдзел спецыялісты самых розных прафесій: інфарматыкі, сацыёлагі, выдаўцы.
Перспектывы бібліятэчнай адукацыі стала прадметам размовы педагагічных супрацоўнікаў ВНУ і бібліятэкараў Беларусі, Расіі, М’янмы, Інданэзіі. Аналізавалася таксама праектная і сацыякультурная дзейнасць бібліятэк, выхаванне патрыятычных каштоўнасцей у моладзі і іншыя пытанні.
Падводзячы вынікі двухдзённай праграмы, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін адзначыў, што кангрэс атрымаўся надзвычай плённым: былі падняты асобныя праблемы работы бібліятэк і знойдзены шляхі іх вырашэння, дасягнуты пэўныя дамоўленасці, вызначаны кірункі далейшага развіцця і супрацоўніцтва.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота аўтара