Разам з 90-годдзем Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адзначае юбілей выкладчыцкай дзейнасці адзін з самых дасведчаных педагогаў — уладальніца медаля “За ўклад у музычнае мастацтва” Элеанора Ахрэмчык.

У 1951-м маленькай дзяўчынкай яна прыйшла ў Рэспубліканскую музычную школу-дзесяцігодку. А ў 1970-м вярнулася пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага і асістэнтуры-стажыроўкі ўжо ў якасці выкладчыка. З той пары Элеанора Іванаўна не пакідае сваёй справы.
— Раскажыце, калі ласка, пра ваша станаўленне ў прафесіі. Хто на яго паўплываў?
— Мне пашчасціла вучыцца ў геніяльнага піяніста Рыгора Шаршоўскага, які выхаваў некалькі пакаленняў выбітных музыкантаў. Да прыкладу, у яго пераймалі веды такія знакамітыя дзеячы мастацтваў, як Ігар Лучанок, Генрых Вагнер, Ірына Шуміліна. Я вельмі шчаслівая, што некалі патрапіла да Рыгора Ільіча: ён шмат чаму навучыў мяне не толькі ў музыцы, але і ў педагогіцы, шчодра дзяліўся жыццёвай мудрасцю. Дарэчы, і асістэнтуру я праходзіла пад кіраўніцтвам Рыгора Шаршоўскага, і рабіць першыя крокі ў якасці выкладчыка дапамагаў мне менавіта ён.
— І ў чым была навука? Магчыма, нейкія яго прыёмы вы ўзялі на ўзбраенне?
— Рыгор Ільіч у педагагічнай дзейнасці найперш кіраваўся ідэяй развіцця, самаразвіцця і самаўдасканалення выхаванца. Ён любіў паўтараць выказванне Артура Шнабеля: “Што можа зрабіць педагог? Педагог у найлепшым выпадку можа адчыніць дзверы. А прайсці ў іх вучань павінен сам”. Такі прынцып і ў мяне: апекаванец сам мусіць увайсці ў свет музыкі, які адкрывае настаўнік.
— Вы працуеце з дзецьмі, якія праз юны ўзрост ставяцца да заняткаў легкадумна. Як быць з гэтым?
— Гатова паспрачацца. Дзеці лягчэй чымсьці захапляюцца — і музыкай таксама. Яны з шырока расплюшчанымі вачыма даследуюць яе таямніцы. Больш за тое, юныя выканаўцы хутчэй знаходзяць у музыцы сваё месца, адчуваючы сябе яе часцінкай. Дзецям увайсці ў тыя дзверы, пра якія казаў Рыгор Ільіч, нашмат прасцей, чым больш даросламу навучэнцу: малых падштурхоўваць не трэба.
— А старэйшых?
— Усё залежыць ад самога вучня. Тут, у гімназіі-каледжы, выхаванцы ў пераважнай большасці зацікаўлены ў самаразвіцці. Кожны імкнецца стаць лідарам: салістам аркестра або выбітным музыкантам, вядомым на ўвесь свет кампазітарам. Таму хлопцы і дзяўчаты гатовы працаваць, працаваць і працаваць. Поспех толькі на пятую частку залежыць ад здольнасцей. Усё астатняе — стараннасць.
— Элеанора Іванаўна, напэўна, вам ёсць кім ганарыцца…
— Вядома. І перадусім хачу згадаць адну з першых маіх выпускніц Таццяну Яцына. Яна жыве ў Маскве, цяпер ужо на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму і сама займаецца музыкай, і вядзе праз яе таямніцы юных талентаў. Мае выпускнікі пазнейшага перыяду працуюць у Маскоўскай і Санкт-Пецярбургскай філармоніях, што надзвычай прэстыжна, выступаюць і выкладаюць у краінах блізкага і далёкага замежжа. Але ўсё ж асноўная частка жыве ў Беларусі: дома работа больш плённая, тут натхненне чэрпаеш у асяроддзі, родных і любімых краявідах, тут найвастрэй адчуваеш генетычны код нацыі.
— Сярод выпускнікоў ёсць тыя, хто, як і вы, прысвяціў жыццё высакароднай справе настаўніка?
— Зразумела. З музыкай і педагогікай звязала лёс Наталія Кароціна — цяперашні дырэктар нашай гімназіі-каледжа. Мой асаблівы гонар. Ці мог хто падумаць, што тая маленькая хударлявая дзяўчынка, якой яна прыйшла да мяне, будзе маім кіраўніком?
Рада поспехам іншых вучняў. Вольга Ляўковіч — цікаўная і творчая, цяпер настаўнічае ў сталічнай ДМШМ № 8. Паспяхова працуюць у сферы спецыяльнай педагогікі выпускніца 2024 года Ксенія Алімпіева, 2025-га — Маргарыта Дашчынская. Я памятаю кожнага вучня, нягледзячы на час, які мінуў пасля выпуску. Сачу за поспехамі і, зразумела, ганаруся.
— Элеанора Іванаўна, а якую ролю адыгрывае музыка ў выхаванні дзіцяці?
— Адкажу так: калі чалавек з маленства займаецца мастацтвам, то і ў іншых сферах будзе паспяховым. І няма розніцы, ён плануе стаць прафесіяналам альбо ходзіць на ўрокі для агульнага развіцця. Гармонія музыкі дапамагае прывесці ў парадак думкі, акрэсліць прыярытэты, расставіць кропкі над “і”, каб у складанай сітуацыі зрабіць правільны выбар.
— Ці значыць гэта, што музыка дапамагае вырашаць нейкія праблемы?
— Можна сказаць, так. Музыка дазваляе абстрагавацца, супакоіцца, паглядзець на сітуацыю звонку. Рашэнне прыйдзе само. Але важна, што чалавек слухае. Я раю класіку: спакойную або ўзрушаную, мінорную або мажорную — усё роўна, хай яна падтрымлівае ваш настрой. Аднак варта, каб тое была менавіта класіка.
— Вы шмат гадоў прысвяцілі гімназіі-каледжу…
— Для мяне гэта сапраўды другі дом. Увогуле, я часта ўспамінаю той ці іншы перыяд працы, настаўнікаў, калег і вучняў, асобныя эпізоды. І вось да якой высновы прыйшла: мне шанцуе ў жыцці. На добрыя сустрэчы, прыязных людзей, таленавітых вучняў.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота аўтара