Яны прадстаўляюць новае пакаленне беларускай сцэны — маладых, амбіцыйных і таленавітых. Арцём Скароль і Лера Бернатовіч увайшлі ў лік самых яркіх удзельнікаў “Песні года Беларусі — 2024” у намінацыі “Найлепшы дуэт”. За эфектнымі нумарамі — штодзённая вучоба, нястомная праца, пастаянныя пошукі натхнення і шчырае жаданне, каб песні гучалі ў сэрцах слухачоў.

7.30. ПЕРШЫЯ АКОРДЫ
Пачатак дня ў артыстаў дуэта рэдка бывае размераным. Нават калі за акном — ціхая нядзеля, дзесьці ўжо чакае дарога, сцэна або рэпетыцыя.

Арцём Скароль расказвае:
— Калі няма канцэртаў, прачынаюся каля сямі і — ва ўніверсітэт. Звычайна зранку не снедаю. А вось калі наперадзе выступленне, рыхтуюся загадзя: касцюм прасую звечара, акуратна складаю ў чахол, збіраю заплечнік. Часам выязджаць даводзіцца яшчэ да світання — у чатыры або пяць. Таму стараюся легчы раней, каб аднавіць сілы.

У Леры Бернатовіч — іншы лад:
— Мой дзень заўсёды пачынаецца з доўгага прабуджэння. З-за шчыльнага графіка паўнавартаснага сну амаль няма — часам кладзёмся і ў гадзіну ночы, і ў тры. Таму мяне ратуе кубак гарбаты. Каву не п’ю, а вось чай — тое, што дапамагае настроіцца на працу.
Жыццё маладых артыстаў патрабуе строгай самаарганізацыі, але захоўваць ідэальны распарадак удаецца не заўжды.
— Стараемся берагчы здароўе, хоць у напружаным рытме гэта няпроста. Нават калі дзень распісаны па хвілінах, шукаем момант, каб перакусіць, перавесці дух. Без кароткіх паўзаў немагчыма трымаць форму — ні фізічную, ні творчую, — адзначае Валерыя.
13.00. У ТАКТ РАЗВІЦЦЮ
Маючы прыкметныя поспехі на сцэне, выканаўцы працягваюць вучыцца і спалучаюць заняткі з насычанымі гастролямі. Арцём асвойвае мастацтва эстрады ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў:
— Адукацыя для мяне — не фармальнасць, — распавядае хлопец. — Гэта магчымасць расці, развівацца, разумець справу знутры. Часам дні нагадваюць марафон: раніцай лекцыі, потым праца ў студыі, увечары — выступленне. Вяртаешся дадому апоўначы, а ўжо назаўтра зноў у дарозе. Але адно падсілкоўвае другое: веды натхняюць на творчасць, а сцэна дае вопыт, якога не атрымаеш у аўдыторыі.
Лера навучаецца ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў і прызнаецца, што акадэмічная падрыхтоўка застаецца для яе апорай:
— У мяне чатыры заняткі па вакале на тыдзень, стараюся іх не прапускаць. Калі такое здараецца, пасля працую ўдвая больш — распеўкі, тэхніка, разбор твораў. Кожны ўрок — як маленькі канцэрт перад настаўнікам. Рэпетыцыі дуэта займаюць асаблівае месца ў графіку. — Нярэдка на пляцоўцы праводзім па 12 гадзін, — кажа Арцём. — Асабліва перад вялікімі канцэртамі. Гэта бясконцыя прагоны, карэкціроўкі, работа з гукам і са святлом. Удасканальваем усё да дробязей, бо публіка адчувае, калі артыст выкладваецца на поўную.
16.00. ГАРМОНІЯ СУПЯРЭЧНАСЦЕЙ
Тварыць у дуэце — значыць штодня шукаць баланс паміж рознымі тэмпераментамі, галасамі, поглядамі на музыку. Знешне ўсё здаецца простым: двое выходзяць на сцэну і гучаць, бы адзінае цэлае. Але за гэтай гармоніяй — карпатлівая ўнутраная праца, уменне саступаць, слухаць і разумець.
— Часам меркаванні адрозніваюцца, — гаворыць Арцём. — У кожнага сваё адчуванне песні, свой густ, свае акцэнты. Але ж заўсёды знаходзім агульнае рашэнне — або я прымаю погляд Леры, або яна мой. Галоўнае, каб вынік быў шчырым і жывым.
— Арцём — спакойны, засяроджаны, — дадае Лера. — Ён можа доўга думаць над кожнай нотаю, шукаць ідэальнае гучанне. А я, наадварот, імпульсіўная, мне патрэбны рух, эмоцыі, кантакт. Мы непадобныя, але менавіта гэта дае дуэту дыханне. Калі адзін пагружае ў цішыню, другі прыносіць святло і энергію. Розныя па характары, яны ўсё ж ідуць у адным тэмпе — тым самым “рытме на дваіх”, у якім нараджаецца іх музыка.
— Навучыліся слухаць адзін аднаго, — працягвае спявачка. — Нават калі спрачаемся, то канструктыўна. Бывае, спрэчка пачынаецца з дробязей — напрыклад, з выбару касцюмаў. Але ўсё вырашаецца ў дыялогу. Галоўнае — не згубіць узаемную павагу і пачуццё партнёрства.
19.00. ЗА КУЛІСАМІ — ЦІШЫНЯ

Выхад на сцэну для маладых артыстаў — асаблівы момант, калі ўсё лішняе застаецца за кулісамі. Кожнае выступленне — як маленькае адкрыццё: варта не толькі спяваць, але і перадаваць настрой, унутраную праўду.
— Я вернік, — кажа Арцём. — Калі асабліва хвалююся, малюся. Гэта дапамагае сабрацца, адчуць упэўненасць і з’явіцца на сцэне спакойным, засяроджаным.
— А ў мяне іншы спосаб, — адзначае Лера. — Мне патрэбныя 5—10 хвілін цішыні. Проста заплюшчыць вочы, удыхнуць, выдыхнуць — і адчуць момант. Тады хваляванне знікае, застаецца толькі радасць сустрэчы з гледачом.
У кожнага з нашых герояў свой шлях да сцэны, але мэта агульная — увайсці ў той стан, калі музыка — працяг дыхання. У гэтае імгненне дуэт ператвараецца ў адзінае цэлае — упэўненае і натхнёнае.
21.00. ПЕРАПЫНАК ЯК КРЫНІЦА
Нягледзячы на шчыльны графік, выканаўцы стараюцца захоўваць асабістую прастору — тое, што дапамагае ім не губляць сябе, аднаўляць энергію і знаходзіць крыніцы натхнення па-за эстрадай.
— Пішу музыку, — расказвае Арцём. — У жніўні выйшла наша песня “Між намі”, для якой я стварыў і тэкст, і мелодыю. Часам удаецца вылучыць хвіліну для спорту: люблю баскетбол, наведваю трэнажорную залу. А летам атрымалася выбрацца з палаткамі на возера — выдатны спосаб адключыцца ад мітусні, пабыць на свежым паветры і паглыбіцца ў шчырыя размовы. У Леры — свой рэцэпт перазагрузкі:
— Адпачываю ў цішыні — у свеце фантазіі. Вельмі люблю чытаць, пераважна папяровыя кнігі, для мяне мае значэнне нават пах старонак. Электронныя версіі — ужо не тое. Яшчэ абажаю маляваць: часам проста на занятках раблю накіды ў сшытку. Гэта супакойвае і дапамагае сабраць думкі.
Такія кароткія перапынкі вяртаюць Арцёму і Леры сілы — разам з новымі пачуццямі, ідэямі і песнямі.
23.00. ШЛЯХАМ УДЗЯЧНАСЦІ
Вечар — момант спыніцца, перагарнуць старонкі перажытага і зазірнуць наперад. Перамога ў намінацыі “Найлепшы дуэт” на конкурсе “Песня года Беларусі — 2024” стала важнай вяхой — першым сур’ёзным дасягненнем творчага тандэма.
— Для нас гэта вялікі гонар, — з удзячнасцю падкрэслівае Арцём. — Гэта першая сапраўды значная ўзнагарода. Яе нам падарылі беларусы — што асабліва каштоўна. — Шчыра рады, бо і журы, і гледачы адчулі тое, што мы ўкладваем у кожную песню, — распавядае Лера. — Наш дуэт існуе ўсяго два гады, але такі вынік сведчыць: мы на правільным шляху. Гэта натхняе і дае сілы рухацца далей. Пра будучыню артысты гавораць упэўнена, без гучных дэкларацый.
— Хочацца, каб нашу музыку пачула як мага больш людзей, каб яна сапраўды кранала, — дзеліцца марамі юнак. — Галоўнае — не спыняцца, — працягвае дзяўчына. — Расці, эксперыментаваць, адкрываць новыя фарбы, але заўсёды заставацца шчырымі са слухачом. Бо музыка павінна злучаць — не толькі нас, але і тых, хто побач.
Здаецца, менавіта ў гэтым і ёсць сакрэт дуэта: два розныя тэмпераменты, два погляды на свет з агульнай інтанацыяй — інтанацыяй жывога пачуцця, што гучыць у кожным акордзе.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва дуэта