Пяць гадоў — нібы адзін акт вялікай п’есы. У галоўных ролях — людзі розных прафесій, але з аднолькавым захапленнем. Народны тэатральны калектыў “СМОЛТ” са Смаргоні адзначыў юбілей прэм’ерай камедыі “Кушать подано” — і яшчэ раз даказаў: мастацтва пачынаецца там, дзе ёсць шчырасць і душа.

ЖАДАННЕ ТВАРЫЦЬ
Гісторыя тэатральнага калектыву “СМОЛТ” пачалася ў 2020-м — няпростай парою, калі пандэмія спыніла сустрэчы, сцэны і святочны гоман.
— Сядзелі па дамах, пазбаўленыя магчымасці для самарэалізацыі, — згадвае заснавальніца калектыву Лёля Сяменава. — Усе сумавалі па руху, па эмоцыях, па жывых кантактах. І раптам хтосьці падзяліўся думкай: “А што, калі стварыць свой тэатр?” Сказаў нібы жартам, а ідэя запаліла ўсіх. Ну а я, як чалавек адказны і, мабыць, крыху безразважны, узялася за кіраўніцтва.
З гэтай задумай энтузіясты звярнуліся ў Смаргонскі цэнтр культуры, дзе здабылі падтрымку і пляцоўку для працы. Так з’явіўся “СМОЛТ” — спачатку як невялікая ініцыятыва сяброў, што шукалі магчымасць выказацца, а вельмі хутка — як сапраўдны творчы калектыў.
— Адразу назва была абрэвіятурай (Сморгонский любительский театр). Але аднойчы хтосьці з артыстаў дзеля цікаўнасці паглядзеў у слоўнік і даведаўся: smolt — гэта маладая ласасёвая рыба, якая плыве супраць плыні на нераст. Тады ўсвядомілі: гэта і ёсць мы, — распавядае Лёля. — Мы таксама ідзём насустрач цяжкасцям і новым выклікам, захоўваючы вялікае жаданне тварыць і жыць мастацтвам. Так на нашым лагатыпе з’явілася рыба — сімвал настойлівасці, імкнення і руху наперад.
Сёння ў калектыве ўжо 21 чалавек — педагогі, медыкі, журналісты, эканамісты, работнікі культуры. Людзі розных прафесій, якіх аб’ядноўвае любоў да сцэны. І хоць усе аматары, іх энтузіязм, працавітасць і адкрытасць робяць спектаклі па-сапраўднаму шчырымі і жывымі.

ШЛЯХАМ НАТХНЕННЯ
Мінулы год для “СМОЛТа” стаў адметнай вяхой у творчай біяграфіі: тэатру прысвоілі ганаровае званне народнага.
— Успрымаем гэта як пацвярджэнне таго, што наша праца мае сэнс і сапраўды кранае сэрцы гледачоў, — прызнаецца кіраўніца. — Гэта натхняе рухацца далей з яшчэ большай адданасцю. Перад кожнай рэпетыцыяй абавязкова праводзім трэніроўкі: акцёрскія практыкаванні, работу над дыкцыяй, пластыкай, эмоцыяй. І вынікі відавочныя — удзельнікі значна выраслі, сталі больш сабранымі, сцэнічна свабоднымі. Адчуваю гонар за калектыў.
За пяць гадоў аб’яднанне неаднаразова станавілася пераможцам фестываляў і конкурсаў. Сярод нядаўніх дасягненняў — узнагарода за найлепшую рэжысёрскую працу на абласным фестывалі народных тэатральных калектываў “Лідскія тэатральныя сустрэчы”, прыз на Міжнародным творчым фестываліконкурсе BalkOn-2024 у Маладзечне ды іншыя.

ПРАСТОРА ДЛЯ ПОШУКУ
Рэпертуар уражвае разнастайнасцю: камедыі, драматычныя гісторыі, дзіцячыя казкі, сямейныя пастаноўкі, навагоднія шоу. Гэта тэатр, які не баіцца шукаць свежыя формы і тэмы. Пасля кожнай прэм’еры члены калектыву абавязкова разам выбіраюць наступны твор: чытаюць п’есы, абмяркоўваюць, спрачаюцца, прапануюць свае ідэі.
— Любім эксперыментаваць, — адзначае Лёля. — Адна з самых незвычайных нашых работ — спектакль “Жыла-была дзяўчынка”. У ім не прагучала ніводнага слова. Толькі рух, эмоцыі, музыка. Гэта гісторыя жыцця — ад першага ўдыху да апошняга. Стараемся, каб кожны спектакль быў цікавым для ўсёй сям’і. Каб у ім знайшлося месца і для гумару, і для музыкі, і для разважанняў.
У пастаноўках “СМОЛТа” часта ўдзельнічаюць і дзеці артыстаў асноўнага складу. Гэта стварае асаблівую атмасферу, калі сям’я разам і на сцэне, і за кулісамі, а агульная справа звязвае пакаленні.

АДЗІНЫ МЕХАНІЗМ
Падзелу на акцёраў і тэхнікаў у тэатральным калектыве “СМОЛТ” не існуе: кожны ўдзельнік — частка адзінага механізму.
— Мы і дэкаратары, і касцюмеры, і грымёры, і харэографы, — падкрэслівае суразмоўніца. — Падрыхтоўка патрабуе часу і сіл — ад работы з тэкстам і танцамі да стварэння фанаграмы і дэталёвай распрацоўкі прасторы. Але вынік цешыць: поўная зала і апладысменты стоячы.
Магчыма, сакрэт поспеху калектыву ў тым, што яго артысты сапраўды плывуць супраць плыні. Яны ствараюць жывое, шчырае мастацтва, у якім галоўнае не сродкі, а душа і запал.
— Тэатр для нас — магчымасць перазагрузкі. Нават калі цяжка, прыходзіш на рэпетыцыю — і турбота знікае. Проста жывём гэтым, — прызнаецца Лёля Сяменава.
Пяць гадоў — толькі пачатак. І пакуль на лагатыпе “СМОЛТа” плыве ўпартая рыбка, гэты тэатр будзе рухацца наперад — насустрач новым ідэям, ролям і гледачам.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву