Лёс сям’і на палотнах класіка

Апублiкавана: 11 лiстапада 2025 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Вернісаж

Аўтар: РУДАК Антон

Пяць невядомых карцін знакамітага беларускага мастака Пётры Сергіевіча прэзентавалі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

 

Пётра Сергіевіч

Будучы творца нарадзіўся ў 1900 годзе ў вёсцы Стаўрова. Скончыў Вольную школу малюнка і жывапісу Адама Варнаса ў Вільні, а ў 1919-м паступіў у Акадэмію прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, якую ўзначальваў славуты Фердынанд Рушчыц — менавіта ён паспрыяў фарміраванню Сергіевіча як майстра пейзажа, партрэта і манументальнага роспісу.

У 1924—1925-м вучыўся ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў, пасля вярнуўся ў Вільню, што тады была цэнтрам беларускага нацыянальнага руху. У 1944—1945-м Пётра Сергіевіч працаваў захавальнікам фондаў у Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча, старшым выкладчыкам на кафедры малюнка і жывапісу ў Віленскім інстытуце прыгожых мастацтваў.

У 1960-м атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Літоўскай ССР за ўнёсак у развіццё выяўленчага мастацтва. Але нягледзячы на тое, што аўтар жыў за межамі БССР, увесь яго творчы шлях быў звязаны з радзімай. Ён камунікаваў з многімі прадстаўнікамі нашай культуры, у Мінску неаднаразова ладзіліся выставы Сергіевіча.

Памёр у 1984-м у Вільні.

 

ЗА СВАЮ КУЛЬТУРУ

Прадстаўленыя ў музеі Янкі Купалы работы былі адшуканы ў доме нашчадкаў выдатнага дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі доктара Мікалая Марцінчыка ў яго роднай вёсцы Кубельнікі (Бераставіцкі раён). Лекар сябраваў з Пётрам Сергіевічам з міжваенных гадоў і замовіў у яго партрэты родных. Гэтыя чатыры палотны былі напісаны пасля Вялікай Айчыннай і з уласцівай творам майстра фатаграфічнай дакладнасцю адлюстроўваюць абліччы дарагіх заказчыку людзей — бацькоў, брата, сястры і жонкі.

Пра сям’ю Марцінчыкаў распавёў дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Горны:

Мікалай Марцінчык

— Мікалай Марцінчык нарадзіўся ў 1901 годзе, падчас Першай сусветнай вайны разам з бацькамі апынуўся ў Расіі. Пасля вяртання на радзіму паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, быў кіраўніком Беларускага студэнцкага саюза, займаўся дабрачыннасцю ў Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, стаяў ля вытокаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады.

З 1925 года — сакратар, а з 1934-га — намеснік старшыні галоўнай управы Таварыства беларускай школы. На гэтай пасадзе надаваў багата ўвагі ліставанню з сялянамі, якія патрабавалі ад польскіх улад адкрыцця беларускіх школ, і часта выязджаў з Вільні для падтрымкі простых людзей на месцах. Таварыства беларускай школы ў той час актыўна супрацоўнічала з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі. Адзін з яе кіраўнікоў, Мікалай Арэхва, пазней згадваў, што Мікалай Марцінчык спачуваў КПЗБ і імкнуўся пашыраць уплыў гэтай палітычнай сілы ў ТБШ.

Паралельна малады доктар шчыраваў у педыятрычнай клініцы Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, вёў прыватную практыку, быў інспектарам у Віленскай беларускай гімназіі, дзе, акрамя таго, выкладаў анатомію, гігіену, хімію і біялогію. Лекарам даволі шмат плацілі, і Мікалай Міхайлавіч выдаткоўваў вялікія сродкі на падтрымку нацыянальнага школьніцтва і культуры. Напрыклад, ён неаднаразова даваў грошы на арганізацыю канцэртаў славутага опернага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага, быў яго асабістым урачом.

 Кацярына Марцінчык

НЯПРОСТЫ ШЛЯХ

Палітычная і культурна-асветная актыўнасць Мікалая Марцінчыка раздражняла польскія ўлады. У 1927 і 1930 гадах яго арыштоўвалі, доктар агулам некалькі месяцаў правёў у турме па абвінавачанні ў прыналежнасці да камуністычнай арганізацыі. Але ў абодвух выпадках Мікалая Міхайлавіча адпусцілі праз адсутнасць доказаў.

Тым не менш пасля канфлікту з дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі Радаславам Астроўскім, які займаў прапольскую пазіцыю, Марцінчык быў звольнены з гэтай установы. Лекара спрабавалі звольніць і з педыятрычнай клінікі ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, але няўдала, бо яе кіраўнік заступіўся за каштоўнага супрацоўніка. Аднак у 1932-м мясцовыя ўлады выслалі Мікалая Марцінчыка з Вільні як “нядобранадзейнага” без права вяртання, і ён заняў пасаду сельскага ўрача ў Ялоўцы на Ваўкавышчыне, а праз два гады ўзначаліў шпіталь у Нараўцы каля Гайнаўкі.

З пачаткам Вялікай Айчыннай апекаваўся над параненымі савецкімі салдатамі, якія, выздаравеўшы, далучаліся да партызан (за гэта быў арыштаваны немцамі), перадаваў медыкаменты ў атрад народных мсціўцаў, якім кіраваў Аляксей Карпюк, пазней — вядомы пісьменнік.

Пасля вызвалення Беларусі ў 1944-м Мікалай Міхайлавіч пераехаў у Гродна, дзе выкладаў фармакалогію ў фармацэўтычнай школе, а таксама быў галоўным урачом інфекцыйнай бальніцы, педыятрам у абласной клініцы і ўрачом санітарнай авіяцыі. Памёр у 1980 годзе.

 

ПАДАРУНАК ДА ЮБІЛЕЮ

Фёкла і Міхась Марцінчыкі

У доме ў Кубельніках знойдзены партрэты бацькоў Мікалая Марцінчыка, яго брата Івана, сястры Любові і жонкі Кацярыны.

Іван Марцінчык

Іван Марцінчык быў членам камсамольскай арганізацыі ў Віленскай беларускай гімназіі, пасля перайшоў праз мяжу ў БССР, выкладаў у Мінскім аўтадарожным тэхнікуме.

Любоў Марцінчык

Любоў, як і Мікалай, падчас навучання ва ўніверсітэце імя Стэфана Баторыя стала актыўнай удзельніцай Беларускага студэнцкага саюза. А з будучай жонкай доктар пазнаёміўся ў Нараўцы, калі Кацярына Іванаўна працавала пад яго кіраўніцтвам акушэркай, дапамагаючы ратаваць савецкіх ваеннапалонных.

— Яшчэ ў міжваенныя гады Пётра Сергіевіч стварыў сотні выдатных партрэтаў прадстаўнікоў інтэлігенцыі Заходняй Беларусі, а таксама землякоў з Браслаўшчыны. Многія з іх дагэтуль не ідэнтыфікаваны, — распавяла вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава.

“Шляхам жыцця”

Загадчык аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Марыя Барткова звярнула ўвагу, што ў пастаяннай экспазіцыі знаходзяцца тры карціны майстра — “А ты, сіраціна, жыві...”, “Званар” і “Шляхам жыцця”.

Тое, што адшукана адразу пяць раней невядомых партрэтаў, выкананых Пётрам Сергіевічам, стала добрым падарункам для ўсіх шанавальнікаў таленту мастака: з яго дня нараджэння сёлета споўнілася 125 гадоў.

Антон РУДАК