Загадчыца Пятрэвіцкага сельскага Дома культуры Вольга Грахоўская ўдастоена высокай дзяржаўнай узнагароды — ордэна Маці. Гісторыя нашай гераіні — натхняльны аповед пра тое, як быць мамай, жонкай, творчай асобай і неад’емнай часткай сваёй вёскі, не раздзяляючы гэтыя ролі, а зліваючы іх у гарманічнае, поўнае сэнсу жыццё.

Вольга Грахоўская знайшла сваё пакліканне, ідучы за гуканнем сэрца. Родам яна з Віцебска, вырасла ў Мсціславе Магілёўскай вобласці. З дзяцінства марыла аб танцах і планавала паступаць у харэаграфічны каледж. Аднак лёс распарадзіўся інакш: скончыла Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, атрымала навыкі мадэльера, прадпрымальніка ў сферы абслугоўвання і прафесію цырульніка.
У каледжы пазнаёмілася з будучым мужам Дзмітрыем Герыновічам. Пасля нараджэння дваіх дзяцей сям’я пераехала на яго малую радзіму, у Пятрэвічы Навагрудскага раёна.
З заканчэннем кожнага адпачынку па доглядзе дзіцяці Вольга збіралася адкрыць уласную справу — аказваць аднавяскоўцам паслугі ў сферы прыгажосці. Але культура, па словах гераіні, “не адпускала”.
У адным з такіх “адпачынкаў” яе запрасілі ў наваствораны пры ДК калектыў “Пятрэвіцкі батальён”. Ідэя належала Аксане Іванаўне Засадзінскай, завучу мясцовай школы. Гурт спецыяльна арганізоўвалі для маладых мам у дэкрэце, каб яны маглі спяваць, танцаваць і напаўняць будні вёскі творчасцю.
— Я не мела спецыяльнай адукацыі, — успамінае Вольга. — Але на сцэне адчувала сябе ўпэўнена, бо з дзяцінства танцавала.
Паступова хобі перарасло ў справу жыцця. Вольга Грахоўская атрымала дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, з часам стала загадчыцай Пятрэвіцкага сельскага Дома культуры.
Нават цяпер, знаходзячыся ў адпачынку пасля нараджэння малодшай дачкі, Вольга не кідае калектыў: удзельнічае ў канцэртах і двойчы на тыдзень наведвае рэпетыцыі. А калі трэба рыхтавацца да нейкага адказнага мерапрыемства, ніхто ўвогуле не сочыць ні за часам, ні за колькасцю заняткаў.
“Пятрэвіцкі батальён” не проста творчы калектыў. Гэта з’ява, вядомая далёка за межамі Навагрудчыны. Налета гурту споўніцца 10 гадоў, і ўвесь час ён захоўвае ўнікальны фармат.
— У нас няма такога, што хтосьці руліць, хтосьці прыдумляе, — распавядае Вольга. — Нават няма мастацкага кіраўніка. Усё робім сумесна. Таму і атрымліваецца ўсё палымяна, з разыначкай. Рэпертуар нараджаецца з жыцця. Што бачым, пра тое спяваем — каларытна, самабытна, па-пятрэвіцку.
Калектыў выконвае гумарыстычныя песні-пераробкі на беларускай мове, зараджаючы гледачоў энергіяй і весялосцю. Выступаюць у народных касцюмах, але на сучасны манер. Нядаўна “Пятрэвіцкі батальён” запальваў на абласных “Дажынках” у Ваўкавыску — адзіны сярод 17 найлепшых калектываў рэгіёна без звання народнага або заслужанага. Але, як падкрэслівае Вольга, гэта не перашкодзіла быць на роўных з тытулаванымі калегамі.
НЕ ДЛЯ СПРАВАЗДАЧЫ
Праца ў ДК для Вольгі Грахоўскай — місія па захаванні і ажыўленні вясковых традыцый. Напрыклад, у Пятрэвічах адрадзілі і ператварылі ў брэндавае мерапрыемства старадаўні абрад “Пятроўскі вянок”, які штогод праводзяць 12 ліпеня, у дзень святых Пятра і Паўла. Удзельнікі калектыву напярэдадні плятуць болей за сотню вянкоў з бярозы павіслай, упрыгожваюць іх кветкамі. Надзяваюць нацыянальныя касцюмы, бяруць баяніста і абыходзяць вёску.
— Раней на Пятра і Паўла выганялі кароў у поле, пастухі накідвалі каровам вянкі на рогі, — тлумачыць Вольга сутнасць звычаю. — Людзі ўжо ведаюць, нас чакаюць. Мясцовыя запрашаюць сваякоў з іншых населеных пунктаў. Ладзяць застолле. Падчас свята мы спяваем абрадавую песню:
“У-ха-у-ха-ха, на дварэ сёння Пятра.
Мы вяночак вам кідаем
І з Пятром вас паздраўляем”.
Яе самі прыдумалі, стварыўшы новую традыцыю. У дамы закідваем вянкі-абярэгі. Людзі вераць, што яны будуць ахоўваць сем’і цэлы год. Калі Вольга сыходзіць у чарговы дэкрэт, усе адразу заўважаюць яе адсутнасць. Таму яна імкнецца не пакідаць калектыў надоўга.
“Хочацца, каб жыла вёска”, — проста і ёміста фармулюе шматдзетная маці галоўную мэту сваёй культурнай дзейнасці.
ХОБІ — ЖЫЦЦЁ Ў ВЁСЦЫ
За званнем “шматдзетная маці” ў Вольгі Грахоўскай стаіць глыбока свядомы шлях. У Вольгі і Дзмітрыя пяцёра дзяцей: Лізавета (16 гадоў), Анастасія (14), Сцяпан (10), Злата (5), Кіра (1 год і 8 месяцаў).
— Яны павінны добрымі людзьмі вырасці. Таму галоўная задача бацькоў — даць любоў і клопат. Самае галоўнае — калі ў сям’і ёсць любоў, — упэўнена Вольга.
Яна з удзячнасцю гаворыць аб падтрымцы мужа, які працуе машыністам лесанарыхтоўчай машыны ў Навагрудскім лясгасе. Дзмітрый не толькі надзейная апора ў побыце, але і актыўны памочнік у творчым жыцці жонкі: гатуе традыцыйную юшку і кашу для вялікіх народных гулянняў, дапамагае арганізаваць вогнішча на Купалле.
Дзеці ў дружнай пары растуць таленавітыя і самастойныя. Старэйшая Лізавета сёлета паступіла ў Лідскі дзяржаўны музычны каледж па класе цымбалаў. Анастасія — выдатніца і алімпіядніца, захапляецца біялогіяй. Сцяпан, акрамя вучобы ў музычнай школе па класе цымбалаў, займаецца лёгкай атлетыкай у Навагрудскай ДЮСШ. Усе бясплатна наведваюць музычную школу дзякуючы статусу шматдзетнай сям’і. А пасля дапамагаюць па гаспадарцы: разам нарыхтоўваюць грыбы, ягады, робяць закруткі.
“Калі запытваюць, якое ў мяне хобі, адказваю: жыццё ў вёсцы”, — гаворыць Вольга Грахоўская. Яна яскравы прыклад таго, што сапраўднае шчасце складаецца з любові да сям’і, адданасці сваёй справе і глыбокай сувязі з радзімай. І ордэн Маці не проста ўзнагарода за нараджэнне пяцярых дзяцей. Гэта прызнанне высокіх маральных якасцей жанчыны, якая ўзяла на сябе адказнасць за прывіццё культуры і павагі да нацыянальных традыцый Беларусі не толькі сваім дзецям, але і ўсім навакольным.
Віктар ГАЎРЫШ. Фота з архіва сям’і